неділю, 17 квітня 2011 р.

Traditional world-view bases of nature protection: sacred sites of natural and natural-artificial origin Традыцыйнасветаглядныя падставы аховы прыроды: святыя месцы прыроднага i прыродна-штучнага паходжання

Канаплянікаў Дз. Г. Традыцыйнасветаглядныя падставы аховы прыроды: святыя месцы прыроднага i прыродна-штучнага паходжання / Дз. Г. Канаплянікаў // Прыродныя рэсурсы. 2004. — № 4. — С. 132—138.)
Kanaplianikau Dz. Traditional world-view bases of nature protection: sacred sites of natural and natural-artificial origin // Natural recourses. 2004. — № 4. — P. 132—138.

УДК 502.34+502.4+39

Дз. Г. Канаплянікаў
ТРАДЫЦЫЙНАСВЕТАГЛЯДНЫЯ ПАДСТАВЫ АХОВЫ ПРЫРОДЫ:
СВЯТЫЯ МЕСЦЫ ПРЫРОДНАГА І ПРЫРОДНА-ШТУЧНАГА ПАХОДЖАННЯ

У многіх народаў свету, у тым ліку і ў беларусаў, святыя месцы прыроднага ці прыродна-штучнага паходжання адыгрываюць істотную ролю ў ахове прыроднага асяроддзя. Прыродакарыстанне на тэрыторыі такіх святых месцаў рэгулюецца, апроч афіцыйнага заканадаўства, нормамі звычаёвага права на падставе традыцыйнага светагляду. Традыцыйнае шанаванне прыродных аб’ектаў падтрымлівае высокую біялагічную разнастайнасць і ахоўвае ад дэградацыі прыроднае асяроддзе.

Ахова навакольнага асяроддзя з’яўляецца неабходнай ўмовай доўгатэрміновага развіцця. Разгледзім спачатку, якія аб’екты прызнаюцца падлеглымі ахове ў міжнароднай практыцы, а пазней звернемся да Беларусі.
У 1972 г. ЮНЕСКА прыняла Канвенцыю аб ахове сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны. У артыкуле 2 гэтай канвенцыі пад прыроднай спадчынай разумеюцца: прыродныя помнікі, якія складаюцца з фізічных і біялагічных утварэнняў ці груп такіх утварэнняў, якія маюць надзвычайную універсальную каштоўнасць з эстэтычнага ці навуковага пунктаў гледжання; геалагічныя ці фізіка-геаграфічныя ўтварэнні і дакладна акрэсленыя зоны, якія ўяўляюць з сябе арэалы пагражаных відаў жывёл і раслінаў, якія маюць надзвычайную універсальную каштоўнасць з навуковага ці ахоўнага пунктаў гледжання; прыродныя мясціны ці дакладна акрэсленыя прыродныя тэрыторыі, якія маюць надзвычайную універсальную каштоўнасць з навуковага ці ахоўнага пункту гледжання [20].
Святыя (сакральныя) мясціны ў адпаведнасці з часткай 3 пункта 39 Кіраўніцтва па выкананні Канвенцыі аб ахове сусветнай спадчыны з’яўляюцца асацыяваным культурным ландшафтам (the associative cultural landscape), уключэнне такіх ландшафтаў у Спіс сусветнай спадчыны абумоўліваецца наяўнасцю вельмі моцных рэлігійных, мастацкіх ці культурных уяўленняў пра прыродную частку ландшафту, а не аб’ектаў матэрыяльнай культуры: яны могуць быць прадстаўлены нязначна, або адсутнічаць увогуле [23].
Камісіяй Міжнароднага саюзу аховы прыроды ў главе IV Парадаў для горных ахоўных тэрыторый ад 1992 г. падкрэсліваецца, што многія горныя тэрыторыі маюць метафізічнае значэнне як святыя тэрыторыі, аб'екты страху, цырымоній і містыкі. Гэта забяспечвае ім пэўны ўзровень аховы. Тэрыторыі, якія маюць асаблівае культурнае і духоўнае значэнне, з’яўляюцца больш складанымі, чым іншыя ахоўныя тэрыторыі, бо іх каштоўнасць заключаецца не толькі ў прыродных і біялагічных, але і ў метафізічных аспектах [17].
На канферэнцыі бакоў Канвенцыі пра біялагічную разнастайнасць у Куала-Лумпуры ў 2004 г. выкарыстоўвалася наступнае азначэнне: "святое месца можа азначаць участак, аб'ект, структуру, вобласць ці прыродную выдатную мясціну ці раён, якія маюць для нацыянальнага ўраду ці карэнных грамад асаблівую каштоўнасць у адпаведнасці са звычаямі карэннай ці мясцовай грамады з-за таго, што яно мае важнае рэлігійнае і/ці духоўнае значэнне [7].
Таксама пад святымі (“свяшчэннымі”, “сакральнымі”, “чароўнымі”, “шчаслівымі”) месцамі разумеюць: 1) пэўную тэрыторыю, дзе нашая рэакцыя на яе становіцца свяшчэннай; 2) месца, дзе выпраменьваецца звышнатуральная сіла, з
(Скончылася С. 132)

якой звязаны перажыванні чалавека; 3) месца, вылучанае для рэлігійных мэтаў; 4) месца, якое шануюць; 5) месца, якое дае божаю ласку; 6) месца, над якім нельга глуміцца і разбураць; 7) месца, якое ўспамінаецца ў вуснай традыцыі; 8) месца, дзе назіралася звышнатуральная з’ява; 9) месца, адкуль можна ўзяць гаючыя расліны, мінералы, ваду; 10) месца, дзе чалавек звязваецца са звышнатуральным светам праз малітвы і падарункі [16].
Украінскі даследнік У. Е. Барэйка вылучае, зыходзячы з прыродакарыстальніцкага і светаглядных крытэраў, наступныя тыпы святых месцаў: курганы; свяшчэнныя і мемарыяльныя крыніцы, рэчкі, азёры, балоты; мемарыяльныя, свяшчэнныя, векавыя дрэвы і свяшчэнныя гаі; гістарычныя скалы, яры, урочышчы, пагоркі, валы, гарадзішчы, замкавішчы, пячоры, шляхі, месцы легендарных вайсковых лагераў, рэшткі разбураных гарадоў; сакральныя, духоўныя ландшафты (зоны, якія ствараюць духоўныя зносіны чалавека з прыродаю, такія, як Фэн-Шуй, месцы гулянняў) [3].
Як бачна, пад святымі месцамі разумеюцца не толькі тыя, якія ў мясцовых дыялектах называюцца "святыя", але ўсе тыя месцы, уяўленні пра якія займаюць значнае, акрэсленае месца ў традыцыйным светаглядзе, гэта каштоўныя ў традыцыйных культурных дачыненнях комплексы і аб’екты з тэрыторыяй, якую яны займаюць, якія маюць прыроднае ці прыродна-штучнае паходжанне.
Аўтар лічыць патрэбным падрабязна асвятліць прыняты ў замежных краінах комплексны падыход да аховы святых месцаў, таму што такі падыход бачыцца прагрэсіўным і мэтазгодным. Канвенцыя аб біялагічнай разнастайнасці, прынятая ў 1992 г. на Саміце Зямлі ў Рыо-дэ-Жанейра, сцвердзіла неабходнасць абароны і падтрымкі традыцыйнага (звычаёвага) выкарыстання біялагічных рэсурсаў згодна з традыцыйнымі культурнымі практыкамі, якія сумяшчальныя з патрабаваннямі захавання і ўстойлівага выкарыстання (артыкул 10, частка с) [21]. Гэтае пытанне падымалася на многіх міжнародных мерапрыемствах, арганізаваных ЮНЕСКА, такіх, як канферэнцыя “Святыя (сакральныя) месцы, культурная і біялагічная разнастайнасць” (1998 г.), Міжнародны сімпозіум па важнасці святых (сакральных) месцаў для аховы біяразнастайнасці (2003 г.). Iснуюць два сусветныя інструменты для аховы важных прыродных месцаў: праграма “Чалавек і біясфера” (MAB) з Сусветнай сеткай біясферных рэзерватаў і Канвенцыя аб ахове культурнай спадчыны. У 1995 г. ЮНЕСКА і Iспанскі камітэт праграмы “Чалавек і біясфера” правялі канферэнцыю ў Севільі, выпрацаваўшы Статут сусветнай сеткі біясферных рэзерватаў ­ Севільскую стратэгію для біясферных рэзерватаў. У Севільскай стратэгіі рэкамендавана выкарыстоўваць біясферныя рэзерваты як “мадэль кіравання тэрыторыямі і падыходаў да ўстойлівага развіцця.” Дзеля гэтага на нацыянальным узроўні з мэтай  забеспячэння падтрымкі і ўдзелу мясцовага насельніцтва рэкамендавана (Задача II.1): “ствараць, умацоўваць і пашыраць біясферныя рэзерваты дзеля таго, каб уключыць у іх тэрыторыі, на якіх захоўваецца традыцыйны лад жыцця і жыхарства выкарыстоўвае біяразнастайнасць, у тым ліку з дапамогаю святых (сакральных) месцаў” [22]. Канцэпцыя UNESCO MAB пра біясферныя рэзерваты ясна прызнае значэнне святых месцаў і, што важна, ставіць іх у кантэкст устойлівага развіцця [24].
Пры падтрымцы UNESCO — MAB, Сусветнай камісіі па ахоўных арэалах Сусветнага саюза аховы прыроды нацыянальнымі ўрадавымі і няўрадавымі арганізацыямі праводзілася выяўленне і навуковае апісанне святых месцаў, а таксама захады для іх юрыдычнай і практычнай аховы (залесьванне наваколля ахоўнай тэрыторыі, навучанне жыхарства прыродаахоўным тэхналогіям і да т. п.). У апошнія гады вядуцца навуковыя даследаванні такіх найбольш знакамітых святых месцаў на розных кантынентах, як: рэкі з сакральнай рыбай зубаткай (Кот-д’Iвуар), святыя гаі (поўнач Ганы), прыбярэжныя лясы Каялы (Кенія), пахавальныя землі продкаў Цьінёарыва (Мадагаскар), Чангбайстанскі і
(скончылася с. 133)

Эксішуанпбанскі біясферныя рэзерваты (Кітай), сакральны ландшафт Агатыяркутан у зямлі Сікім і святыя гаі (Iндыя), гара Адамса (Шры-Ланка), поўнач пустыні Атакама (Чылі), Сьера-Невадскі і Санта-Марцкі біясферныя рэзерваты (Калумбія), святы шлях пілігрымаў Гуічол (Мексіка), Гаўшаранскі біясферны рэзерват ­ сусветная культурная спадчына (Перу) [24].
У выніку выканання гэтых праектаў выявілася, што: святыя месцы з’яўляюцца істотным элементам, які злучае прыроду і чалавека, часта з’яўляюцца падставаю культурнай самасвядомасці, могуць быць эфектыўным сродкам захавання наваколля, калі яны ўладкаваныя ў мясцовую сістэму традыцыйнага светагляду, традыцыйных вераванняў, святыя прыродныя мясціны маюць вялікую каштоўнасць для аховы прыроды як: арэалы з высокай біялагічнай разнастайнасцю, як запаведнікі для рэдкіх ці знікальных відаў, як месцы, дзе ахоўваецца прэсная вада, як узорныя месцы з высокай біяразнастайнасцю ў арэалах, якія падвергліся дэградацыі (важна для аднаўлення і рэабілітацыі дэградаваных экасістэм). Таксама выявілася, што з эканамічных прычын, напрыклад з неабходнасці апрацоўваць большыя зямельныя тэрыторыі пры росце насельніцтва і экстэнсіўнай гаспадарцы, ступень аховы святых (сакральных) мясцін мясцовымі грамадамі, і асабліва моладдзю, змяншаецца. Дзеля павышэння ахоўнай здольнасці святых прыродных мясцін у Гане, напрыклад, створаныя буферныя зоны і жыхарства навучаецца новым тэхналогіям вядзення гаспадаркі [24].
У суседніх краінах СНД даследаванне і наданне ахоўнага статусу святым мясцінам прыроднага і прыродна-штучнага паходжання актыўна пачалося ў 1990-я гг. Так, на Украіне (Жытомірская, Кіеўская, Чарнігаўская вобласці) даследаваныя і ўзятыя пад ахову крыніцы, гаі, асобныя дрэвы, курганы, гарадзішчы, выяўлена, што найбольш шануюцца жыхарствам т. зв. "святыя" і мемарыяльныя крыніцы і мемарыяльныя дрэвы [3]. У Ніжагародскім Паволжы даследуюцца і бяруцца пад ахову помнікі прыроды, якія зараз маюць культавае значэнне ці мелі ў мінулым: свяшчэнныя ўрочышчы, у склад якіх могуць уваходзіць гаі, святыя дрэвы, крыніцы, валуны, азёры, выхады парод [15]. Даследаваныя святыя гаі ў расійскім Кеназёрскім нацыянальным парку маюць крыжы ці каплічкі, некаторыя з іх размешчаны на могілках, на гэтых участках традыцыйна забаронена сячы дрэвы, ламаць галлё, нарыхтоўваць берасту, весці любую гаспадарчую дзейнасць [18]. Культавыя месцы ненцаў знаходзяцца на тэрыторыі традыцыйнага прыродакарыстання ­ адным з відаў расійскіх ахоўных тэрыторый, што прызначаны для захавання традыцыйнага ладу жыцця [19]. Святыя мясціны з’яўляюцца значнай крыніцай біяразнастайнасці. Так, пры даследаванні ўдмурцкіх святых гаёў выяўлены 45 ахоўных відаў раслін і некаторых жывёл. Выявілася, што правядзенне абрадаў і святаў не цягне знікнення рэдкіх відаў раслін. Даследаванні паказалі важную ролю святых месцаў у падтрыманні фларыстычнай і фауністычнай разнастайнасці ва ўмовах антрапагеннага ландшафту [12].
Беларускае заканадаўства (законы “Аб асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях” ад 20.10.1994 у рэд. ад 23.05.2000, “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны” ад 13.11.1992 у рэд. ад 24.07.2002, Правілы падрыхтоўкі прадстаўленняў аб абвяшчэнні, пераўтварэнні і спыненні функцыянавання помнікаў прыроды і ахоўных дакументаў помнікаў прыроды, зацверджаныя пастановай № 7 Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя ад 10.05.2001) не выкарыстоўвае тэрмін “святыя месцы прыроднага ці прыродна-штучнага паходжання”, але дае мажлівасць іх аховы як гісторыка-культурных каштоўнасцяў і помнікаў прыроды, пры гэтым, у адрозненне ад міжнароднага заканадаўства, у беларускім не ўлічаны традыцыйныя
(скончылася с. 134)
прыродакарыстальніцкая і культавая дзейнасць мясцовых жыхароў, нормы звычаёвага права.
Вывучэнне святых месцаў прыроднага і прыродна-штучнага паходжання мае на Беларусі даўнюю гісторыю. Даследаваліся найперш вусна-паэтычная творчасць, звязаная са святымі аб'ектамі, вераванні, выконваліся археалагічныя, геалагічныя, краязнаўчыя даследаванні (гістарыяграфія прац па камянях пададзена ў [5, 9]). Сёння вывучэннем святых мясцін актыўна займаюцца археолагі Э. М. Зайкоўскі, Л. У. Дучыц, гісторык С. П. Віцязь, геолаг В. Ф. Вінакураў [4, 5, 8, 10, 11, 13]. Даследаванне гідрахімічнага складу, гідралагічных характарыстык і фауны 4 крыніц — помнікаў прыроды правялі А. П. Голубеў, I. А. Рудакоўскі, М. Г. Лебедзеў [6]. Хібай гэтых прац з'яўляецца тое, што ў іх звычайна не апісваюцца прыродакарыстальніцкая дзейнасць і традыцыйныя народныя ўяўленні, а таксама часта не падаюцца звесткі пра час бытавання культаў.
Святыя месцы прыроднага і прыродна-штучнага паходжання традыцыйна ўваходзяць у агульную сістэму прыродакарыстання, таму гэта фактычна тыя тэрыторыі, дзе вядзецца звычайная традыцыйная гаспадарчая дзейнасць, але тут найбольш яскрава праяўляюцца існыя ідэалы традыцыйнага прыродакарыстання. Традыцыйная беларуская прыродакарыстальніцкая дзейнасць уключае земляробства, жывёлагадоўлю, здабыўныя промыслы (збіральніцтва, паляванне, рыбалоўства, пчалярства, лесанарыхтоўка, дрэваапрацоўка, лесахімія), рамесныя і вытворчыя заняткі, стварэнне і выкарыстанне транспартных шляхоў [2]. Наяўнасць такіх выразна адасобленых урочышчаў, як могілкі, дазваляе вылучыць рытуальны від традыцыйнай прыродакарыстальніцкай дзейнасці.
Уяўленні пра выкарыстанне і шанаванне святых месцаў прыроднага і прыродна-штучнага паходжання грунтуюцца на традыцыйных ведах аб прыродзе і месцы чалавека ў ёй. Прыродныя сістэмы ва ўяўленнях людзей набываюць новыя функцыі, якія абумоўлены пераважна светаглядам і яго патрэбамі і ў значна меншай ступені ўласнымі характарыстыкамі. Калі прыродных характарыстык аб'екта не дастаткова для рытуальнага і практычнага выкарыстання, яны могуць быць палепшаны, у тым ліку штучнымі аб`ектамі. Так, дзеля лепшага захавання чысціні вады ў крыніцы робяць зруб над ёю, на могілках і па дарозе да іх робяць дадатковыя пасадкі дрэў, кветак. Ахова святых месцаў, як і ўсяго прыроднага асяроддзя, грунтуецца на светаглядных уяўленнях, якія выяўляюцца ў ведах, вераваннях, практыках, культах і звычаях. Напрыклад, лічыцца, што парушэнне нормаў можа весці не толькі да пакарання згодна з афіцыйным заканадаўствам і звычаёвым правам, але і да пакарання з боку аб'екта парушэння ­ духам-гаспадаром месца, багамі, пра што расказваецца ў шматлікіх былічках (так, у в. Горка Дзятлаўскага раёна зараз распавядаюць, што захварэў чалавек, які плюнуў на святы камень).
Святыя месцы прыроднага ці прыродна-штучнага паходжання на Беларусі адрозніваюцца ад навакольных тым, што яны надзяляюцца звышнатуральнымі ўласцівасцямі: каля іх “здаецца” (людзі бачаць праявы звышнатуральных сіл); з’яўляюцца міфалагічныя істоты; яны валодаюць лекавымі ўласцівасцямі; яны небяспечныя для недасведчаных людзей; на іх тэрыторыі выконваюцца каляндарныя, сямейныя, лекарскія рытуалы; з іх узнікненнем, функцыянаваннем звязаныя розныя паданні.
Пералік відаў святых мясцін Беларусі ўключае фактычна ўсю разнастайнасць прыродных і прыродна-штучных аб’ектаў. На Беларусі вядомы наступныя віды святых мясцін, якія зыходзячы са зместу традыцыйнага прыродакарыстання падзяляюцца на: лесакультурныя комплексы: лясы, гаі, дубровы, бары, пушчы; формы рэльефу: пагоркі, грады, равы, астравы; курганныя ўрочышчы, могілкі; сядзібныя комплексы: старыя вёскі, гарады, гарадзішчы; ростані, старыя дарогі; сельскагаспадарчыя комплексы: палі, пожні, лугі, балоты, на якіх магчымыя выпас
(скончылася с. 135)
і касьба; урочышчы з сакральнымі камянямі; водныя комплексы: азёры, рэкі, балоты. Часта аб’екты шанавання існуюць не адасоблена, а злучаны ў комплексы, якія могуць складацца з усіх вышэйназваных аб’ектаў. Так, часта побач з крыніцаю знаходзіцца валун, дуб або хвоя, узгорак, ім пакланяюцца таксама [11].
У Беларусі наданне ахоўнага статусу камяням пачалося ў 1963 г., згодна са спісамі помнікаў прыроды рэспубліканскага і абласнога значэння ад 01.01.2001, атрыманымі мною ў Міністэрстве прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, такі статус набылі 272 ледавіковыя валуны і 8 глыб кангламерату. Адны з іх маюць выразнае сучаснае рытуальнае значэнне (іх меншасць), з іншымі звязаны паданні, былічкі ці іх шануюць, астатнія раней мелі рытуальнае прызначэнне (камяні са знакамі, лункамі). Сёння большая частка найбольш вядомых сакральных валуноў і глыб кангламерату ўключана ў спісы помнікаў прыроды.
Культ вады паўсюдны на Беларусі. Шанаванне вады, уяўленне пра тое, што яе нельга забруджваць, праяўляецца і ў тым, што ваду ўвогуле завуць святой, і ў тым што нават раку называюць "святой", напрыклад, раку Вілію [11], р. Сху ў в. Хрост Барысаўскага раёна, у якую забараняюць кідаць смецце. Найбольш развітай формай культу вады з’яўляецца шанаванне святых крыніц і азёр, якія маюць канкрэтныя мясцовыя асаблівасці і да якіх ставяцца асабліва паважліва, асцярожна. Святыя крыніцы маюць культавыя дні ўшанавання, людзі вераць, што іх вада гаючая, да іх носяць ахвяры. На тэрыторыі, прылеглай да святых крыніц, азёр, абмяжоўваецца прыродакарыстальніцкая дзейнасць, звычайна не арэцца зямля, не сякуцца старыя дрэвы. Прыведзеныя паводзіны з'яўляюцца нарматыўнымі і слугуюць у асноўным захаванню чысціні вады, а іх парушэнне, як лічыцца, можа прывесці да хваробы ці няшчаснага выпадку. Так, на прызнанае помнікам прыроды возера Хатомля ў Круглянскім раёне адмыслова ходзяць 7 ліпеня (Купалле), каб набраць “святой” вады, а раней хадзілі і памыць бялізну. Распавядаюць, што колісь пасярод возера стаяла лазня і вераць, што тут правалілася царква. На ўсход ад возера знаходзіцца р. Аслік (Асліўка, Ослік) ­ правы прыток р. Друці. Раней з гэтай ракі жыхары вёсак Дзевашыцы, Майскае (старая назва — Пупса) бралі ваду, а не з калодзежаў. Старыя жыхары кажуць, што ў раку нельга кідаць нечыстоты. Каля в. Майскае знаходзіцца добраўпарадкаваная святая крыніца, да якой з наваколля ходзяць 19 жніўня (на Яблычны Спас), носяць свянціць яблыкі, кідаюць у яе ахвяры: грошы, яблыкі. Я сам назіраў, як 19.08.2000 некаторыя людзі, беручы ваду, шэптам звярталіся да яе з просьбамі. Кароў, якія праходзілі міма, ад крыніцы адганялі.
Прыродаахоўная роля беларускага традыцыйнага светагляду яскрава праяўляецца ў кульце продкаў, дзядоў, калі каля кожнай вёскі існуюць могілкі (святыя гаі), на тэрыторыі якіх не вядзецца гаспадарчая дзейнасць, і ў выніку старыя дрэвы сустракаюцца часта толькі на іх тэрыторыі. Могілкі ў краявідзе вылучаюцца найбольш высокімі дрэвамі, яны бачныя здалёк, бо займаюць да таго ж і ўзвышаныя сухія месцы. На некаторых могілках зараз пахаванні ўжо не адбываюцца, але іх тэрыторыя працягвае не выкарыстоўвацца для гаспадарчай дзейнасці. На старых могілках суіснуюць пахаванні розных часоў: тут можна назіраць разам курганы, каменныя магілы, магілы, на якіх стаяць дзікія ці апрацаваныя камяні і сучасныя магілы (напрыклад, могілкі ў мікрараёне Сухарава, г. Мінск).
Курганныя ўрочышчы — гэта простыя антрапагенныя неакомплексы, на тэрыторыі якіх звычайна знаходзяцца насыпы з зямлі, часта з выкарыстаннем камянёў, у форме пагорка круглай формы ці вала над старажытнымі пахаваннямі. На Беларусі называюцца “курганы”, “капцы”, “валатоўкі”, ”французскія магілы”, ”шведскія магілы”. На Беларусі курганныя пахаванні ўзніклі на мяжы 3-га і 2-га тысячагоддзяў да н. э., у XIV ст. замененыя грунтавымі пахаваннямі [1].
(скончылася с. 136)
Асаблівую цікавасць з гледзішча біяразнастайнасці ўяўляюць неўзараныя курганы, пакрытыя палявой ці лясной расліннасцю. Пахаваныя пад курганамі глебы даюць цікавыя звесткі для палеагеаграфічных высноў. Ва ўмовах суцэльнай узаранасці плакораў курганы часта аказваюцца адзіным носьбітам даагрыкультурнай расліннасці, і іх травастой прымаецца пад увагу пры геабатанічным раянаванні тэрыторыі [14].
Гарадзішча — гэта рэшткі старажытнага ўмацаванага паселішча або горада. Вылучаюцца наяўнасцю вала, рова, рэшткамі сцен, наяўнасцю культурнага слою. На Беларусі вядомыя з позняга бронзавага веку [1]. З многімі гарадзішчамі звязаны паданні пра гарады, сёлы, цэрквы, касцёлы, што праваліліся пад зямлю. Мясцовым жыхарам гэтыя паданні ўяўляюцца праўдзівымі, больш таго, некаторым бачыцца дым, які ідзе з-пад зямлі, і чуюцца званы (напрыклад, на гарадзішчы Гарадок каля в. Дадзекі Верхнядзвінскага раёна). На тэрыторыі гарадзішчаў часта не вядзецца сельскагаспадарчая дзейнасць, іх тэрыторыя пакрытая лясной ці палявой расліннасцю. Напрыклад, выразна вылучаецца сярод меліяраваных земляў зарослае лесам (дубы, арэшнік) балотнае гарадзішча ля р. Трэмлі ў 2 км ад в.  Валасовічы (Акцябрскі раён), на тэрыторыя якога да апошняга часу праводзіліся мясцовыя святы.
Адным са слаба даследаваных на Беларусі відаў святых месцаў прыроднага ці прыродна-штучнага паходжання з'яўляюцца ўрочышчы са святымі, гаючымі дрэвамі. Так, каля в. Янава Талачынскага раёна ля святой крыніцы растуць дубы. Кара аднаго з іх лічыцца лекавай ад зубнога болю. На дрэве заўважныя шчэсы кары. Раней да крыніцы ля гэтых дубоў ад суседняга манастыра рабілі хросны ход на Яна (7 ліпеня), у крыніцу кідалі манеты (уласны запіс і назіранні ад жніўня 1999 г.).
На жаль, у спісы помнікаў прыроды ад 01.01.2001 увайшлі толькі два святыя возеры, нязначная колькасць сакральных пагоркаў, святых крыніц (помнікамі прыроды прызнаныя 62 крыніцы, не ўсе з якіх культавыя, а нават невялічкі спіс культавых крыніц, прыведзены Э. М. Зайкоўскім і Л. У. Дучыц, утрымлівае 122 назвы [11]). Гарадзішчы ахоўваюцца толькі як часткі запаведнікаў або іншых ахоўных тэрыторый. Пад ахову часта падпадаюць толькі асобныя аб’екты, а не суцэльны ландшафтны комплекс (асацыяваны культурны ландшафт). Напрыклад, помнікам абвешчаны толькі сам знакаміты камень-кравец Чортаў камень, які знаходзіцца ля в. Вароніна Сенненскага раёна Віцебскай вобласці, а не ўсё наваколле, у склад якога ўваходзіць прылеглы ўчастак ракі, Змяёва гара, Лысая гара, Царковішча і месца ранейшага правядзенне Купалля на ростанях (уласныя назіранні 1999 г.).
Святыя мясціны з’яўляюцца істотным складнікам ландшафтнай разнастайнасці і важным чыннікам устойлівага развіцця. Святыя месцы прыроднага і прыродна-штучнага паходжання каштоўныя з пункту гледжання захавання навакольнага асяроддзя, гэтак жа як і з культурнага. Шэраг міжнародных заканадаўчых актаў прызнае неабходнасць падтрымкі традыцыйнага прыродакарыстання для ўстойлівага развіцця тэрыторый, для захавання ландшафтнай і біялагічнай разнастайнасці. Гэта вымагае, у тым ліку, і абароны святых месцаў. Для аховы святых месцаў прыроднага і прыродна-штучнага паходжання пры здзяйсненні гаспадарчай дзейнасці на тэрыторыях іх размяшчэння патрабуецца комплексная ацэнка культурных, экалагічных і сацыяльных наступстваў, у тым ліку вывучэнне ўплыву на звычаёвае выкарыстанне прыродных рэсурсаў, на экалагічны стан святых месцаў прыроднага і прыродна-штучнага паходжання і звязаныя з імі рытуалы і вераванні, на звычаёвае права, традыцыйны лад жыцця і на рэальныя выгады для мясцовых грамад. Для канкрэтных праектаў павінны распрацоўвацца працэдуры, якія бы мінімізавалі ўплыў, напрыклад, мусяць вызначацца адмысловыя ўчасткі
(скончылася с. 137)

для наведвання, правілы паводзінаў турыстаў пры наведванні святых месцаў [7]. Дзеля захавання біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці тэрыторыі святых месцаў прыроднага і прыродна-штучнага паходжання павінны ўключацца ў біясферныя рэзерваты і абвяшчацца помнікамі прыроды. Ахоўвацца мусяць не толькі асобныя аб’екты, а цалкам асацыяваны культурны ландшафт. Павышэнне прыродаахоўнай здольнасці святых месцаў прыроднага і прыродна-штучнага паходжання патрабуе стварэння вакол іх ахоўных буферных зон, прапаганды сярод насельніцтва, асабліва моладзі, ідэй павышэння біялагічнай разнастайнасці і ўстойлівага развіцця з улікам традыцыйных культурных практык. Мадэлі кіравання добра захаванымі святымі месцамі і прылеглымі да іх тэрыторыямі могуць быць выкарыстаны як узор для кіравання зямельнымі рэсурсамі. Выкананне ўсяго гэтага патрабуе далейшых комплексных навуковых даследаванняў традыцыйнага прыродакарыстання і святых месцаў прыроднага і прыродна-штучнага паходжання.

            Спіс літаратуры

            Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыкл. – Мн: Беларуск. энцыкл., 1993. – 702 с.
            Белорусы. — М.: Наука, 1998. — 503 с.
            Боpейко В. Е., Подобайло А. В., Руденко В. Ф. Защита местных пpиpодно-исторических святынь. – Киев: Киевск. эколого-культ. центр, 2002. — 144 с.
            Вінакураў В. Ф., Віцязь С. П., Дучыц Л. У. Функцыянальная класіфікацыя сакральных камянёў // Весці НАН Беларусі. Сер. гуманіт. навук, 2001. — № 2. – С. 62–70.
            Віцязь С. П. Фарміраванне каляндарнай традыцыі Беларусі і гістарыяграфічна-крыніцазнаўчае даследаванне: Дыс. …... канд. гіст. навук / Iн-т гісторыі НАН Беларусі. — Мн, 2001. — Кн. 1. – 118 с.
            Голубев А. П., Рудаковский И. А., Лебедев Н. Г. Современное состояние родников Минской области — памятников природы республиканского значения // Веснік БДУ. Сер. 2: Хімія, біялогія, геаграфія, 2003. – № 3. — С. 87–92.
            Добровольные руководящие принципы агуэй-гу проведения оценок культурных, экологических и социальных последствий предлагаемой реализации проектов в местах расположения святынь, а также на землях и в акваториях, занимаемых или используемых коренными и местными общинами: Реш. VII/16/F // Конференция Сторон конвенции о биологическом разнообразии, Куала-Лумпур, 9–20 и 27 февраля 2004 г. http://www.raipon.org/russian_site/library/ipw/number14/cbd.pdf. 10.09.2004.
            Дучыц Л. Каменныя крыжы // З глыбі вякоў: Гіст.-культуралагіч. зб., 2002. — Вып. 2. – С. 32–47.
            Дучыц Л. У. З гісторыі вывучэння культавых камянёў Беларусі // Весці НАН Беларусі. Сер. гуманіт. навук, 1995. — № 1. – С. 66—70.
            Дучыц Л. У. Культ дрэваў у беларусаў // Полацк, 1994.— № 6.— С. 46–47.
            Зайкоўскі Э. М., Дучыц Л. У. Жыватворныя крыніцы Беларусі. – Мн: Ураджай, 2001. – 111 с.
            Капитонов В. И., Капитонова О. А. Значение священных рощ в сохранении редких и исчезающих видов растений и животных Удмуртии // Гуманитарный экологический журн. – 2002. Т. 4. Спецвып. – С. 19–21.
(скончылася с. 138)

            Ляўкоў Э., Карабанаў А., Дучыц Л., Зайкоўскі Э., Вінакураў В. Культавыя камяні Беларусі // З глыбі вякоў: Гіст.-культуралагіч. зб., 2002. – Вып. 2. — С. 47–67.
            Мильков Ф. Н. Человек и ландшафты. – М.: Мысль, 1973. – 224 с.
            Морохин Н. В. Гусиная дорога. – Киев: Киевск. эколого-культ. центp, 2003. – 180 с.
            Популярный словарь по экологической этике и гуманитарной экологии. – Киев: Киевск. эколого-культ. центp, 2003. — 96 с.
            Рекомендации для горных охраняемых территорий // Всемирное культурное и природное наследие: Документы, комментарии, списки объектов. – М.: НИИ Наследия, 1999. – С. 67–72. http://www.ecoethics.ru/b09/600.html. 10.09.2004.
            Третьяков С. В., Козыкин А. В., Коптев С. В., Кocapeв В. П. Святые рощи и деревья Кенозерского национального парка // Заповедное дело в общественном сознании: этические и культовые аспекты: Материалы междунар. школы-семинара «Трибуна—8», Киев, 27—30 мая 2002 г. – Киев, 2002. – 153 с.
            Харючи Г. П. Культовые места — священные ландшафты в традиционном мировоззрении ненцев // Олень всегда прав: Исследования по юридической антропологии. – М.: Стратегия, 2003. — С. 140–149. http://jurant.iea.ras.ru/books/olen.zip.
            Convention Concerning the Protection of the World’s Cultural and Natural Heritage. Paris, 16 Nov. 1972. http://unesdoc.unesco.org/images/0013/001333/133369e.pdf. 10.09.2004.
            Convention on biological diversity. Rio de Janeiro, 5 June 1992. – Rio de Janeiro: UN, 1992. – P. 7.
            Implementation of 27 C/Resolution 2.3, concerning the Seville Strategy on Biosphere Reserves and the statutory framework of the World Network of Biosphere Reserves // UNESCO. General Conference: 28th session, 1995. http://unesdoc.unesco.org/images/­0010/001013/101325e.pdf. 10.09.2004.
            Operational Guidelines for the Implementation of the World Heritage Convention http://www.unesco.org/whc/opgutoc.htm. 10.09.2004.
            Thomas Schaaf. UNESCO’s Experience with the Protection of Sacred Natural Sites for Biodiversity Conservation // International workshop on the importance of sacred natural sites for biodiversity conservation, Kunming and Xishuangbanna Biosphere Reserve, China, 17–20 February 2003. – Paris: UNESCO, 2003. – P. 13–20.

Iнстытут мастацтвазнаўства,
этнаграфіі і фальклору
ім. К. Крапівы НАН Беларусі

Dz. Kanaplianikau
TRADITIONAL WORLD VIEW BASES OF NATURE PROTECTION: SACRED SITES OF NATURAL AND NATURAL-ARTIFICIAL ORIGIN
For many peoples of the world, as well as Belarusian, sacred natural sites are important areas for environmental conservation. Traditional respect for the sacred sites have often led to well-conserved areas with high biological diversity within otherwise degraded environments. Such nature protection efficiently grounds on traditional world view and is an important factor of sustainable development. Establishing the conservation of the environment on traditional cultural values and land-based belief systems natural and
(скончылася с. 139)

natural-artificial sacred sites can play an important complementary role to legally protected areas such as national parks, strict nature reserves, or forest reserves. Sacred sites are the associative cultural landscape where there are religious, artistic or cultural associations with its natural element rather than material cultural evidence, which may be insignificant or even absent. The Seville Strategy for Biosphere Reserves suggests establishing, strengthening or extending biosphere reserves “to include areas where traditional lifestyles and indigenous uses of biodiversity are practiced and including sacred sites”
The range of kinds of Belarusian sacred sites of natural or natural-artificial origin actually includes all the diversity of natural or natural-artificial objects. Belarusian laws do not maintain the term “sacred sites of natural or natural-artificial origin”, the only possibility to legally protect them is enrolling into lists of historical-cultural values or of natural memorials according to the law. In contradiction to international legal practice Belarusian laws do not take into account traditional nature using activities, religion practice, customary law. As a result, a great number of sacred sites of natural or natural-artificial origin are not legally protected. A greater part of well-known sacred stones are protected as natural memorials, but only 2 sacred lakes, a few sacred hills and brooks while there are more than 122 sacred brooks in Belarus, often regard is not paid to the complex structure of sacred site which can include several objects.
All the sacred sites must be  legally protected, and not only some separate objects, but the whole associative cultural landscapes. The conservation of sacred natural sites can be greatly enhanced by establishing “buffer zones” around the sacred site itself, promoting ideas of sustainable development and biodiversity conservation on the basis of traditional nature using and cultural practice. All activities in sacred sites must  be  held after analysis and estimating of their ecological, social, economic, cultural sequences. Well-conserved areas with high biological diversity can become models of land management and of approaches to sustainable development. To achieve these goals further complex investigations of traditional nature use  and sacred sites of natural and natural-artificial origin are necessary.
ОХРАНЫ ПРИРОДЫ: СВЯТЫЕ МЕСТА ПРИРОДНОГО И ПРИРОДНО-ИСКУССТВЕННОГО ПРОИСХОЖДЕНИЯ
У многих народов мира, в том числе и у белорусов, святые места играют важную роль в охране природной среды. Традиционное почитание природных объектов поддерживает высокое биологическое разнообразие и охраняет от деградации природную среду. Охрана природы эффективно основывается на традиционном мировоззрении и является существенным фактором устойчивого развития.
Святые места — это ассоциированные культурные ландшафты, о природной составляющей которых существуют религиозные, художественные или культурные представления, а объекты материальной культуры могут быть представлены в таком ландшафте незначительно либо вовсе отсутствовать. Святые места природного и природно-искусственного происхождения, где охрана природы основывается на традиционных культурных ценностях и верованиях, являются важным дополнением к системе особо охраняемых территорий. Святые места ценны как для сохранения окружающей среды, так и для сохранения культурного наследия. Конвенция о биологическом разнообразии и Севильская стратегия для биосферных резерватов, принятые в 1992 г., подтвердили необходимость охраны и поддержки традиционного (обычного) использования биологических ресурсов, в том числе необходимость включения в биосферные резерваты святых мест.
(скончылася с. 140)
В Беларуси перечень видов святых мест охватывает все разнообразие природных и природно-искусственных объектов. В белорусском законодательстве не имеется термина ”святые места природного или природно-искусственного происхождения”, их охрана возможна путем признания их историко-культурными ценностями или памятниками природы согласно соответствующим законам, но в белорусском законодательстве, в отличие от международного, не учитываются традиционные культовые и природопользовательские практики, нормы обычного права. В результате многие святые места не попадают под защиту закона. Например, в списки памятников природы включены большинство известных сакральных ледниковых валунов и глыб конгломерата, но только два святых озера, незначительное количество святых родников (а их реальное число превышает 122), сакральных холмов, деревьев, островов, гряд. Часто под охрану попадают только отдельные объекты, а не целостные ландшафтные комплексы (ассоциированные культурные ландшафты).
В дальнейшем охраняться должны не только отдельные объекты, а целиком ассоциированные культурные ландшафты. Повышение охранной способности святых мест природного и природно-искусственного происхождения требует создания вокруг них охранных буферных зон, пропаганды среди населения, особенной молодежи, идей увеличения биологического разнообразия и устойчивого развития с учетом традиционных культурных практик, при осуществлении хозяйственной деятельности необходима комплексная оценка культурных, экологических, социальных, экономических последствий. Модели управления хорошо сохраненными святыми местами и прилегающими к ним территориями могут быть использованы как пример для управления земельными ресурсами. Выполнение всего этого требует дальнейших комплексных научных исследований традиционного природопользования и святых мест природного и природно-искусственного происхождения.
(скончылася с. 141)

Немає коментарів: