суботу, 24 грудня 2022 р.

СВАТАННЕ Ў ВЯСКОЎЦАЎ БЕЛАРУСАЎ Ў 1930 —1990 ГАДЫ Ў ГОМЕЛЬСКАЙ ВОБЛАСЦІ І ПАМЕЖНЫХ ТЭРЫТОРЫЯХ

Тоўсцік Т. Ц. Сватанне ў вяскоўцаў-беларусаў ў 1930-1990 гг. у Гомельскай вобласці і памежных тэрыторыях // Европа: актуальные проблемы этнокультуры: материалы Междунар. науч.-теорет. конф., г. Мінск, 27 апр. 2007 г. Минск: БГПУ им. М.Танка, 2007. С. 302–303.


СВАТАННЕ Ў ВЯСКОЎЦАЎ БЕЛАРУСАЎ Ў 1930 —1990 ГАДЫ

Ў ГОМЕЛЬСКАЙ ВОБЛАСЦІ І ПАМЕЖНЫХ ТЭРЫТОРЫЯХ.

Т.Ц. Тоўсцік

(Варшава, ПАН)


Вяселлю беларусаў папярэднічае заключэнне дамовы аб ім — сватанне. Сватанне зяўляецца культурай паводзін беларусаў у азначаны перыяд. Матэрыяламі да артыкула паслужылі ўласныя запісы аповедаў пра сватанне ў 1930—1990 гады на тэрыторыі сучаснай Гомельскай вобласці і на памежных тэрыторыях (Столінскі і Бабруйскі раёны). Аўтар мае на мэце з дапамогаю структурнага аналізу паказаць разнастайнасць сватання і патлумачыць яго функцыянаванне. Задачамі працы зяўляецца вытлумачэнне функцыянавання сватання. Пад сватаннем аўтар разумее дамову аб сватанні, прыход сватоў, згоду дзеўкі выйсці замуж цi хлопца ажаніцца, дамовы бацькоў і сваякоў пра шлюб і надзяленне маладых маёмасцю.

На даследаванай тэрыторыі для прыходу маладога, які паведамляў аб намеры засватаць дзеўку, як у в. Дарашэвічы, Снядзін Петрыкаўскага раёна, в. Карма Добрушскага раёна, в. Турцэвічы Калінкавіцкага раёна народных тэрмінаў не зафіксавана. Калі аб намеры засватаць паведамлялі сваячкі маці, як у в. Цялуша Бабруйскага раёна, то выкарыстоўваўся тэрмін “праведкі”. Тэрмінам “хадзіць у св`аты”, “св`аты`”, “сват`ы`” называюць прыход сватоў, тэрмінам “запоіны”, вядомым паўсюдна, называюць перыяд пасля моманту прыняцця супрацьлеглым бокам хлеба і гарэлкі, прынесеных сватамі, ці перыяд пасля прыходу сваякоў, ці перыяд пасля згоды нявесты на замужжа, ці наогул усё сватанне. Радзей выкарыстоўваюць словы “заручыны” — перыяд пасля прыходу сваякоў (В. Казіміраўка Лоеўскага раёна, в. Дарашэвічы Петрыкаўскага раёна), “магарыч” — перыяд ад прыходу сваякоў (в. Краўцоўка Гомельскага раёна), “змовіны” — перыяд ад прыходу сваякоў (в. Лучын Рагачоўскага раёна, в. Гдзень Брагінскага раёна). Тэрмінам “прымак” называюць мужа, які жыве ў хаце бацькоў жонкі. “Малады”, “маладая” — гэтымі словамі называюць хлопца і дзеўку, ад моманту іх згоды пажаніцца датуль, пакуль яны не згуляюць вяселле.

Мы будзем карыстацца народнымі тэрмінамі “малады”, “маладая”, “прымак”, “хадзіць у св`аты”, “св`аты”, “сват`ы” і тэрмінам “запоіны” як вызначэннем перыяду пасля моманту прыняцця супрацьлеглым бокам хлеба і гарэлкі, прынесеных сватамі.

Перад разглядам самага абраду сватання варта ўдакладніць формы сватання, так як на Беларусі вядома сватанне як сваякоў хлопца да сваякоў дзеўкі, так і сваякоў дзеўкі да сваякоў хлопца.


Формы сватання.

У даследаваны перыяд сватанне існавала ў наступных формах:

1. Сватанне сваякоў хлопца да сваякоў дзеўкі.

2. Сватанне сваякоў дзеўкі да сваякоў хлопца, напрыклад у Столінскім раёне, в. Альшаны.

3. Сватанне сваякоў дзеўкі да сваякоў хлопца, які згадзіўся стаць прымаком, напрыклад у в. Цялуша Бабруйскага раёна.

4. Сватанне сваякоў хлопца, які згадзіўся стаць прымаком, да сваякоў дзеўкі, напрыклад у в. Славінск і Смедзін (Снядзін) Петрыкаўскага раёна, в. Курганье Рагачоўскага раёна, в. Старажоўцы Жыткавіцкага раёна.

5. Сватанне сваякоў хлопца да сваякоў удавы, напрыклад у в. Цялуша Бабруйскага раёна.


Структура сватання.

Для разумення працесy сватання паўстае неабходнасць вылучыць яго этапы. Пры любой форме сватання структура абраду захоўвалася. Яна складалася з наступных элементаў.

1. Папярэдняя дамова а прыходзе сватоў. “Праведкі”.

2.1. Прыход сватоў і атрыманне імі згоды бацькоў таго, каго сватаюць, на шлюб. “Хадзіць у св`аты”, “св`аты “, “сват`ы”.

2.2. Атрыманне згоды на шлюб ад таго, каго сватаюць. “Запоіны”.

2.3. Замацаванне згоды на шлюб. “Запоіны”.

3.1. Дамова бацькоў маладых пра вяселле і пра надзяленне маёмасцю маладых. “Запоіны”.

3.2. Маладая (і малады) ці іх бацькі клічуць сваякоў. “Запоіны”.

3.3. Дамова сваякоў пра вяселле. Бяседа. “Запоіны”.


У Гомельскай вобласці і памежных да яе тэрыторыях адсутнічаюць прафесіянальныя сваты. Не ўсе этапы сватання былі раўнавартыя і абавязковы. Так як сватанне ўяўляе сабой дамову маладых і іх сваякоў пра вяселле і матэрыяльны ўнёсак абодвух бакоў у новаствораную сям'ю (назаўсёды), то абавязковым этапам сватанне было атрыманне згоды маладых і іх сваякоў на шлюб. На другім месцы па вартасці знаходзяцца дамовы пра вяселле і надзяленне маёмасцю маладых, бо пачаць сямейнае жыццё без маёмасці было проста немагчыма. Калі існавала папярэдняя дамова пра прыход сватоў, бацькі асобы, якую сваталі адразу клікалі сваіх сваякоў на сватанне, таму не мелі патрэбы клікаць іх пасля прыходу сватоў. Цалкам рытуальнымі і тэатральнымі з'яўляюцца першыя словы, сказаныя пры ўваходзе сватоў у хату.

Разнастайнасць форм сватання натуральна. Нішто не перашкаджае сватацца сваякам дзяўчыны да хлопца. А вялікую колькасць сватання сваякоў хлопца да дзяўчыны можна вытлумачыць патрыярхальнай сістэмай гаспадарання і кіравання ў даваенныя і пасляваенныя гады ХХ стагоддзя на тэрыторыі Гомельскай вобласці і яе памежжы. 


Немає коментарів: