суботу, 24 грудня 2022 р.

ФОРМЫ ЗАКЛЮЧЭННЯ ШЛЮБУ Ў БЕЛАРУСАЎ

Тоўсцік, Таццяна Формы заключэння шлюбу ў беларусаў // Нематэрыяльная культурная спадчына славянскіх народаў: праблемы збірання, захавання, перспектывы комплекснага вывучэння. Мінск, 3—4 лютага 2005 года. Нацыянальная камісія Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА, Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры і мастацтваў.


ФОРМЫ ЗАКЛЮЧЭННЯ ШЛЮБУ Ў БЕЛАРУСАЎ

Тоўсцік Таццяна

Змовіны мелі вырашальнае значэнне для шлюбу і фармавання матэрыяльнай асновы сям'і. На практыцы юрыдычна значнымі прызнаваліся дзве падзеі: змовіны і вяселле, якія ў сапраўднасці мелі функцыі падрыхтоўкі і злучэння ў шлюб, надання яму публічнасці.

Вясельны абрад як працэс можна раздзяліць на тры паслядоўныя этапы: падрыхтоўчы (сватанне, запоіны, змовіны, зборная субота), вяселле, абрады пасля вяселля [1, 107]. На першым этапе адбывалася дамова радоў жаніха і нявесты (змовіны), удакладняліся найважнейшыя матэрыяльныя аспекты будучай сямейнай суполкі, тэрміны, арганізацыйныя ўмовы вяселля, запрашэнне гасцей.

Вынікі змовін у шляхты і мяшчан беларусаў афармляліся пісьмовым пагадненнем, падпісаным жаніхом і бацькам нявесты.

Вядомыя два віды сватання: 1) да нявесты і 2) да жаніха; і тры спосабы стварэння сям'і: маладая сям'я магла вылучыцца як простая (нуклеарная) сям'я або ўвайсці ў сям'ю бацькоў нявесты ці жаніха як адна з частак складанай сям’і.

Камбінацыі сватання і спосабу стварэння маладой сям'і (ці ўваходжаннем у сям’ю) могуць быць пяці відаў.

1. Сватанне дзеўкі — уваходжанне дзеўкі ў сям’ю бацькоў жаніха.

2. Сватанне хлопца — уваходжанне дзеўкі    ў сям’ю жаніха ці стварэнне маладымі простай (нуклеарнай) сям’і.

3. Сватанне хлопца — уваходжанне хлопца ў сям'ю бацькоў нявесты (прымацтва).

4. Адсутнасць сватання — уваходжанне дзеўкі ў сям'ю бацькоў жаніха.

5. Адсутнасць сватання — уваходжанне хлопца ў сям'ю бацькоў нявесты (прымацтва).

Разглядзім гэтыя варыянты паслядоўна.

1.Сватанне дзеўкі — уваходжанне дзеўкі ў сям’ю бацькоў жаніха.

Гэты выпадак агульнавядомы і не патрабуе доказу.

2.Сватанне хлопца — уваходжанне дзеўкі    ў сям’ю жаніха ці стварэнне маладымі простай (нуклеарнай) сям’і.

Падцвяржэння існавання такога віду адносін дае І.В.Рубакоўскі ў артыкуле “Вяселле (ў Магілёве)”. Перадшлюбны этап вяселля ўключаў тры этапа: праведкі (сваячкі гаспадыні, у якой дачка — нявеста, або сын — жаніх, пасылала сваіх блізкіх даведацца, ці можна ісці ў сваты); сватанне (бліжэйшая радня, дзве свахі “ідуць у сваты” ў дом жаніха ці нявесты дамаўляюцца пра шлюб, вяселле і пасаг і складаюць шлюбную дамову: “прэдбрачную”); заручыны [2, 638—645].

Падобные адносіны згуляюцца асноўным відам шлюбу ў в. Альшаны Столінскага р-на, дзе таксама адбываецца сватанне да хлопца. Бацькі дзеўкі ідуць “у набіўкі” (тэрмін сватанне мясцовым інфарматарам не знаёмы). На набіўках адбываліся змовіны і дамаўляліся пра вяселле. Структура вяселля пры гэтым не мянялася (прыезд да дзеўкі, вянчанне, вяселле ў дзеўкі, вяселле ў хлопца).

3. Сватанне хлопца — уваходжанне хлопца ў сям'ю бацькоў нявесты (прымацтва).

У сялян вёскі Цялуша Бабруйскага раёну нявеста са сваімі роднымі сватала прымака. Структура вяселля пры гэтым наступная: прыезд нявесты да жаніха, вяселле ў яго, вяселле ў нявесты.

4. Адсутнасць сватання - уваходжанне дзеўкі ў сям’ю бацькоў жаніха.

У шляхты з в. Альпень Столінскага р-ну дзеўка магла ўцякчы жыць да жаніха без бацькавага дазволу.

5. Адсутнасць сватання — уваходжанне хлопца ў сям’ю бацькоў нявесты (прымацтва).

Уваходжанне ў сям’ю бацькоў нявесты называлася прымацтвам. Па словам назіральніка з Гродзенскай губерніі, сяляне “прымакоў прымалі да сваіх дачок, калі ў іх не было сыноў. У выпадку, калі аўдавее гаспадыня, то і яна бярэ да сябе прымака, які мірна жыве з ёю на правах мужа да паўналетняга ўзросту сыноў ад першага шлюбу. І тады ён, каб пазбегнуць розных сямейных спрэчак, сам сыходзіць або ж яго праганяюць падлеткі. Калі ж у ўдавы няма дзяцей ад першага шлюбу або ў яе толькі дачка, да якой яна ў далейшым прымае прымака, то апошні становіцца паўнапраўным гаспадаром хаты” [4, 97].

Існавання розных варыянтаў стварэння сям’і ставіць пытанне аб правамернасці тэрміна “купля-продаж нявесты”, гаворка хутчэй ідзе пра дамову бакоў. Калі ў першых трох выпадкаў бакамі называюцца рады, то ў двух апошніх дамаўляюцца род і асоба.

Шлюб паводле сваёй сутнасці мае агульны характар з іншымі юрыдычнымі дачыненнямі, заснаванымі на ўзаемна выражанай волі, гэта значыць на дамове, але паводле свайго прадмета і мэты адрозніваецца ад усіх іншых пагадненняў, бо накіраваны не на дзеянні і правы, што маюць рэчавую або грашовую вартасць, а на дачыненні, вызначаныя бестэрміновай дамовай.

Згода бакоў была галоўнай умовай сапраўднасці шлюбу, яе парушэнне мела вынікам несапраўднасць шлюбу. У хрысціянскую эпоху выкраданне нявесты звычайна замацоўвалася царкоўным вянчаннем.

Пасаг.

Роля жанчыны залежыць ад таго, якая частка маёмасці была ўкладзена ў гаспадарку бацькоў жаніха.

Канцэпцыя пасагу, які гарантаваў маёмасныя інтарэсы жонкі, палягала ў тым, што на час шлюбу маёмасць, што складае пасаг, паступала ў карыстанне сям'і. У выпадку спынення шлюбу з прычыны смерці жонкі спадчына на пасаг належала дзецям, а пры іх адсутнасці ён вяртаўся асобам, якія забяспечвалі пасаг (бацькам, родным).

У Беларусі пасаг пачаткова ўносіўся жонкай у сям'ю мужа, а не яму асабіста і быў істотным укладам у сямейны гаспадарчы фонд, які ўплываў на становішча жанчыны ў новай сям'і. Пасаг на працягу шлюбу заставаўся ў распараджэнні сям'і як частка супольнай сямейнай маёмасці [3].

Пасаг на беларускім Палессі абавязкова ўключаў тканае нявестай ці яе раднёй (рушнікі, адзенне і г.д.) і ў дадатак да гэтага ў залежнасці ад мясцовасці: 1) міску і талерку, 2) скот, 3) надзел зямлі.

У в. Альпень Столінскага р-на жанчына перадавала свой надзел дачкам. Гэта значыць, што спадчына перадавалася і па мацярынскай лініі.


Бібліяграфія


1. Беларуская міфалогія: Энцыклапед. Слоўн. / С. Санько, Т. Валодзіна, У. Васілевіч і інш. — Мн., 2004. — 592 с.

2. Дембровецкий А. С. Опыт описания Могилевской губернии: В 3 кн. — Могилев, 1882. Кн. 1.

3. Дзербіна Г. Права і сям'я ў Беларусі эпохі Рэнесансу. — Мн.: Тэхналогія, 1997.

4. Шейн П. В. Материалы для изучения быта и языка русского населения Северо-Западного края. — Спб., 1902. Т. 3.

Немає коментарів: