неділю, 17 квітня 2011 р.

Kinship system in traditional world-view of Belarusians Сiстэма сваяцтва ў традыцыйным светапоглядзе беларусаў канца XX — пачатку XXI ст.



Канаплянікаў, Дз. Г. Сiстэма сваяцтва ў традыцыйным светапоглядзе беларусаў канца XX — пачатку XXI ст. / Дз. Г. Канаплянікаў // Гісторыя: праблемы выкладання. 2006. — № 5. — C. 58—63. (Адсканаваны з часопіса артыкул.)

 
СІСТЭМА СВАЯЦТВА Ў ТРАДЫЦЫЙНЫМ
СВЕТАПОГЛЯДЗЕ   БЕЛАРУСАЎ КАНЦА XX — ПАЧАТКУ XXІ СТАГОДДЗЯ
Дзмітрый Канаплянікаў








Беларускі этнас з'яўляецца асноўнай, кансалідуючай часткай беларускай нацыі, самабытным суб'ектам гістарычнага развіцця і самастойным аб'ектам гістарычнага даследавання [1, с. 10]. У выпадку, калі этнас разглядаецца як дынамічная сістэма, што існуе ў аб`ек-тыўнай рэчаіснасці, пад ім разумеецца ўстойлівая сукупнасць людзей, якая гістарычна склалася на пэўнай тэрыто-рыі. Гэтыя людзі валодаюць агульнымі, адносна ўстойлівымі асаблівасцямі куль-туры (як сукупнасць спецыфічных чала-вечых спосабаў мэтанакіраванай дзей-насці і яе вынікаў) і псіхікі, а таксама ўсведамленнем свайго адзінства і адроз-нення ад усіх іншых супольнасцей (самасвядомасцю), якая зафіксавана ў сама-назве (этноніме) [2, с. 18, 27, 369]. Не ўсе існуючыя аб`ектыўна складнікі этнасу ўсведамляюцца носьбітамі этнічнай


самасвядомасці як адрозныя ад іншых прыкметы, але адной з абавязковых рыс этнічнай самасвядомасці з'яўляецца ўяўленне аб агульнасці тэрыторыі, мовы, паходжання (часта інтэрпрэтуецца як сваяцтва), асаблівасцях культуры і псіхікі, гістарычнага лёсу [2, с. 24, 25]. Такім чынам, у этнічнай самасвядомасці адлюстроўваюцца ўсе асноўныя этнічныя складнікі.
Этнічна спецыфічныя рысы культуры маюць адносны характар і займаюць арэалы, межы якіх не супадаюць з эт-нічнымі. Адрозненнё этнасаў выяўляец-ца па ўсёй сукупнасці складнікаў I мае сістэмны характар. Гэтак жа і рысы, паводле якіх адзін этнас адрознівае сябе ад іншых этнасаў, маюць адносны ха-рактар: ад адных этнасаў — паводле ад-ной сукупнасці прыкмет, ад іншых — паводле іншых.












с. 58


Адной з выразных і гістарычна найстарэйшых этнічных рыс з'яўляецца спецыфіка сваяцкіх узаемадачыненняў. Ва ўсіх народаў свету, у тым ліку і ў беларусаў, яны грунтуюцца на традыцыйных уяўленнях аб сваяцтве — сваяцкай сістэме, ці сістэме сваяцтва. Як рыса этнічнай самасвядомасці яна выразна праяўляецца ва ўяўленнях пра сябе як прадстаўніка беларускага этнасу. Хаця эндагамныя ўяўленні беларусаў выразна не праяўляюцца ў дачыненні да этнічна блізкароднасных этнасаў, яны выразныя ў дачыненні да этнасаў іншых моўных сем'яў.
Л. Морган, мяркуючы, што існуе сувязь паміж формай грамадства і сваяцкай тэрміналогіяй, лічыў, што ў выніку сваяцкіх ўзаемадачыненняў вынаходзяцца тэрміны і іх сталае выкарыстанне спараджае сістэму сваяцтва, а форма сваяцкай сістэмы залежыць ад формы шлюбу [3, с. 221]. Ён класіфікаваў звесткі пра сістэмы сваяцтва і шлюб і прапанаваў мадэль іх эвалюцыйнага развіцця: ад «кроўнасваяцкай» формы сям'і («групавы шлюб паміж сёстрамі і братамі») і адпаведнай ёй «малайскай» сістэмы сваяцтва да манагамнай сям'і і «арыйскай» сістэмы сваяцтва [3, с. 216-217, 225, 226]. Пры гэтым Морган зыходзіў з таго, што сваяцкая тэрміналогія ўтвараецца гістарычна і па ёй можна меркаваць пра мінулыя станы сваяцкай сістэмы.
Класіфікацыя сістэм сваяцтва Л. Моргана была перапрацавана Р. Лоўі, Г. Мёрдакам, М. Крукавым [4, с. 107—121; 5, с. 27-36; 6, с. 180-183; 7, с. 80-84]. Гэтыя класіфікацыі з'яўляюцца фармальнымі, назвы тыпам даваліся паводле назвы народа, у якога яны былі апісаныя ўпершыню, але рэальныя сваяцкія сістэмы нельга аднесці цалкам да пэўнага тыпу. Вылучаюць наступныя асноўныя тыпы тэрміналагічных сістэм сваяцтва:
1.      «Гавайская» (Мёрдак, Крукаў), ці генерацыйная (Лоўі), ці «малайская» (Морган). Для ўсіх кроўных сваякоў аднаго полу існуе аднолькавае абазначэнне.
2.       «Іракезская» (Мёрдак, Крукаў), ці біфуркацыйна-злучаная (Лоўі), ці «туранская» (Морган). Ёсць агульны тэрмін для бацькі і бацькавага брата і яшчэ адзін
для маці і матчынай сястры. Адрозніваюцца назвы паралельных кузенаў і крос-кузенаў. (Пад кроскузенамі, ці перакрыжаванымі стрыечнымі братамі і сёстрамі, разумеюць дзяцей бацькавай сястры і матчынага брата, пад паралельнымі кузенамі, ці паралельнымі стрыечнымі братамі і сёстрамі, дзяцей бацькавага брата і матчынай сястры.) Часта аддаецца перавага шлюбу з кроскузенамі.
3.     «Кро» (Мёрдак). Аднолькава называюцца кроўныя сваякі бацькі аднагополу, гэта значыць, няма адрознення
паміж пакаленнямі з бацькавага боку(адзін тэрмін для бацькі, бацькавага брата і сына сястры бацькі і другі — для бацькавай сястры і яе дачкі). Адрозненні паміж пакаленнямі ёсць з матчынага боку. Не адрозніваюцца родныя і паралельныя стрыечныя браты, гэтак
жа і сёстры. Пераемнасць па лініі маці.
4.     «Амаха» (Мёрдак). Аднолькава называюцца кроўныя сваякі маці аднаго
полу, гэта значыць, няма адрознення
паміж пакаленнямі з матчынага боку
(адзін тэрмін для маці, матчынай сястры і дачкі брата маці і другі — для
брата  маці  і  яго  сына). Адрозненні паміж пакаленнямі ёсць з бацькавага боку. Не адрозніваюцца родныя і паралельныя стрыечныя браты і сёстры. Пераемнасць па лініі бацькі.
5.     «Суданскі» (Мёрдак), ці «арабскі» (Крукаў), ці біфуркацыйна-пабочны(Лоўі), ці «туранскі» (Морган). Існуюць асобныя тэрміны для брата і сястры бацькі, брата і сястры маці, для паралельных і перакрыжаваных стрыечных
братоў і сясцёр. Пераемнасць па лініі
бацькі.
6.    «Англійскі»  (Мёрдак),  ці  «эскімоскі» (Крукаў), ці лінейны (Лоўі), ці «арыйскі»  (Морган). Існуе тэрмін для братоў і сясцёр бацькі і маці, тэрмін для паралельных і перакрыжаваных кузенаў без адрознення паводле полу. Пераемнасць па лініі бацькі і маці аднолькавая.
Пры маўленні ў дачыненні да называнай асобы могуць выкарыстоўвацца розныя сваяцкія тэрміны. Яны могуць не ўжывацца, а называецца імя ў залежнасці ад таго, ці звяртаецца эга (асоба, ад якой прасочваюцца сваяцкія дачыненні) напрамую да гэтай асобы (вакатыўны тэрмін, тэрмін звароту); ці (с. 59)


абазначае сваяка ў размове са сваяком, ці апавядае несваяку пра асобу, якая з'яўляецца сваяком эга. Таксама нейкая трэцяя асоба можа апісваць, у якіх сваяцкіх узаемадачыненнях знаходзяцца называная асоба і эга (рзферантыўныя тэрміны, тэрміны абазначэння). У многіх этнасах існуе адрозненне ў залежнасці ад сацыяльнага статуса эга і называнай асобы, напрыклад, ідзе размова пра старэйшую ці малодшую асобу ў дачыненні да эга. Сваяцкія тэрміны таксама могуць выкарыстоўвацца эга ў дачыненні да асоб, якія. не ўяўляюцца эга «ваякамі. Уяўленні пра ўласную сістэму сваяцтва могуць грунтавацца не толькі на элементарных дачыненнях сваяцтва (генеалогіі), але і на падставе камбінацыі іншых чыннікаў, такіх, як пакаленні, паловы, уладанне зямлёю [8, с. 46].
Л. Морган не праводзіў адрозненне ў тэрмінах у залежнасці ад сітуацыі маўлення, ён падзяліў тыпы сістэм сва-яцтва на класіфікацыйныя і апісальныя. У адпаведнасці з яго падзелам у класі-фікацыйных сістэмах сваяцтва кроўныя сваякі не апісваюцца, а падзяляюцца на катэгорыі, незалежна ад блізкасці ці да-лёкасці іх сваяцтва да эга. Адзін і той жа тэрмін сваяцтва адносіцца да ўсіх асоб, якія належаць да адной катэгорыі: напрыклад і родныя браты, і сыны братоў майго бацькі — мае браты. Да гэтага тыпу Л. Морган аднёс вылучаныя ім «малайскую» і «туранскую» сістэмы сваяцтва. У іх кроўныя сваякі апісваюцца або асноўнымі тэрмінамі сваяцтва, або іх камбінацыяй. Такім чынам, сваяцкія дачыненні кожнай асобы выказаны спецыфічным чынам, напрыклад сын брата, брат бацькі. Да гэтага тыпу Л. Морган аднёс «арыйскую» сістэму сваяцтва, лічачы, што яна ўзнікла разам з манагаміяй і што некаторыя элементы класіфікацыі былі ўведзены ў яе ў выглядзе агульных тэрмінаў [3, с. 222]. У залежнасці ад сітуацыі маўлення тэрмін «сваяцтва» можа мець класіфікацыйны ці апісальны характар.
Даследаванні ў другой палове XX ст. не пацвердзілі магчымасці эвалюцыі паміж усімі вылучанымі тыпамі сваяцкіх сістэм. Гістарычна пацверджаныя факты даюць звесткі толькі пра эвалюцыю ад адной сістэмы сваяцтва да дру-


гой; шэрага з трох сістэм сваяцтва не было зафіксавана. Даследаванне М. Крукавым змен сістэм сваяцтва ў Кітаі выявіла пацверджаныя фактамі змены ад арабскай да англійскай сістэмы, а наяўнасць перад гэтым аўстралійскай сістэмы выводзілася аўтарам тэарэтычна [5, с. 270].
Першым тэзу пра эвалюцыю сістэм сваяцтва сфармуляваў Дж. Бахофен (Bachofen, J. J. Das Mutterrecht. Stuttgart, 1861), які меркаваў пра паслядоўную змену сваяцкіх сістэм ад адсутнасці шлюбу да матрылінейнай пераемнасці («гінекакратыя», ці «эпоха матчынага права», «матэрнітэт») і потым да патрылінейнай пераемнасці («патэрнітэт», «бацькава права»). Функцыянальнымі прыкметамі ён лічыў дачыненні да ўлады і ўласнасці, мяркуючы, што пры матрылінейнай пераемнасці яны належалі жанчынам. Аўтары, якія прытрымліваліся гэтай жа думкі, часам называлі матрылінейную пераемнасць «матрыярхатам» [9]. Наступныя палявыя даследаванні не пацвердзілі гэтую гіпотэзу, рэальнае матрылінейнае сваяцтва не мае нічога агульнага з гіпотэзай пра матрыярхат: большасць такіх сістэм з'яўляюцца патрыярхальнымі ў тым сэнсе, што жанчыны знаходзяцца пад уладай брата на ўзроўні групы паходжання, а на ўзроўні сям'і, у залежнасці ад этнасу, — пад большай уладай брата ці мужа [4, с. 164].
Найбольш вядомымі тэорыямі, датычнымі сваяцтва, з'яўляюцца тэорыя шлюбу ці абмену К. Леві-Строса [10, с. 7-170] і тэорыя паходжання А. Р. Рэд-кліфа-Браўна [11, с. 23-137], паслядоўнікі якіх звярталі ўвагу адпаведна на структуру сістэмы сваяцтва і на яе функцыянаванне, на такія чыннікі, з аднаго боку, як каштоўнасці, падарункі, абмены паміж групамі, і з іншага — на ўладу, ідэнтычнасць, спадкаванне. Агляд сусветнай літаратуры па пытаннях сістэмы сваяцтва пададзены С. Шынкевічам [4] і Н. Вукавым [12; 13].
На жаль, не толькі ў беларусаў, але і ў іншых суседніх да іх народаў з гістарычнага і этнаграфічнага боку сваяцкая сістэма слаба даследавана. Толькі ў апошнія гады з'явіліся мовазнаўчыя артыкулы Паўла Міхайлава, (с. 60)


Клары Панюціч, датычныя найменні сваяцтва і іх семантыкі ў беларускіх гаворках на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь: агульных назваў сваяцтва; асобных сваяцкіх тэрмінаў: бацька, маці, сын,дачка, муж, жонка, брат, сястра, дзед,баба, унукі, дзядзька, цётка, пляменнік,пляменніца, кумы і хрэснікі, айчым і мачаха, пасынак і падчарыца, гадаванцы, блізняты, пазашлюбныя дзеці, аднагодкі і равеснікі. Найменні сваяцтваў беларускіх гаворках на тэрыторыі Польшчы прыведзены ў «Атласе гаворак Беласточчыны» [14, с. 205-227]. У гэтых працах устаноўлены распаўсюджанасць некаторых сваяцкіх тэрмінаў і часткова іх семантычныя палі. Але недахоп палявога матэрыялу (спецыяльных даследаванняў усёй сістэмы сваяцтва не праводзілася, падчас дыялектных даследаванняў выяўляліся толькі асобныя тэрміны) не дазволіў аўтарам цалкам вызначыць распаўсюджанасць тэрмінаў сваяцтва і іх семантычныя палі. На падставе звестак, прыведзеных ў артыкулах, цяжка меркаваць пра ўсю сістэму ўяўленняў пра сваяцтва ў пэўнай мясцовасці. Таму аўтар ставіць на мэце найперш выявіць асноўныя рысы сваяцкай сістэмы беларусаў і іх узаемадачыненні.
Сваяцкія ўзаемадачыненні ў беларусаў рэгулююцца пераважна нормамі звычаёвага права на падставе традыцыйнага светапогляду. Сваяцкая сістэма беларусаў блізкая да англійскага тыпу з трох-чатырохпакаленнымі родамі (лічачы ад заснавальніка). Назвы братоў і сясцёр паводле ўзроставага крытэрыю не вылучаюцца, пры гэтым унутрысямейныя і сацыяльныя, а раней і юрыдычныя дачыненні залежаць ад таго, ці з'яўляецца дзіця старэйшым, малодшым або сярэднім: звычайна малодшы брат заставаўся даглядаць бацькоў і яму пераходзіла пасля выдзелаў гаспадарка бацькі. Уяўляюць звычайна, што знахарскія, чараўніцкія здольнасці могуць перадавацца толькі старэйшаму ці малодшаму сыну ці дачцэ, бо ў іх «мацнейшая кроў».
3 сучасных кланавых уяўленняў месцамі зафіксаваны патранімічныя, тапанімічныя паданні пра агульнага продка, які заснаваў вёску ці яе асобную част-


ку, дзе жывуць людзі з аднолькавым прозвішчам, але супольнай гаспадарчай, рытуальнай дзейнасці менавіта як члены клана яны ў даследаваны гістарычны перыяд не вядуць.
У беларусаў эга лічыцца належным як да бацькавага, так і да матчынага роду. У стабільных вясковых грамадах мяркуюць, што да роду адносяцца ўсе родныя па крыві, але часцей за ўсё рэальна ведаюць і падтрымліваюць узаемадачыненні не далей за нашчадкаў прадзеда.
Трэба ўлічваць, што праводзіцца адрозненне паміж сваякамі па прамой лініі і стрыечнымі сваякамі, дзядамі і ўнукамі розных пакаленняў («дваюрадны брат», *траюрадны брат», брат, цётка, дзядзька, бабуля, унук, «пляменнік другой стрэчы», «трэцяй стрэчы», «прадзед», «праўнук»)» але сваяцкія тэрміны, з якімі да іх звяртаюцца, гэтага не адлюстроўваюць: называюць «брат», «бабуля», «цётка», «дзядзька», «унук», « пляменнік », « дзед ».
У беларускай сваяцкай сістэме распаўсюджана неадрозненне сваяцтва адзінакроўнага па жонцы ці мужу эга. Яно абазначаецца тэрмінамі, найбольш распаўсюджаныя з якіх: «радня», «радзіна», «родства», «свае», «сваякі», «сваяўство» [15, 16]. Гэтаксама і ў літаратурнай мове «Сваяўство — 1) Адносіны паміж тымі, хто пажаніўся. // Адносіны паміж сваякамі тых, хто пажаніўся; 2) Родныя, сваякі, радня. Сваяцтва — 1) Адносіны паміж людзьмі, якія маюць агульных продкаў; 2) Роднасць не па крыві, а па шлюбе (адносіны паміж роднымі тых, хто пажаніўся); 3) Родныя, сваякі, радня» [17, с. 83-84]. «Радня — 1) Родныя, сваякі» [18, с. 556]. *Родны — 1) Які знаходзіцца ў кроўнай роднасці па прамой лініі. У значэнні назоўніка родныя — сваякі» [18, с. 712].
Даследаваная аўтарам сваяцкая сістэма (Дзятлаўскі, Рагачоўскі, Бабруйскі раёны, гарады Мінск, Гомель) адрозніваецца паводле таго, каго лічаць «раднёю» і «сваімі». Тэрмін «свае» найлепш выяўляе ўзаемадачыненні і ахоплівае кола тых, з кім «знаюцца», радняцца — падтрымліваюць сваяцкія сувязі: гаспадарчыя (напрыклад, бясплатна дапамагаюць) і рытуальныя (ходзяць на вяселлі, хрэсьбіны, кірмашы, у госці, на хаўту- (с. 61)


ры). Усе апытаныя маюць пэўнае кола сваякоў, якіх яны называюць «сваімі». Уяўленні аб сваяцкіх узаемадачыненнях адрозніваюцца ў залежнасці ад рэгіёна, вёскі, прыналежнасці да пэўных родаў, узросту і сямейнага становішча інфарматараў. Аўтар правёў якасныя даследаванні для выяўлення магчымых варыянтаў будовы сістэм сваяцтва. «Сваімі» называюць ці толькі блізкіх кроўных сваякоў, ці ўсіх кроўных, ці кроўных і някроўных, ці сваякоў і сяброў, суседзяў, людзей, якія дапамагаюць. Старыя людзі з вёскі «сваімі» называюць толькі кроўных і някроўных сваякоў і ведаюць толькі тых, якія з'яўляюцца нашчадкамі прадзедаў, называючы «чужымі» ўсіх астатніх (суседзяў, аднавяскоўцаў і іншых). У маладзейшых людзей назіраецца як змяншэнне, так і пашырэнне ўласнай сваяцкай сістэмы далей за нашчадкаў прадзедаў. У найбольш разгалінаванай сістэме сваяцтва, зафіксаванай у інфарматараў з даследаваных вёсак Дзятлаўскага раёна, называюць «сваімі» і падтрымліваюць сваяцкія ўзаемадачыненні з нашчадкамі прадзеда эга і яго жонкі, роднымі братамі, сёстрамі, бацькамі жонкі / мужа родных братоў / сясцёр эга (прамая радня швагра/швагеркі), хроснымі бацькамі і кумамі, а таксама мужамі і жонкамі ўсіх пералічаных асоб. Гэтыя ўзаемадачыненні не залежаць ад полу эга. Так, інфарматары кажуць, што яны называюць цётку,


дзядзьку, пляменнікаў мужа цёткай, дзядзькам, пляменнікам. Эга звяртаецца да бацькоў мужа ці жонкі (свякрові, свёкра, цесця, цешчы), як і да сваіх родных, «мама», «тата». У гэтай сістэме «свае», «сваякі» і «радня» — сінанімічныя тэрміны. Найбольш выразна такая з'ява, як называнне сваякоў і мужа, і жонкі адным тэрмінам, праяўляецца ў слове «швагер», які і ў літаратурнай мове значыць. «брат жонкі або муж сястры ці швагеркі», «швагерка — жончына сястра» [19, с. 363].
У беларусаў звычайна дапускаюцца шлюбы паміж някроўнымі сваякамі. Паміж людзьмі, якія маюць агульнага прадзеда, шлюбы забараняюцца. Гэтым сваяцкая сістэма адрозніваюцца ад афіцыйнага дзяржаўнага права, паводле якога магчымы шлюб паміж стрыечнымі па прадзеду братам/сястрой, і праваслаўнага і каталіцкага шлюбнага права, у якім магчымы, але непажаданы шлюб са стрыечным братам/сястрой па прадзеду і ў якім забароны для шлюбаў аднолькавыя як для кроўных сваякоў, так і для сваякоў па жонках і мужах да чацвёртай ступені сваяцтва (напрыклад, са стрыечным братам памерлага мужа) [20, с. 561-565].
Уяўленні аб сваяцкіх узаемадачыненнях у беларусаў грунтуюцца на традыцыйным светапоглядзе, маюць сістэмны характар і ўяўляюць сваяцкую сістэму, у якой своеасабліва спалучаюцца ўяўленні пра сваяцтва кроўнае і па шлюбе.


1.    Гісторыя Беларусі: у 6 т. — Т.  1. Старажытная Беларусь: ад першапачатковага засялення да сярэдзіны XIII ст. / рэдкал: М. Касцюк і інш. — Мн. : Экаперспектыва, 2000. — 351 с.
2.    Бромлей, Ю. В. Современные проблемы этнографии (очерки теории и истории). — М. :Наука, 1981. — 391 с.
3.    Морган, Л. Г. Древнее общество или исследование линий человеческого прогресса от дикости через варварство к цивилизации. — Л. : Изд-во Ин-та народов Севера ЦНК
СССР, 1935. — 352 с.
4.    Szynkiewicz, S. Pokrewieństwo: Studium etnologiczne / S. Szynkiewicz. — Warszawa: Wydawnictwa Uniwersytetu Warszawskiego, 1992. — 354 s.
5.    Крюков, М. В. Система родства китайцев. — М. : Наука, 1979. — 328 с.
6.    Говард, М. Сучасная культурная антрапалогія. — Мн. : Тэхналогія, 1995. — 478 с.
7.    Рулан, Н. Юридическая антропологня. — М. : Норма, 2000. — 310 с.
8.    Крюков, М. В. К методике сбора полевого материала по системам родства // Советская этнография. — 1982. — X» 4.
9.    Косвен, Н. О. Матриархат: история проблемы. — Л.-М. : Нзд-во АН СССР, 1948. —
330 с.                                                                                  

10.    Леви-Строс, К. Структурная антропология. — М. : Эксмо-пресс, 2001. — 512 с.
11.       Рэдклифф-Браун, А. Р. Структура и функция в примитивном обществе: очерки и лекции. — М. : Восточная литература, РАН, 2001. — 304 с.
(с. 62)



12.      Byков, Н. Родството в антропологический дискурс. Основни теории и подходи при изучаването на родствените отношения // Българска етнология. — 2002. — № 2.
13.      Вуков, Н. Родствена номенклатура, родствени типове и родствена система // Българска етнология. — 2002. — № 3.
14.      Atlas gwar wschodniosłowiańskich Białostocczyzny. Т.  VI,  VII.  Leksyka /  Irena Maryniakowa i інш. — Warszawa : Instytut Sławistyki PAN, 2002. — 295 с.
15.       Міхайлаў, П. «Да свайго роду паплывеш i праз воду»: агульныя назвы роднасці і
сваяцтва ў беларускай дыялектнай мове // Роднае слова. — 2005. — № 1.
16.       Панюціч, К. «Не чужынка — свая радзінка...»: агульныя назвы роднасці і сваяцтва ў беларускіх гаворках // Роднае слова. — 1998. — № 1.
17.       Тлумачальны слоўнік беларускай мовы. Т. 5. Кн. 1. — Мн.: БелСЭ, 1982.663 с.
18.       Тлумачальны слоўнік беларускай мовы. — Т. 4. — Мн.: БелСЭ, 1980.  768 с.
19.       Тлумачальны слоўнік беларускай мовы. — Т. 5. Кн. 2. Мн.: БелСЭ, 1982. — 608 с.
20.       Цыпин, В. Курс православного права. — Клин: Христианская жизнь, 2002. — 704 с.

1.    Пералічыце членаў сваёй сям'і. Напішыце, кім яны вам даводзяцца i як вы да ix можаце звяртацца, як вы да іх звяртаецеся. Чаму вы лічыце ix членамі вашай сям'і?
2.    Пералічыце сваіх сваякоў (радню). Напішыце, кім яны вам даводзяцца, як вы да ix можаце звяртацца, як вы да іх звяртаецеся. Каго лічыце «сям'ёй», «сваімі», «сваякамі», «раднёй», «роднымі», «радзінай», «радством», «прыродай», «сротственікамі», «сваяством», «крэўнымі», «краўнякамі», ці выкарыстоўваецца іншая агульная назва сваяцтва? Чаму вы ix лічыце сваякамі?
3.    Пералічыце, якія ёсць сваякі ў вашага бацькі. Напішыце, кім яны даводзяцца вашаму бацьку i як ён да ix можа звяртацца i як звяртаецца, каго ён лічыць «сям'ёй», «сваімі», «сваякамі», «раднёй», «роднымі»і г. д., ці выкарыстоўвае іншыя агульныя назвы сваяцтва. Чаму вы лічыце, што яны з'яўляюцца сваякамі вашаму бацьку?
4.    Пералічыце, якія ёсць сваякі ў вашай маці. Напішыце, кім яны даводзяцца вашай маці i як яна да ix можа звяртацца, як звяртаецца, каго яна лічыць «сям'ёй», «сваімі», «сваякамі», «раднёй», «роднымі», ці выкарыстоўвае іншыя агульныя назвы сваяцтва. Чаму вы лічыце, што яны з'яўляюцца сваякамі вашай маці?
5.    Намалюйце месцы, дзе жывуць вашы сваякі, сваякі вашых бацькоў, укажыце, як далёка.
6.    Апішыце, якія дачыненні існуюць паміж сваякамі.
(с. 63)

Гэты тэкст патрабуе ўдакладнення:

У найбольш разгалінаваных выпадках лічаць сваякамі (і падтрымліваюць сваяцкія ўзаемадачыненні) ўсіх нашчадкаў прадзедаў і прабабак эга, прапрадзедаў і прапрабабак эга, ўсіх нашчадкаў эга, хросных бацькоў і кумоў эга (сваяцтва праз хрост), кроўных сваякоў мужыка ці жонкі эга, а таксама мужыкоў і жонак ўсіх пералічаных асоб, усыноўленых дзяцей эга.
 У адрэдагаванай версіі гэты тэкст глядзі ў артыкуле для часопісу "Роднае слова". Там надрукаванае па сутнасці тое ж самае, акрамя таго, што з тэксту выпалі ўсыноўленыя дзеці, якія сваякамі ў беларусаў звычайна лічацца, бо ў канкрэтным даследаванні Дзятлаўскага раёна я на іх увагу не канцэнтраваў, але з іншых даследаванняў вынікае. што сваякамі беларусы іх лічаць.


.
.






Немає коментарів: