суботу, 24 грудня 2022 р.

СВАТАННЕ Ў БЕЛАРУСАЎ: ВЯСЕЛЬНЫЯ ЧЫНЫ І ДАМОВА ПРА ПАСАГ

Тоўсцік Таццяна Сватанне ў беларусаў: вясельныя чыны і дамова пра пасаг // Материалы конференции Международная научная конференция "Демографические проблемы Беларуси и духовно-нравственное здоровье нации", 22 марта 2005 г. — Гомель, 2005.

СВАТАННЕ Ў БЕЛАРУСАЎ:

ВЯСЕЛЬНЫЯ ЧЫНЫ І ДАМОВА ПРА ПАСАГ


Т. ЦТоўсцік


Сучасная нуклеарная сям`я мае менш трываласці, чым матрылакальная і патрылакальная сем`і, з якіх яна развілася. Што ж рабіла сям`ю больш устойлівай і якім чынам яна згубіла гэту ўстойлівасць? На маю думку яе ўстойлівасць была заснавана на сваяцкіх сувязях, жорстка вызначанай схеме ўзаемадачыненняў унутры соцыума, якая гарантавала бяспеку і матэрыяльную падтрымку сваім чальцам.

У гэтым выступе мне бы хацелася прасачыць сувязь паміж дзейнымі асобамі сватання і дамовай пра пасаг, закрануўшы гістарычны аспект пераўтварэння сям`і, прасачыўшы змены ад канца ХІХ да сярэдзіны ХХ ст. Дзейныя асобы сватання і пасаг менавіта тыя адзінкі, на якіх можна прасачыць змены, якія адбываліся ў структуры і функцыях сям`і. Такім чынам асноўнымі пытаннямі гэтай працы будуць:

  • хто сватаўся,

  • хто і з кім дамаўляўся пра пасаг.

Пад тэрмінам сватанне я разумею ўсе этапы дамоў паміж бакамі, якія праходзілі перад вяселлем, так як у розных мясцовасцях і ў розны час гэтыя этапы па рознаму выглядалі, называліся, і мелі розныя функцыі. Звычайна на першых этапах паведамлялася аб жаданні засватаць, а на апошніх разглядаліся канкрэтныя ўмовы правядзення вяселля і далейшага жыцця маладых.

Сватанне ўяўляе сабой дамову бакоў аб стварэнні сям’і.

Аб чым жа канкрэтна дамаўляліся беларусы ХІХ-ХХ стагоддзяў? Гэтыя дамовы можна падзяліць на два тыпа. Першы – дамовы, якія тычыліся выдаткаў бакоў на вяселле, часу і парадку правядзення вяселля. Другі тып складалі найбольш істотныя дамовы пра маёмасць, якая стане першапачатковай для маладой сям’і, з якой, разжыўшыся, яна перайдзе ў новую хату і будзе весці сваю ўласную гаспадарку. Менавіта гэты тып дамоў разглядаецца ў артыкуле ў параўнанне з дзейнымі асобамі сватання.

Немалую ролю ў рытуальнай дамове іграюць удзельнікі сватання. Больш актыўна сябе паводзяць тыя, што прыходзяць у сваты. Сярод іх могуць быць сам хлопец, сват, бацькі хлопца, бацькі дзеўкі, хросныя бацькі, браты і сёстры, дзяцькі, цёткі, іншыя сваякі, а таксама сябры хлопца, бацькі ці маці. У адпаведнасці з дзейнымі асобамі змяняўся і рытуал сватання і варыянты дамовы.

Пачнём з добра апісанага сватання з запісу канца ХІХ ст. І. В. Рубаноўскага “Вяселле ў Магілёве”. Найбольш дэтальна разглядаецца сватанне дзеўкі да хлопца.

Сватанне праходзіла ў некалькі этапаў. Першая частка называлася праведкі. На праведкі шлі сваячкі, ці сяброўкі гаспадыні. Яны прыходзілі ў дом, прыдумаўшы нейкую прычыну. Іх мэтай было даведацца, ці можна прыйсці ў сваты. Сыходзячы, як бы выпадкова пачынаюць гаварыць: “Вы сыну двор пастроілі, цяпер яго жаніць трэба, а мы вам нявесту пасаветаем: дачку Стэхвана, хазяйка харошая і пасагу дадуць харушую”[1, 222—224].

Як бычым, ужо на першым этапе сватання казалі пра пасагі маладых у адкрытую. Калі прапанова прымалася, то дамаўляцца пра канкрэтную маёмасць, якая даваляся за дачкой і сынам, прыходзілі самі бацькі будучай маладой і нехта з сваякоў. Калі справа была канчаткова ўладжана, то падпісвалі “прэдбрачную”.

У гэтым выпадку галоўнымі чыннікамі для заключэння шлюбу былі маёмасныя інтарэсы. Гэтым вызначаўся ўдзел у сватанні бацькоў жаніха і нявесты, іх бліжэйшых сваякоў і адсутнасць саміх маладых, што гаворыць пра дамову радоў і немагчымасць уплыву на выбар мужа самой маладой. Пасагі маладых былі дакладна вызначаны. Пасаг хлопца складаўся з двара, які пабудаваў яму бацька, пасаг дзеўкі — агарод, маргі, выправа. Пасагі хлопца і дзеўкі былі незалежны ад таго, хто да каго сватаўся: хлопец да дзеўкі ці дзеўка да хлопца.

У в. Цялуша Бабруйскага раёна Магілёўскай вобласці маладая брала да сябе прымака і сама ездзіла да яго сватацца. Упярод паглядзець хату і жаніха з’ездзілі бацька і брат дзеўкі і атрымалі згоду бацькоў жаніха на вяселле. Размоў пра маёмасць прымака не было, бо ніякай маёмасці ён у хату бацькоў нявесты не прыносіў. У рытуальным сватанні прымалі ўдзел маладая, яе бацька, дзяцька, цётка і пляменніца. Размова вялася пры адсутнасці жаніха паміж бацькамі.

У Гродненскай вобласці. У пач. — сяр. ХХ ст., як і ў магілёўскіх мяшчан канца ХІХ ст., было прынята даваць у пасаг зямлю, грошы ці хату, пры чым маладыя маглі жыць як у хаце, пабудаванай бацькамі маладога, так і бацькамі маладой [в. Норцавічы Дзятлаўскага раёну Гродненскай вобласці].

Вельмі часта дамоў пра пасагі не было. Сваякі маладых бралі пад увагу відавочнае багацце (зямля, скот, хата). Але ў тых выпадках, калі з першага погляду немагчыма было вызначыць, наколькі багаты супрацьлеглы бок, дамаўляліся аб пасагу на словах —- гэта было характэрна для заходняй Беларусі даваеннага часу, дзе пасаг дзяўчыне мог выдавацца грашыма — ці падпісвалі дамову, як у выпадку з мяшчанамі з Магілёва, якія да таго ж часцей былі пісьменнымі.

Найбольш волі пры сватанні меў хлопец у Мсціслаўскім павеце [1, 403—405], які сам выбіраў сабе дзеўку і знаёміўся з яе бацькам. Гэты этап сватання называецца выгляды. На другім этапе сватання да бацькоў нявесты шлі бацька хлопца і сват. Пагаварыўшы пра тое-сёе, казалі, што прыйшлі ў сваты. Дзеўка збягала пры з’яўленні сватоў. Гэты вечар называўся суглядамі. Адказ даваўся на наступны дзень — запоіны. Такім чынам, тут таксама адбывалася дамова паміж радамі.

Дамова паміж асобай і родам назіралася ў в. Цешкаў Нараўлянскага р-на Гомельскай вобласці, дзе    “малады хазяін” [в. Цешкоў Нараўлянскага раёна Гомельскай вобласці] на сватанні звяртаўся да бацькі нявесты з пытаннем “колькі перапою?” [в. Цешкоў Нараўлянскага раёна Гомельскай вобласці], маючы на ўвазе загон зямлі і вырашаў пытанне аб вяселлі. Гэта тлумачыцца тым, што хлопец ужо меў пабудаваную хату, сваю гаспадарку і быў незалежны ад бацькі.

У пасляваенны час ХХ ст. хлопец і дзеўка самастойна прымалі рашэнне аб шлюбе, дамовіўшыся да сватання. Сватанне рабіла гэта рашэнне легітымным.

Засватаць прыходзілі жаніх, бацька жаніха і хросны бацька. На гэтым сватанне — “заповінах” было вырашена, што бацькі з абодвух бакоў пабудуюць хату маладым і бацька маладой выдзяліць ім зямлю пад агарод. Гэта значыць, што былі дасягнуты дамовы другога тыпу — пра далейшае жыццё маладых. Тут жа і дамовіліся пра вяселле. Пасаг маладой, як і пасаг маладога аддалі толькі пасля ўтварэння маладымі самастойнай гаспадаркі — праз год пасля вяселля і нараджэння дзіцяці. Такім чынам пасаг маладой пэўны час не знаходзіўся ў карыстанні сям’і мужа. Такая схема ўзаемадачыненняў была і пры сватанні бацькоў інфарматаркі. Але не заўсёды бацькі будавалі хату маладым. Не было такога звычая ў в. Нямкі Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці.

У в. Зелянковічы Глускага раёна Магілёўскай вобласці [1, 600—602] і ў в.Залессе Чачэрскага раёна Гомельскай вобласці пра пасаг дзеўкі дамаўляўся хросны бацька жаніха з бацькам нявесты. Трэба адзначыць, што чым бліжэй да Гомельскага Палесся, тым большая роля хроснага бацькі ў абрадах сватання і вяселля. Ён з’яўляўся старшым сватам і вёў вяселле [в. Каўбасічы Калінкавіцкага раёна, в. Залессе Чачэрскага раёна, в. Славінск, в. Дарашэвічы Петрыкаўскага раёна, в. Казіміраўка Лоеўскага раёна, в. Семурадцы, в. Рычоў Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці; в. Ласі Бабруйскага раёна Магілёўскай вобласці].

У супрацілегласць гэтаму звычаю ў Дзятлаўскім раёне Гродненскай вобласці сват абіраўся    жаніхом. Сват дамаўляўся з бацькай нявесты пра яе пасаг [в. Засецце, в. Норцавічы, в. Зарэчча, в. Гярбелавічы Дзятлавіцкага раёна Гродненскай вобласці]. Пасагам тут лічылі зямлю ці грошы.

Калі разглядаць карэляцыю паміж дзейнымі асобамі ў сватанні і прыняццем рашэння аб маёмасці, то, грунтуючыся на вышэй прыведзеных прыкладах, мы бачым, што да сярэдзіны ХХ ст. прымаў рашэнне аб пасагу гаспадар, пры тым, што на пачатковым этапе дзейнымі асобамі маглі быць як людзі, не адказныя за пасаг (хлопец, сват, сваякі хлопца ці гаспадыні), так і сам гаспадар. Дапамога радоў маладой сям`і залежала ад таго, наколькі яны былі ўключаны ў працэс стварэння сям`і. Калі рашэнне пра стварэнне сям`і была прэрагатывай радоў, то новая сям`я атрымлівала матэрыяльныя гарантыі. Калі рашэнне аб шлюбе прымалі самі    маладыя, то род мог як прымаць, так і не прымаць удзел у іх падтрымцы.


1. Вяселле: абрад. Мн., 1978.

Немає коментарів: