суботу, 24 грудня 2022 р.

ЗАПОІНЫ Ў ВЯСЕЛЛІ СЛАВЯНСКІХ НАРОДАЎ (СЕМАНТЫКА І ПАРАЎНАЎЧЫ АСПЕКТ). Рытуальныя формулы ў абрадзе сватання славян

Тоўсцік Таццяна Запоіны ў вяселлі славянскіх народаў (семантыка і параўнаўчы аспект) // Менталитет славян и интеграционные процессы: история, современность, перспективы» Гомель, 26-27 мая 2005 г. Гомель: ГГТУ, 2005. - С. 136-137.

ЗАПОІНЫ Ў ВЯСЕЛЛІ СЛАВЯНСКІХ НАРОДАЎ 

(СЕМАНТЫКА І ПАРАЎНАЎЧЫ АСПЕКТ)

Т. Ц. Тоўсцік


Вяселлю cлавян папярэднічае заключэнне дамовы аб ім — сватанне. Сватанне з’яўляецца культурай паводзін славян у азначаны перыяд. Матэрыяламі да артыкула сталі ўласныя запісы аповедаў пра сватанне ў 1930 —1990 гады на Беларусі, запісы аповедаў пра сватанне Кольберга ў Польшчы [30, 31], “Каментарыі да польскага этнаграфічнага атласу” [19, 20], этналінгвістычны слоўнік Расійскай АН “Славянскія старажытнасці” [21, 22, 23], “Рускі вясельны абрад” [7, 24], матэрыялы гісторыка-этнаграфічнага даследавання “Палессе Украіны” [28], запісы беларускага [3, 29] і балгарскага вяселля [32]. Аўтар мае на мэце  з дапамогаю структурнага аналізу паказаць разнастайнасць форм сватання і патлумачыць яго функцыянаванне.

Тэрмін рытуальны тэкст адпавядае разуменню У. М. Тапарова як тэкст, які захоўваюцца ў часе і прасторы і рэалізуе два супрацьлеглых аспекты: з аднаго боку, актуальную канкрэтнасць (тут і зараз), з другога боку, патэнцыяльную невычарпальнасць (паўсюдна і заўсёды) і множнасць сэнсаў, здольных адгукацца на розныя сітуацыі [25, 33].

Сваты, пераступіўшы парог, тлумачылі свой прыход. Адбываўся гандаль цялушкі, казы, кабылкі ці проста дзяўчыны; гучалі просьбы пераначаваць; злавіць куніцу, якая выпадкова забегла ў двор. У сватанні вылучаюцца наступныя традыцыйныя рытуальныя формулы:

I. У вас, а ў нас.

„У вас дзеўка, а ў нас хлопец” (в. Ворнаўка Кармянскага раёна, в. Пухавічы Жыткавіцкага раёна) [12, 237, 278]. „У вас цёлачка, а ў нас бычок” (в. Хлупін Жыткавіцкага раёна, г. Рэчыца Рэчыцкага раёна) [12, 242, 394], „Byczka do waszej jałoszki prowadzą.” (в.Wiszniów каля Hrubieszowa), просяць аддаць „юничка за своето бикче” у балгар [13, 31].

II. Прадаёце.

„Прадаёце цёлачку” (в. Берэставец, в. Задуб’е Кармянскага раёна, в. Кабанаўка Ельскага раёна, в. Агароднікі, г. Калінкавічы Калінкавіцкага раёна, в. Маркоўскае Лельчыцкага раёна, в.Гажын Нараўлянскага раёна, в. Высокае Хойніцкага раёна) [12, 206, 265, 274, 283, 315, 350, 440; 3, 81; 13, 31; 14, 582]. „Прадаёце жэрэбку ці цялічку” (в. Іванаўка, Любавічы, Малінскі, Рубежыўка Народзінскага раёна Жытомірскай вобласці) [12, 298]. „Прадаёце каня, жэрабіц”’ (в. Dzierzązna каля Sieradza) [3, 85]. Набываюць кароўку ў балгар [13, 31]. Набываюць самку мула ў балгар [13, 31]. Набываюць некалькі жывёл адразу: “konia, krowę” (Woźniki, ok. Piotrkowa Trybunalskiego) [3, 85]. Набываюць „gołybkow” (в. Potulin каля Wągrowca) [3, 85]. Просяць аддаць карову за вала – „крава за своя вол” у балгар [13, 31]. Просяць аддаць качку за качара– „юрдечка за своя юрдек” у балгар [13, 31]. Просяць аддаць гуску за гуся – „патка за своя паток” у балгар [13, 31]. Набываюць дзяўчыну ў палякаў [3, 85]. Формула: тавар — купец (в. Хлупін Жыткавіцкага раёна, в. Старадубка Лоеўскага раёна, в. Зашчоўб’е Рэчыцкага раёна) [12, 242, 319, 398]. У расейцаў таварам называлі маладога [9, 163].

III. Заблукалі.

„Заблукалі ў дарозе” (в. Кароцькі Кармянскага раёна, в.Семурадцы Жыткавіцкага раёна) [12, 216, 276]. „Заблукалі ў дарозе” + „Прадаёце цёлачку” (в. Ванюжычы Петрыкаўскага раёна, в. Азяршчына Рэчыцкага раёна, в. Шарын Ельскага раёна) [12, 354, 403].

IV. Збегла.

„Жарэбка, цялушка збегла са двара” (в. Малыя Аўцюкі Калінкавіцкага раёна) [12, 263]. ”Nasza kura uciekła” (в. Stubienko каля Radymna) [3, 85]. У Столінскім раёне сваты шукаюць бычка, які заблудзіўся [14, 582]. „Zabłąkała nam się białą gąska do waszego stada, a ten gąsiorek bardzo tęskni” (в. Siekierki, Iwno каля Kosterzena) [1, 203].

V. Ловяць.

„Маладзец-стралец бег за куніцай, яна забегла ў ва двор” (в. Валаўск Ельскага раёна) [15; 14, 582]. Ловяць лісіцу ў міжрэччы Ужа і Цецярава [10, 298].

VI. Прасторавыя адносіны.

Перасадзіць ружу ў свой сад ці купіць ружу у балгар [13, 31; 14, 582]. Знішчыць агароджы паміж стадамі сваіх авец у балгар [13, 31].

Такім чынам, варыянты ў большасці выпадкаў супадаюць. Звычайна пры сельскагаспадарчай накіраванасці рытуальных формул маладая параўноўваецца з цялушкай, жаробкай, самкай мула, качкай, гускай, а малады – з канём, жарабём, валом, качарам, гусям. Сіметрычнасць называння хлопца і дзяўчыны аднымі і тымі ж жывёламі назіраецца ў балгар і палякаў. Калі размова ідзе пра паляванне, то тут выступаюць куніца, лісіца як персанаж маладой і паляўнічы як персанаж маладога. Нідзе, апроч як у балгар, не сустракаецца імкненне метафарычна перамясціць маладую ў прастору маладога, пры гэтым персанаж маладога не выступае: перасадзіць ружу ў сад бацькоў маладога ці аб’яднаць агароджы, у якіх пасвяцца оўцы.


Крыніцы


1. Kolberg Oskar. Lud. T. 9. Cz.I. Poznańskie. Kraków, 1963.

2. Kolberg Oskar. Obraz etnograficzny. T. 5. Mazowsze. Podlasie. Kraków, 1964.

3. Kamentarze do Polskiego Atlasu Etnograficznego. T.VIII.Anna Drożdż, Agnieszka Pieńczak. Zwyczaje i obrzędy weselny. Т.8.Część I. Od zalotów do ślubu cywilnego. Polskie wydawnictwo ludoznawcze. Wrocław-Cieszyn, 2004

4. Kamentarze do Polskiego Atlasu Etnograficznego. T.VII.Anna Drożdż. Pomoc wzajemna. Współdziałania społeczne i pomoc sąsiedzka. Wrocław-Cieszyn, 2002

5. Славянские древности. Т. 1. М., 1995.

6.  Славянские древности. Т. 3. М., 2004.

7.  Славянские древности. Т. 2. М., 1999.

8. Архіў ГГКА “Талака” Петрыкаўскі раён 1999. Запісана Л. Шчыраковай у в. Славінск Петрыкаўскага р-ну Гомельскай вобл. ад Пінчук Марыі Антонаўны, 1948 г. н. у 1999 г. 9. Русский свадебный обряд/Под ред. К.В. Чистова и Т.А. Бернштайм. Л., 1978

10. Полісся України: матеріали історико-этнографічного дослідження. Вип. 3. У межиріччі Ужа і Тетерева. 1996. — Львів, 2003.

11. Вяселле: Абрад / Уклад., уступ і каментар К. А. Цвіркі. – Мн.: Бел. Навука, 2004.– 683 с.

12. Вяселле на Гомельшчыне. Укл. І.Ф. Штэйнер, В.С. Новак. Мн., 2003.

13. Иванова Р. Българската фолклорна сватба. София, 1984.

14. Памяць Столінскага раёна. Мн., 2003

15. Архіў ГГКА “Талака” Ельскі раён 1997. Запісана В. С. Новак у в. Валаўск Ельскага раёна Гомельскай вобл. ад Шарай Надзеі, 1907 г нар. у 1997 г.


Немає коментарів: