неділю, 17 квітня 2011 р.

Cult of Fairies Культ духаў-гаспадароў


Канаплянікаў, Дз. Г. Культ духаў-гаспадароў / Дз. Г. Канаплянікаў // Беларускі фальклор: Энцыклапедыя: У 2 т. — Мінск, 2005 — Т. 1: — С. 739—740.
(Kanaplianikau Dz. Cult of Fairies // Belarusian Folklore: Encyclopedia: In 2 vol. — Minsk, 2005. — Vol. 1. — P. 739—740.)  (адсканаваны артыкул)

 739-------------------------------------------------------------------------------------------------------------------

Дз.Г.Канаплянікаў
КУЛЬТ ДУХАЎ-ГАСПАДАРОЎ, шанаванне духаў, якія ўяўляюцца ў антрапаморфным абліччы і лічацца гаспадарамі прыродных ці штучных аб'ектаў. Імёны духаў-гаспадароў указваюць звычайна на месца прабывання (хата, гаспадарчыя пабудовы, поле, лес, ва-даёмВадзянік, Гуменнік, Дабрахочы, Дамавік, Лясун, Палявік і інш.) ці на тое, ў якіх дачыненнях да гэтай рэчы знаходзіцца дух: уласніцкія дачыненнігаспадар, пан, цар; сямейныя дачыненнімаці, бацька, дзед. Уласныя імёны духаў-гаспадароў звычайныя беларускія, да іх часам дадаюцца імёны па-бацьку: пан Баравы Сцяпан, Лесавіца Маўра, Адам, Святы Антоні, Свя-тая Лісавета Хвёдараўна (Лясун і Лесуніха), Аграсім Аграсімавіч. Пабачыць духаў-гаспадароў у іх сапраўдным чалавекападобным абліччы могуць толькі некаторыя людзі. Духі-гаспадары могуць апранацца як сяляне ці насіць багатую вопратку, некаторыя могуць мець кашлатыя валасы. Уяўляецца, што звычайны чалавек не бачыць сапраўднага аблічча духаў-гаспадароў, прысутнасць іх праяўляецца павевам цёплага паветра, віхорам, бурай, духі-гаспадары могуць прымаць выгляд жывёлы, птушкі, пня і інш. Дух-гаспадар з'яўляецца апоўдзень ці апоўначы ў месцы, дзе звычайна, як лічыцца, ён павінен гаспадарыць ці жыць; чалавек чуе нязвыклыя гукі ў лесе (нешта ляскае, нібы пугай) ці ў хаце. Уяўляюць, што духі-гаспадары жывуць сем'ямі, у іх ёсць свае вёскі ці яны жывуць у тых дамах, што і людзі, у адным доме можа жыць адзін дух-гаспадар ці сям'я духаў-гаспадароў. Паходжанне духаў-гаспадароў звязваюць з паданнем пра паходжанне бачных і нябачных людзей ад адных бацькоў (ад звычайных людзей, ад Адама і Евы, Ноя), гэтыя бацькі паказалі Богу (хрысцілі) адных дзяцей, а астатніх не паказалі (не хрысцілі), і яны сталі нябачнымі; таксама мяркуюць, што духі-гаспадары паходзяць ад памерлых дзяцей, ці ад шлюбу паміж людзьмі бачнымі і нябачнымі, ці ад скрадзеных дзяцей. К.д.г. патрабуе ад чалавека выканання рытуальных і традыцыйных маральных норм і забарон: падтрымліваць двор у чысціні, не пераходзіць дарогу, дзе ездзяць духі-гаспадары, не спаць на дарозе і не рабіць на ёй паскудства, не мацюкацца, не зневажаць, паказваць дарогу падарожнаму, клапаціцца пра знойдзенае немаўля, вітацца, класці падарункі ў хаце, хляве, пры ўваходзе ў лес, ваду. У тым выпадку, калі нябачныя гаспадары шкодзяць, іх караюць, часта імкнучыся прагнаць. Духаў-гаспадароў ушаноўваюць падчас гаспадарчых прац і каляндарных, сямейных абрадаў: вераць, што Палявік

740---------------------------------------------------------------------------------------------------------

указвае голасам ці «слядамі», дзе што сеяць, яму кладуць хлеб, як пачынаюць сеяць, просяць, каб урадзіла зерне, пачынаюць жаць, калі пабачаць зажынак, зроблены ў жыце, як лічыцца, Палевіком, робяць з калосся дажыначную «бараду» Палевіку. Духаў-гаспадароў просяць зберагаць чалавека, яго дзяцей, ахоўваць, абыходжваць скаціну (асабліва на Юр'я пры выгане жывёлы ў поле), таму ў ягады ідуць толькі пасля таго, як дазволіў Лясун, пытаюцца, ці можна будаваць хату на пэўным месцы, запрашаюць Дамавіка ў новую хату, хрыстосуюцца з духамі-гаспадарамі на Вялікдзень, іх просяць даць долю немаўляці, маладыя на вяселлі задобрываюць Дамавіка, кідаючы пад печ фошы. Паводле нар. ўяўлення духі-гаспадары папярэджваюць пра няшчасце, гора. Праца вяскоўцаў часам немагчымая без сяброўства з духамі-гаспадарамі: млынару, рыбалову трэба сябраваць з Вадзеніком, бортніку — з Лесуном і Вадзеніком, паляўнічаму, пастуху — з Лесуном. Лічыцца, што спецыяліст, пэўна, «ведае» — валодае сакральнымі ведамі, таму да яго звяртаюцца па дапамогу і пасрэдніцтва, калі трэба прасіць ці ўлагодзіць нябачнага гаспадара. Духі-гаспадары могуць навучыць чарадзейству, знахарству. Сяброўства з духам-гаспадаром патрабуе выканання дадатковых абмежаванняў у звычайным жыцці спецыяліста. Адна з самых пашыраных рытуальных форм узаемадзеяння з духамі-гаспадарамі — “аднос”: на пэўнае перакрыжаванне дарог кладуць хлеб, ліюць ваду і кажуць сваю просьбу замовай. Духі-гаспадары могуць як наслаць хваробу, так і па просьбе знахара вылечыць ад такіх хвароб, як радзімец, дзяцінец, начніцы, крыксы, падвей, сурокі. Просьба да духа-гаспадара вызначаецца рытмічнай арганізацыяй, наяўнасцю рыфмаў і памяншальных вытворных.
Літ.: Р о м а н о в Е.Р. Белорусский сборник. Вып. 4. Сказки космогонические и культурные. Витебск, 1891; Я г о ж. Белорусский сборник. Вып. 5. Заговоры, апокрифы, духовные стихи. Витебск, 1891; Ш е й н П.В. Материалы для изучения быта и языка русского населения Северо Западного края. Т. 2. Сказки, анекдоты, легенды, предания, воспоминания, пословицы, загадки, приветствия, пожелания, божба, проклятия, ругань, заговоры, духовные стихи и проч. СПб., 1893; Жніўныя песні. Мн., 1974; Легенды і паданні. Мн., 1983; Замовы. Мн., 1992; Лопатин Г.И. О культуре умерших в образах доброхожих // Наследие Кирилла Туровского и современная общественно-культурная жизнь: Материалы науч. конф. Гомель, 1994; Казакова І.В. Этнічныя традыцыі і духоўная культура беларусаў. Мн., 1995; Богданович А.Е. Пережитки древнего миросозерцания у белорусов: Этногр. очерк. Мн., 1995; Сержпутоўскі А.К. Прымхі і забабоны беларусаў-палешу-коў. Мн., 1998; Ненадавец А.М. За смугою міфа. Мн., 1999; Н о в а к В.С. Мясцовая спецыфіка Юр'еўскіх абрадаў і песень // Весн. Мазырскага дзярж. пед. ун-та. 2002. № 7.                    

Немає коментарів: