неділю, 17 квітня 2011 р.

Place-name prose Тапанімічная проза


Канаплянікаў, Дз. Г. Тапанімічная проза / Дз. Г. Канаплянікаў // Беларускі фальклор: Энцыклапедыя: У 2 т. — Мінск, 2006 — Т. 2: — С. 600—601.
(Kanaplianikau Dz. Place-name prose // Belarusian Folklore: Encyclopedia: In 2 vol. — Minsk, 2006. — Vol. 2. — P. 600—601.)
(адсканаваны артыкул)



600-------------------------------------------------------(тэкст гэтай старонкі знізу)

ТАПАНІМІЧНАЯ ПРОЗА, народныя творы, якія расказваюць пра пахо-

------------------------(тэкст гэтай старонкі знізу)-------------------------------601

джанне геаграфічных назваў (водныя аб'екты, паселішчы, элементы рэльефу зямной паверхні, гарадскія ці прыродныя тэрыторыі і ўчасткі, вуліцы, плошчы, рынкі, будынкі, наземныя, водныя і паветраныя шляхі зносін).
Найбольш пашыранымі жанрамі Т.п. з'яўляюцца няказкавыя празаічныя творы. Іх асноўнае прызначэнне — тлумачэнне паходжання геаграфічных аб'ектаў праз рэальную дзейнасць людзей ці прыродных чыннікаў (тапанімічныя паданні) ці праз дзейнасць звышнатуральных сіл (тапанімічныя легенды). Утварэнне тапоніма ў гэтых творах часта звязваецца з пераўтварэннем ці змяненнем самога геаграфічнага аб'екта. Пра паходжанне аднаго і таго ж месца расказваюць паданні ці легенды з аналагічным сюжэтам, якія адрозніваюцца рэальным ці міфалагічным героем і інш. Існуюць творы, якія маюць жартоўную форму, напрыклад, пра паходжанне тапонімаў ад розных людскіх дзівацтваў. Асаблівасцю Т.п. з'яўляецца шырокае выкарыстанне тапаграфічных формул, якія называюць дакладнае месца дзеяння (горад, вёска, возера, камень). Звычайна апісваюцца падзеі мінулага часу (прадаўняга ці гістарычнага), апавяданне вядзецца ад 3-й асобы і заканчваецца тапанімістычнай развязкай, напрыклад, «3 таго часу тое месца называюць гэтак».
Тлумачэнні геаграфічных назваў, пададзеныя ў нар. творах, часта грунтуюцца на нар. этымалогіі — тлумачэнні незразумелых імён на падставе новых, не адпаведных этымалагічным, сэнсавых асацыяцый, якія паяўляюцца ў выніку гукавога падабенства паміж словамі.
Т.п. класіфікуюць паводле тлумачэння паходжання тапоніма: ад фізіка-геаграфічных асаблівасцей мясцовасці, імён, здарэнняў, звычаяў і пд. (В.Сакалова); геаграфічных аб'ектаў: гарады, вёскі, урочышчы, рэкі, азёры, камяні (М.Грынблат, А.Цітавец); асноўных матываў: міфалагічныя (волаты, метамарфозы, багі, чэрці), гістарычныя (князі, паны, разбойнікі, сяляне, героі), прыродна-геаграфічныя (рэльеф, раслінны і жывёльны свет), побытавыя (сямейныя, грамадскія, вытворчыя адносіны) (В.Сокіл).
Тапанімічныя творы ствараюцца на падставе традыцыйнага светапогляду. Рэалістычныя паданні пра гістарычныя, побытавыя падзеі, сведкамі якіх апавядальнікі не былі, паказваюць хутчэй уяўленні пра іх. У аснове тапанімічных твораў ляжаць традыцыйныя ўяўленні пра звышнатуральныя асаблівасці многіх аб'ектаў (ведзьміны дубы, камяні-краўцы), пра існаванне звышнатуральных істот (напрыклад, вельмі пашыраныя месцы, звязаныя з чарцямі, волатамі, змеямі), пра акамяненне чалавека, жывёлы ў выніку парушэння табу, пра гаючую, святую ваду, пра тое, што ўсе месцы маюць гаспадароў (адпаведна вельмі пашыраныя тлумачэнні тапонімаў праз імя, прозвішча, прафесію гаспадара), пра каханне.
На Беларусі існуюць сакральныя месцы прыроднага ці штучнага паходжання, якія маюць аналагічныя назвы, паходжанне якіх тлумачыцца тапанімічнымі творамі з аналагічнымі сюжэтамі (напрыклад, некалькі Дзявочых гор, Хоцімскіх азёр, акамянелых «валоў» і «аратаяў», Царковішчаў — месцаў, дзе праваліліся ў зямлю цэрквы).
Літ.. Соколова В. К. Типы восточнославянских топонимических преданий // Славянский фольклор. М., 1972; Народныя казкі-байкі, апавяданні і мудраслоўі / Укладанне Н. С. Гілевіча – Мінск, 1983; Легенды і паданні. Мн., 1983; Ляўкоў Э.А. Маўклівыя сведкі мінуўшчыны. Мн., 1992; Сокіл В. Народні легенды та перекази українців Карпат. – Київ, 1995 ; Зайкоўскі Э.М., Дучыц Л.У. Жыватворныя крыніцы Беларусі. Мн, 2001; Легенды і паданні Віцебшчыны. Віцебск, 2002. Культавыя камяні Беларусі // 3 глыбі вякоў. Наш край. 2 выд. Мн., 2002. [Вып. 2]; Беларускі фальклор: Жанры, віды, паэтыка. Кн. 4. Народная проза. Мн., 2002.
  Дз. Г. Канаплянікаў

Немає коментарів: