суботу, 24 грудня 2022 р.

НАРМАТЫЎНАСЦЬ КІРАВАННЯ ЯК КУЛЬТУРНЫ ФЕНОМЕН

Тоўсцік, Таццяна Нарматыўнасць кіравання як сацыяльны феномен // Сборник Второго Международного конгресса "Психология и социология в бизнесе: актуальные проблемы современности" Минск, 21-22 апреля 2007 Минск, 2007. С. 65-67.

НАРМАТЫЎНАСЦЬ КІРАВАННЯ ЯК КУЛЬТУРНЫ ФЕНОМЕН


Т. Ц. Тоўсцік, аспірантка,

Школа сацыяльных навук, Польская Акадэмія Навук

У сучасным свеце бізнес звязваецца з наяўнасцю нейкай групы, каманды, якая здабывае грошы (забяспечвае свае патрэбы шляхам забеспячэння патрэб іншых людзей). Такім чынам адразу выяўляецца сувязь бізнесу (грошы) і сацыялогіі (група, каманда), псіхалогіі (патрэбы). 

Калі пачынаеш уяўляць паняцце бізнес, то спачатку прыходзіць на думку калектыў людзей, якімсьці чынам кіруемы, які здабывае грошы. Успамінаюцца амерыканскія фільмы з бязлітаснай пагоняй за грошамі, прыгожыя офісы, канкурэнты… Уся культура амерыканскага бізнесу, такая далёкая ад нас, як і сама амерыканская культура. Цяжка ўявіць сябе беларускі бізнес знешняму назіральніку. Першае – ён не такі развіты, як амерыканскі, другое – па гэтай прычыне закрыты, па трэцяе – мае другія культурныя арыенціры. 

У сваім дакладзе я бы хацела закрануць пытанне нарматыўнасці кіравання як магчымасці кіравання ўвогуле. Ні водны чалавек ні воднага грамадства не будзе нічога рабіць дабравольна, калі ён не можа ўпісаць прапанаваную норму паводзін у стэрэатып сваіх асабістых паводзін. Міжасабовая камунікацыя абапіраецца на індывідуальны вопыт і магчыма толькі пры пэўнай ступені яго існаванні ў удзельнікаў кантакту. 

Аперацыйныя параметры для апісання ўплыву культуры на дзейнасць чалавека і развіццё грамадства былі сфармуляваны ў працах антраполагаў Ф.Клукхона і Ф.Шрадбэка, лінгвіста і антраполага Э.Хола, сацыёлага і псіхолага Г.Хафстэдэ. Клукхон і Шрадбек звярнулі ўвагу на культурную розніцу ў сістэмах каштоўнасцяў, якія ў асноўным складаюць карціну свету дадзенай культуры. Ў гэтую карціну свету ўваходзяць такія фундаментальныя рэчы, як стаўленне да часу, да дзейнасці, да прыроды, уяўленні пра каштоўнасці міжасабовых зносін. Па меры развіцця многіх краін і рэгіёнаў, рэвалюцыйных змен у тэхналогіі, глабалізацыі бізнесу шчыльнасць і інтэнсіўнасць кантактаў паміж прадстаўнікамі розных культур павялічвалася і працягвае павялічвацца. Гэтыя практычныя патрэбы былі падтрыманы зменамі ў грамадскай свядомасці і культуры і, у першую чаргу, постмадэрнісцкай адмовай ад еўрацэнтрычных падыходаў у гуманітарных і грамадскіх навуках.

Вядомы сацыёлаг і спецыяліст па тэорыі кіравання Гірт Хафстэдэ ў выніку праведзенага ім у канцы 1970-х гадоў шырокага даследавання змог сфармуліраваць чатыры прыналежнасці, якія апісваюць нацыянальныя культуры адносна адна адной па шкале кожнага з параметраў.

Дыстанцыя ўлады. Ступень, у якой грамадства прымае нераўнамерны падзел улады паміж яго членамі. У культурах з нізкай дыстанцыяй улады (напрыклад, у Скандынавіі) камунікатыўны стыль палітыкаў відавочна адрозніваецца, напрыклад ад Турцыі, дзе палітык павінен выпраменьваць паважнасць і магутнасць. 

Індывідуалізм. Ступень, у якой грамадства згодна з тым, што погляды і дзеянні асобнай адзінкі могуць быць незалежны ад калектыўных альбо групавых перакананняў і дзеянняў (ЗША) Калектывізм, наадварот, азначае, што людзі павінны суадносіць свае перакананні і учынкі з тым, што лічыць група (сям’я, арганізацыя, партыя). У такіх культурах (Лацінская Амерыка, арабскі Усход, паўднёва-ўсходняя Азія) у выбары, які ажыццяўляе індывідуум, вельмі вялікая роля групы – напрыклад, сям’і. 

Пазбяганне нявызначанасці. Ступень, у якой члены грамадства адчуваюць сябе няўпэўнена ў нявызначаных, датэрмінова не сканструяваных сітуацыях і не спрабуюць пазбегчы іх шляхам выпрацавання правіл, формул і рытуалаў і адмаўляюцца мірыцца з паводзінамі, якія адхіляюцца ад стандарту. Грамадства з высокай ступенню пазбяганне нявызначанасці баяцца інавацый, падтрымліваюць шуканні абсалютнай ісціны. Тут прыкладам можа служыць Беларусь і Польшча.

Арыентацыя на дасягненне поспеху. Ступень, у якой грамадства арыентавана на дасягненне поспеху, націск, рашэнне задач, набыццё рэчаў. Гэта супрацьпастаўляецца ідэям якасці жыцця – клопату пра іншых, салідарнасці з групай, дапамозе меней удалым. Культуры яўна арыентаваныя на дасягненне поспеху супрацьпастаўляюць традыцыйныя мужчынскія і жаночыя сацыяльныя ролі. Поспех – у тым ліку і для жанчын – асацыіруецца з праявамі “мужчынскіх” якасцяў. Да культур высока арыентаваных на дасягненне поспеху ў роўнай ступені прыналежаць супрацьлеглыя ва многіх іншых адносінах ЗША і Японія. Да культур нізка арыентаваных на дасягненне поспеху – скандынаўскія краіны.

Бізнес як культурны феномен носіць нацыянальны характар. Уся гама чалавечых узаемаадносін (практык рэагавання на сітуацыю, паразумення паміж партнёрамі, практык здабыцця ведаў, практык настаўніцтва) адлюстроўваецца ў бізнесе. Уся антрапалогія чалавецтва выяўляе сабой антрапалогію бізнесу і падзяляецца на дзве сферы дзейнасці: бізнес сярод сваякоў (польскі тэрмін ‘gospodarka rodzinna’, ангельскі – family business) і паза сваяцкімі сувязямі. Сучасны распад сваяцкіх сувязяў, які фіксуюць заходнія сацыёлагі, звязваецца імі менавіта з распадам гаспадаркі, пабудаванай на сваяцкіх сувязях. На Беларусі сваяцкае гаспадаранне моцна захоўваецца на вёсцы, чаму спрыяюць

    • цяжкія ўмовы жыцця, якія абмяжоўваюць індывідуалізацыю адзінак сваяцкай сістэмы,

    • адсутнасць неабходнасці ў грашовых адносінах паміж сваякамі, практыкаванне недыферэнцыйнай аплаты ў выглядзе прац за паслугі альбо платы натуральнымі прадуктамі,

    • адсутнасць раздзялення працы на сям’ю і бізнесу.

Усе гэтыя фактары, а таксама векавая практыка адносін у сферы сваяцкага бізнесу робяць яго неверагодна ўстойлівым нават у самых горшых умовах. 

Канцэнтрацыя ўвагі на гаспадары-вяскоўцы актуальна па той простай прычыне, што менавіта яна стала вядучай нормай паводзін у кіраванні беларускай дзяржавай і вытворчымі, гандлёвымі арганізацыямі. Сучаснае старэйшае звяно беларускіх кіраўнікоў з'яўляецца па паходжанню вяскоўцамі.

Для апісання беларускага тыпу кіравання неабходна засяродзіцца на выяўленні нацыянальнай і этнічнай спецыфікі малых вясковых калектываў як рэпрэзентатыўных адзінак, на базе якіх магчыма развіццё ідэі беларускага бізнесу. Такім шляхам магчыма дасягнуць выяўлення традыцыйных канцэптаў, з дапамогаю якіх можна апісаць кіраванне ў сямейных вясковых калектывах і ў макрагрупах; мадэль традыцыйных ведаў па кіраванню ў гэтых калектывах; выявіць магчымасць параўнання паміж этнічнымі і рэгіянальнымі сістэмамі кіравання ў сямейных вясковых вытворчых калектывах і іх прадукцыйнасцю.

Немає коментарів: