неділю, 17 квітня 2011 р.

Kinship systems in traditional world-view of Belarusians Сістэмы сваяцтва ў традыцыйным светапоглядзе беларусаў


КанаплянікаўДзГ. Сістэмы сваяцтва ў традыцыйным светапоглядзе беларусаў // Роднае слова. — 2007. —  с. 89—91 Kanaplianikau Dz. Kinship systems in traditional world-view of Belarusians (адсканаваны артыкул)
--------------------------------------------------------------------------------------------------------89
СІСТЭМЫ СВАЯЦТВА Ў ТРАДЫЦЫЙНЫМ СВЕТАПОГЛЯДЗЕ БЕЛАРУСАЎ
Дзмітрый КАНАПЛЯНІКАЎ

У беларусаў, як ва ўсіх народаў свету, сваяцкія ўзаемадачыненні грунтуюцца на традыцыйных уяўленнях і рэгулююцца пераважна нормамі звычаёвага права на падставе традыцыйнага светапогляду. Сваяцкія сістэмы беларусаў блізкія да эскімоскага тыпу з трох-чатырохпакаленнымі родамі (калі лічыць ад заснавальніка). Назвы братоў і сясцёр паводле ўзроставага крытэру не вылучаюцца, пры гэтым унутрысямейныя і сацыяльныя, а раней і юрыдычныя, дачыненні залежаць ад таго, ці з'яўляецца дзіця старэйшым, малодшым або сярэднім: звычайна малодшы брат заставаўся даглядаць бацькоў і яму пераходзіла пасля выдзелаў гаспадарка бацькі; уяўляюць часта, што знахарскія, чараўніцкія здольнасці могуць перадаваццатолькі старэйшаму ці малодшаму сыну ці дачцэ, у іх "мацнейшая кроў" (Дзятлаўскі раён). Фратрыі*, паловы ў беларусаў не зафіксава-ныя. У некаторых раёнах адзначаныя патранімічныя тапанімічныя паданні пра агульнага продка, які заснаваў вёску ці яе асобную частку, дзе жывуць людзі з аднолькавым прозвішчам, але супольнай гаспадар-чай, рытуальнай дзейнасці менавіта як чальцы клана яны не вядуць.

Традыцыйныя ўяўленні пра сваяцтва найбольш выразна прадстаўлены ў мове. На сёння беларускімі даследчыкамі выяўлены ўсе агульныя канцэпты сваяцтва ў беларусаў, але з-за недахопу палявога матэрыялу аўтары не маглі даследаваць іх значэнне. Так, не выяўлена, якіх людзей беларусы лічаць сваякамі. Выкарыстанне сваяцкіх паняццяў залежыць ад сітуацыі маўлення. У працэсе маўлення ў дачыненні да называнай асобы могуць выкарыстоўвацца розныя сваяцкія тэрміны ці яны могуць зусім не выкарыстоўвацца, а называецца імя, у залежнасці ад таго, ці звяртаецца эга (асоба, ад якой прасочваюцца сваяцкія дачыненні) напрасткі да гэтай асобы (вакатыўны тэрмін, тэрмін звароту), ці абазначае сваяка ў размове са сваяком, ці апавядае не сваяку пра асобу, якая з'яўляецца сваяком, таксама і нейкая трэцяя асоба можа апісваць, у якіх сваяцкіх узаемадачыненнях знаходзяцца называная асоба і эга (рэферантыўныя тэрміны, тэрміны абазначэння). У многіх народаў існуе адрозненне ў залежнасці ад сацыяльнага статусу эга і называнай асобы, напрыклад старэйшасці ці малодшасці асобы ў дачыненні да эга. Таксама сваяцкія тэрміны могуць выкарыстоўвацца ў дачыненні да асобаў, якія не ўяўляюцца сваякамі. Уяўленні пра ўласную сістэму сваяцтва могуць грунтавацца не толькі на элементарных дачыненнях сваяцтва (генеалогіі), але і на падставе камбінацыі іншых чыннікаў: пакаленняў, паловаў, уладання зямлёю. Комплексны падыход, які заключаецца ў супастаўленні тэрмінаў сваяцтва, меркаванняў пра сваяцтва і кантэксту маўлення, узаемадачыненняў, якія

---------------------------------
Фратрыя - у этнаграфіі падраздзяленне племені, якое з'яўляецца сукупнасцю некалькіх родаў, што па-ходзяць ад аднаго першапачатковапі роду. - Заўвага рэд

--------------------------------------------------------------------------------------------90

грунтуюцца на сваяцкіх уяўленнях, дазволіць пазбегнуць хібаў старога эвалюцыйнага падыходу, калі выяўлялі і параўноўвалі толькі формы слоў, а не паняцці і значэнні, не ўлічвалі кантэксту маўлення.
Асоба ў беларусаў лічыцца належнай як да бацькавага, так і да матчынага роду. У стабільных вясковых грамадах лічаць, што да роду адносяцца ўсе родныя па крыві, але часцей за ўсё рэальна ведаюць і падтрымліваюць узаемадачыненні не далей за нашчадкаў прадзеда. Трэба ўлічваць, што праводзіцца адрозненне паміж сваякамі па прамой лініі і стрыечнымі сваякамі, дзядамі і ўнукамі розных пакаленняў (дваюрадны брат, траюрадны брат, брат, цётка, дзядзька, бабуля, унук, пляменнік другой стрэ-чы, трэцяй стрэчы, прадзед, праўнук), але сваяцкія тэрміны, з якімі да іх звяртаюцца, гэтага не адлюстроўваюць: брат, бабуля, цётка, дзядзька, унук, пляменнік, дзед. Сваяцтва адзінакроўнае і па жонцы ці мужу не вылучаецца. Так, у літаратурнай мове сваяўство — "1. Адносіны паміж людзьмі, якія маюць агульных продкаў // Адносіны паміж сваякамі тых, хто пажаніўся. 2. зб. Родныя, сваякі; радня": сваяцтва — "1. Адносіны паміж людзьмі, якія маюць агульных продкаў. 2. Роднасць не па крыві, а па шлюбе (адносіны паміж роднымі тых, хто пажаніўся). 3. зб. Родныя, сваякі, радня" [1, т. 5, кн. 1, 83 — 84]; радня — "1. Родныя, сваякі" [1, т. 4, 556]; родны — "1. Які знаходзіцца ў кроўнай роднасці па прамой лініі. 2. у знач. наз. родныя... сваякі" [1, т. 4, 712].
Прыналежнасць для кроўных сваякоў вызначаецца звычайна тэрмінам родныя, радня. Паняцце радня па крыві ахоплівае як усіх кроўных сваякоў, так і толькі частку кроўных сваякоў: "(Каго вы раднёй лічыце?) Маць, ацец, дзеці, ўнукі. Радня па крові, радня па сем 'е, племяннікі. (А жонкі радня таксама раднёй будзе лічыцца?) Тожэ радня, но не па крыві" (Гомель), "родственікі адной крові людзі" (Чачэрскі р-н), "(А свая кроў, гэта хто будзе?) Дачка мая — мая кроў А там ужэ другая. У дачкі дачка будзе, ужэ лічыцца другая, ужэ не мая кроў Ужэ яе кроў будзе. Аўнукі мае ўжэ не. (А браты вашыя?) Не, не лічыцца кроў мая. Брат мой родны — гэта лічыцца першая стрэч, па закону, па святыні" (Дзятлаўскі р-н). У песні "Ой, пушчу стралу дай па ўсём сялу", якая спяваецца пры ваджэнні карагода "Страла", жонка не плача, бо яна не "свая кроў", а "маці плача — то рэкі цякуць, а сястра плача — то озёры, бо ім эта свая кроў" (Петрыкаўскі р-н). Існуе таксама ўяўленне, што знахар не можа вылечыць хворага, калі ў яго "родна кроў": "Яна мне не загаворыць, таму шта родна кроў - не памагае. Нявестка радная, але не па крыві" (Дзятлаўскі р-н).
Даследаваныя аўтарам сваяцкія сістэмы (Дзятлаўскі, Рагачоўскі, Бабруйскі р-ны, Мінск, Гомель) адрозніваюцца паводле таго, каго лічаць раднёю і сваімі. Тэрмін свае найлепш выяўляе ўзаемадачыненні і ахоплівае кола тых, з кім знаюцца, радняцца — падтрымліваюць сваяцкія сувязі: гаспадарчыя (напрыклад, бясплатна дапамагаюць) і рытуальныя (ходзяць на вяселлі, хрэсьбіны, кірмашы, у госці). Усе апытаныя маюць пэўнае кола сваякоў, якіх яны называюць сваімі. Уяўленні пра сваяцкія ўзаемадачыненні залежаць ад рэгіёну, вёскі, прыналежнасці  да пэўных родаў, узросту і сямейнага становішча інфарматараў. Мною былі праведзены якасныя да-следаванні дзеля выяўлення магчымых варыянтаў будовы сістэм сваяцтва. Сваімі называюць ці толькі блізкіх кроўных сваякоў, ці ўсіх кроўных, ці кроў-ных і някроўных, ці сваякоў і сяброў, суседзяў, людзей, якія дапамагаюць. Старыя людзі з вёскі свамі называюць толькі кроўных і някроўных сваякоў і ведаюць толькі тых, якія з'яўляюцца нашчадкамі прадзедаў, называючы чужымі ўсіх астатніх (суседзяў, аднавяскоўцаў і іншых). У маладзейшых людзей назіраецца як змяншэнне, так і пашырэнне ўласнай сваяцкай сістэмы далей за нашчадкаў прадзедаў. У найбольш разгалінаванай сістэме сваяцтва, зафіксаванай у інфарматараў з даследаваных вёсак Дзятлаўскага раёна, адлюстраваліся сваяцкія ўзаемадачыненні з нашчадкамі прадзеда асобы і яго жонкі, роднымі братамі, сёстрамі, бацькамі жонкі / мужа родных братоў / сясцёр (прамая радня швагра / швагеркі), хроснымі бацькамі і кумамі (сваяцтва праз хрост), а таксама сужэнцамі ўсіх пералічаных асо-баў, іх называюць сваімі, узаемадачыненні не зале-жаць ад полу. Так, інфарматары кажуць, што яны называюць цётку, дзядзьку, пляменнікаў мужа / жонкі цёткай, дзядзькам, пляменнікам: "(Мужава радня вам раднёю лічыцца?) Ну як жа. Радня. І  брат жаніўся, жонка тожэ радня" (Гомель), "(Хто сваімі лічыцца?) Сёстры, браты, дваюрадныя. (Далей за траюрадных не лічацца?) Тыя ўжо далёка. (Раднёй завуць ці як?) Радня. Ці радня, ці сваякі ўсё адно. (А радня мужа вам радня?) Яму радня, так і мне радня? Яго дваюрадныя сёстры, браты — радня", (Вашага мужа радня вам... раднёй будзе?) Канешне, радн. Мужыка няма, усе адно мне радня мужыкова. I па сей дзень. (А сваімі каго называеце?) Як свае — тожэ радня. Свае — жаніховы маці, бацька, свае родныя шчытаюцца. Маі бацька, маці — жаніху майму родныя шчытаюцца Радзіцелі, во. Патом сястра яго е ці брат е. Во, такі. (А яшчэ каго сваімі называюць?) Браты яго ці сёстры яго. Ну дак радня і ўсё. Дваюрадныя, траюрадныя. (Гэта свае?) Сваі ж" (Бабруйскі р-н).
Асоба звяртаецца да бацькоў мужа ці жонкі (свякрові, свёкра, цесця, цешчы), як да сваіх родных: мама, тата. У гэтай сістэме свае, сваякі і радня — сінанімічныя тэрміны. Найбольш выразна такая з'ява, як называнне сваякоў і мужа, і жонкі адным тэрмінам, праяўляецца ў тэрміне швагер, які і ў літаратурнай мове значыць брат жонкі або муж сястры ці швагеркі, швагерка — "жончына сястра" [1,т. 5, кн. 2, 362].
У беларускіх сваяцкіх сістэмах звычайна дапускаюцца шлюбы паміж някроўнымі сваякамі. У выпадку з кроўнымі сваякамі забараняюцца шлюбы паміж людзьмі, якія маюць агульнага прадзеда. Гэтым сваяцкія сістэмы адрозніваюцца ад афіцыйнага дзяржаўнага права, паводле якога магчымы шлюб паміж стрыечнымі па прадзеду братам / сястрой, і праваслаўнага і каталіцкага шлюбнага права, у якім магчымы, але непажаданы шлюб са стрыечным братам / сястрой па прадзеду і ў якім забароны для шлюбаў аднолькавыя як для кроўных

-----------------------------------------------------------------------------------------------------------91

сваякоў, так і для сваякоў па сужэнцах да чацвёртай ступені сваяцтва (напрыклад, са стрыечным братам мужа) [2, 561 — 565].
Уяўленне пра сваяцтва часам пераносіцца і на жывёлаў, расліны. Так можа лічыцца, што нельга забіваць свайго кабанчыка, а трэба прасіць чужых людзей, нельга ссякаць сваё дрэва: Хазяін не должэн яго сам ссякаць, бо сам ссячэ хутка памрэ. Должэн чужога папрасіць. Штоб не сам хазяін і хазяйка не могуць ссекці, остальные ўсе могуць ссекці" (Петрыкаўскі р-н).
Сямейныя і сваяцкія дачыненні адыгрываюць значную ролю ў захаванні традыцыйнага светапогляду. Адной з асноўных крыніц атрымання традыцыйных уяўленняў з'яўляецца іх вусная перадача і навучанне ад бацькоў ці сваякоў. Асабліва гэта заўважаецца пры выяўленні спецыялізаваных традыцыйных уяўленняў. Перадача спецыялізаваных ведаў усведамляецца носьбітамі беларускай традыцыі, якія і выкарыстоўваюць для азначэння працэсу адпавед-ныя словы перадаць, навучыць. Найперш імкнуцца навучыць сваякоў, пачынаючы ад самых блізкіх, дзяцей. Перадача практычных ведаў адбываецца як усвядомлена, калі адказваюць на дзіцячыя пытанні прасвет, вучаць лічыць, працаваць, так і неўсвядомлена, падчас навучання дзіцяці мове ці ў гульні.
На ўяўленнях пра сваяцтва грунтуюцца сямейныя абрады беларусаў. 3 даўніх сямейных абрадаў у сучасных беларусаў найбольш развітыя абрады, звязаныя з нараджэннем і хрышчэннем дзіцяці, — адведкі, хрэсьбіны, з заключэннем шлюбнай дамовы — сватанне, заручыны, з святкаваннем шлюбу — вяселле, свадзьба. У даследаваны перыяд, паводле апытанняў, у параўнанні з тым, што было ў сярэдзіне і часта ў першай палове XX ст. у гэтай самай вёсцы, усе абрадавыя дзеянні выконваюцца ў малазмененым выглядзе, але амаль знікла выкананне на іх абрадавых песняў. Сватанне з'яўляецца традыцыйнай формай заключэння найбольш істотнай у жыцці ча-лавека дамовы — шлюбнай, і на яго прыкладзе добра відаць асаблівасці беларускага звычаёвага права. Уласна выбар шлюбных партнёраў у беларусаў цяпер, а збольшага па апытаннях і на пачатку XX ст., залежыць ад жаданняў хлопца і дзяўчыны, якія вы-біраюць сабе пару. Але дамова пра выдаткі на вяселле, забеспячэнне далейшага жыцця маладых заключаецца паміж гаспадаркамі ў асобе іх прадстаўнікоў: бацькоў і сваякоў або сватоў. Цяпер пашыраны познія шлюбы, і таму маладыя часта маюць уласныя гаспадаркі, дамы і самастойна заключаюць гэтыя дамовы, але часцей усё ж бацькі ўдзельнічаюць у заключэнні дамоў на правядзенне вяселля. 3 вясельных уяўленняў найбольш пашыранымі з'яўляюцца ўяўленні пра неабходнасць зрабіць падарункі жаніху і нявесце, а таксама невялікія падарункі нявесты свякрусе. У адрозненне ад іншых дзеянняў на вяселлі, да якіх сур'ёзна не ставяцца, гэтыя ўяўленні цяпер устойлівыя і выразныя. На ўяўленнях пра сваяцтва грунтуецца і міжсваяцкая дапамога: "Браты і бацька, усім родам памагаюць. Маладому хату здзелаць. Я і без бацькі сваім етым зяцям памагала. Грашамі памагала. (А яе радня дапамагала хату пастроіць?) Памагае. Мы ж сваёй дачцэ грошы знялі з кніжкі і яны купіліхату. Усе памагаюць" (Чачэрскі р-н).
Такім чынам, моўная рэпрэзентацыя традыцый-ных уяўленняў пра сваяцтва выказваецца праз канцэпты свае, радня, род, кроў, сваякі ў залежнасці ад кантэксту. Гэтыя ўяўленні ўплываюць на грамадскія ўзаемадачыненні, у тым ліку на правядзенне сямейна-сваяцкіх рытуалаў, гаспадарчую і прыродакарыстальніцкую дзейнасць. Уяўленні пра сваяцтва, маючы сістэмны характар і складаючы падсістэму традыцыйнага светапогляду, звязаны з падсістэмамі ўяўленняў пра гаспадарку, чалавека, навакольнае асяроддзе.
Настаўнік можа прапанаваць вучням пытанні і заданні. Адказы дапамогуць школьнікам угле-дзецца ў сябе і сваю сям'ю, усвядоміць, знайсці сваё месца ў ланцужку — родзе, асэнсаваць, што такое роднасць і сям'я.
1. Пералічыце членаў сваёй сям'і. Напішыце, кім яны вам даводзяцца, як вы да іх можаце звяртацца і як звяртаецеся. Чаму вы лічыце іх членамі вашай сям'і?
2. Пералічыце сваіх сваякоў (радню). Напішыце, кім яны вам даводзяцца, як вы да іх можаце звяртацца і як звяртаецеся, каго лічы це "сям'ёй", "сваімі", "сваякамі", "раднёй", "роднымі", "радзінай", "радством", "прыродай", "сротственікамі", "сваяством", "крэўнымі",  "краўнякамі", ці выкарыстоўваецца іншая агульная назва сваяцтва. Чаму вы іх лічыце сваякамі? Каго вы лічыце сваякамі па крыві?
3. Пералічыце, якія ёсць сваякі ў вашага бацькі. Напішыце, кім яны даводзяцца дпя вашага бацькі, як ён да іх можа звяртацца і як звяртаецца, каго ён лічыць "сям'ёй", "сваімі", "сваякамі", "раднёй", "роднымі" і г.д., ці выкарыстоўвае іншыя агульныя назвы сваяцтва.  Чаму вы лічыце, што яны з'яўляюцца сваякамі вашаму бацьку?
4. Пералічыце, якія ёсць сваякі вашай маці. Напішыце, кім яны даводзяцца для вашай маці, як яна да іх можа звяртацца і як звяртаецца, каго яна лічыць "сям'ёй", "сваімі", "сваякамі", "раднёй", "роднымі", ці выкарыстоўвае іншыя агульныя назвы сваяцтва. Чаму вы лічыце, што яны з'яўляюцца сваякамі дпя вашай маці?
Намалюйце месцы, дзе жывуць вашы сваякі, сваякі вашых бацькоў, укажыце, як далёка.
Апішыце, якія дачыненні існуюць паміж сваякамі.

Літаратура


1. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: У 5 т. — Мінск: БелСЭ, 1977—1984.
2. Цыгшн В. Курс православного права. — Клнн, 2002.

Немає коментарів: