суботу, 24 грудня 2022 р.

СВАТАННЕ ЯК ГІСТАРЫЧНА-КУЛЬТУРНАЯ КАШТОЎНАСЦЬ

Тоўсцік, Таццяна Сватанне як гісторыка-культурная каштоўнасць // II Няфёдаўскія чытанні. З подзвігам у сэрцы: тэма Вялікай Айчыннай вайны ў беларускім мастацтве XX — пачатку ХХІ стагоддзя: Зб. матэрыялаў Міжнароднай навукова-творчай канферэнцыі (г. Мінск, 24—25.03.2005) / Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў, Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. — Мінск: Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў, 2005. — С. 143—144.

СВАТАННЕ ЯК ГІСТАРЫЧНА-КУЛЬТУРНАЯ КАШТОЎНАСЦЬ

Т. Ц. Толсцік (Гомель)

Гістарычна-культурным здабыткам з`яўляецца сукупнасць адметных вынікаў і сведкаў гістарычнага і духоўнага развіцця народа Беларусі, увасобленых у гісторыка-культурныя каштоўнасці. На маю думку адным з такіх здабыткаў з`яўляецца сватанне. Пад сватаннем я разумею ўсе этапы дамоў пра шлюб паміж бакамі, якія праходзілі перад вяселлем, так як у розных мясцовасцях і ў розны час гэтыя этапы па рознаму выглядалі, называліся, і мелі розныя функцыі. Звычайна на першых этапах паведамлялася аб жаданні засватаць, а на апошніх разглядаліся канкрэтныя ўмовы правядзення вяселля і далейшага жыцця маладых.

Гістарычна-культурная каштоўнасць – гэта найбольш адметныя матэрыяльныя аб`екты і нематэрыяльныя праявы чалавечай творчасці, якія маюць адметныя духоўныя, эстэтычныя і дакументальныя вартасці. Каштоўнасць сватання ў яе ролі злучэння і дэманстравання адносін сваяцтва паміж асобамі і паміж радамі. Калі разумець сватанне як дамову, то нават у сучасным гарадскім грамадстве яно існуе і па сутнасці не можа знікнуць, бо перад тым як пачаць сумеснае жыццё, аб яго ўмовах неабходна дамовіца. Мінімальныя носьбіты сватання – хлопец і дзеўка, якія вырашылі ажаніцца. Сацыяльныя ўмовы існавання – постіндустрыльнае грамадства. Тым больш існаванне сватання відавочна ва ўмовах радавога грамадства, якое да сённяшняга часу назіраецца ў вёсцы, дзе дамовы адбываюцца паміж радамі, якія бяруць на сябе частку адказнасці за дабрабыт маладой сям`і, між тым як прыняцце рашэння аб шлюбе належыць самім маладым. Немалую ролю іграюць удзельнікі сватання. Больш актыўна сябе паводзяць тыя, хто прыходзяць у сваты. Сярод іх могуць быць сам хлопец, сват, бацькі хлопца, бацькі дзеўкі, хросныя бацькі, браты і сёстры, дзядзькі, цёткі, іншыя сваякі, а таксама сябры хлопца, бацькі ці маці. Сваю адказнасць род ажыццяўляе ў форме пасагу і перапою. Пасаг даюць маці і бацька маладых перад вяселлем, а іншыя сваякі надзяляюць маладых у час вяселля, абяцаючы на каравай тое, што аддаюць праз нейкі час у новаствораную сям`ю.

Калі разглядаць карэляцыю паміж дзейнымі асобамі ў сватанні і прыняццем рашэння аб маёмасці, то, грунтуючыся на вышэй прыведзеных прыкладах, мы бачым, што да сярэдзіны ХХ ст. прымаў рашэнне аб пасагу гаспадар, пры тым, што на пачатковым этапе дзейнымі асобамі маглі быць як людзі, не адказныя за пасаг (хлопец, сват, сваякі хлопца ці гаспадыні), так і сам гаспадар. Дапамога радоў маладой сям`і залежала ад таго, наколькі яны былі ўключаны ў працэс стварэння сям`і. Калі рашэнне пра стварэнне сям`і была прэрагатывай радоў, то новая сям`я атрымлівала матэрыяльныя гарантыі. Калі рашэнне аб шлюбе прымалі самі маладыя, то род мог як прымаць, так і не прымаць удзел у іх падтрымцы.

Вось прыклад сватання ў в. Курганне Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці пасляваеннага час ХХ ст. Хлопец і дзеўка самастойна прымалі рашэнне аб шлюбе, дамовіўшыся да сватання. Сватанне рабіла гэта рашэнне легітымным. Засватаць прыходзілі жаніх, бацька жаніха і хросны бацька. На гэтым сватанне “заповінах” было вырашана, што бацькі з абодвух бакоў пабудуюць хату маладым і бацька маладой выдзеліць ім зямлю пад агарод. Гэта значыць, што былі дасягнуты дамовы другога тыпу — пра далейшае жыццё маладых. Тут жа і дамовіліся пра вяселле. Пасаг маладой, як і пасаг маладога аддалі толькі пасля ўтварэння маладымі самастойнай гаспадаркі — праз год пасля вяселля і нараджэння дзіцяці. Такім чынам пасаг маладой зусім не знаходзіўся ў карыстанні сям’і мужа. Такая схема ўзаемадачыненняў была і пры сватанні бацькоў інфарматаркі. Але не заўсёды бацькі будавалі хату маладым. Так, не было такога звычая ў в. Нямкі Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці. 

Пасаг мае доўгую гісторыю. Што давалі ў пасаг, залежала ад таго, ці прыносіўся пасаг у агульную сям`ю сужэнца, ці маладыя стваралі асобную сям`ю. Пасаг мог вагацца ад талеркі з лыжкай (в. Чэрнічы Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці) да выгана зямлі (в. Казіміраўка Лоеўскага раёна Гомельскай вобласці). Распаўсюджаным пасагам была пасцель (рушнікі, кубел) – в. Шарын Ельскага раёна, в. Олба Жлобінскага раёна, в. Пыхань Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці. Часам зямля, скот і куфар мелі розныя варыяцыі (в. Гарбавічы Калінкавіцкага раёна, в. Зялёная паляна Кармянскага раёна, в. Новыя Залюцічы Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці, в. Альпень Столінскага раёна Брэстскай вобласці. У магілёўскіх мяшчан пасаг хлопца складаўся з двара, які пабудаваў яму бацька, пасаг дзеўкі — агарод, маргі, выправа [1, 222—224].

Перапой давалі ў час вяселля, праз нейкі час пасля вяселля (але не больш, чым праз год) і пры выхадзе маладых з сям`і бацькоў, у якіх яны жылі першы час пасля вяселля. “Каліся ішла замуж, дак дарылі подаркі і запісвалі ўсё на столі. Вот беруць вілкі, значыць дзеляць каровай там, вызываюць, і еты сват ужо, другі ці трэці пішаць, чырыць на столі. Да, та ужэ курыцу дорыць, запісвуе. Глядзіць, штоб аддала. Тыя ўжо вутку дораць – тожэ. Тая парася – тожэ. І чыруць буквы етыя. Ці парасі, ці курыца, ці што-небудзь. Ужэ там по восені ці по весне, як вычруць тую” (в. Казіміраўка Лоеўскага раёна Гомельскай вобласці).

Пры ўсёй разнастайнасці матэрыяльнага заахвочвання маладой сям`і пасагі і перапоі ў кожнай азначанай вёсцы былі дакладна вызначаны. Галоўнымі чыннікамі для заключэння шлюбу былі маёмасныя інтарэсы. Гэтым вызначаўся ўдзел у сватанні бацькоў жаніха і нявесты, іх бліжэйшых сваякоў. Устойлівасць традыцыйнай сям`і была заснавана на сваяцкіх сувязях, жорстка вызначанай схеме ўзаемадачыненняў унутры соцыума, якая гарантавала бяспеку сваім чальцам і матэрыяльную падтрымку. Такім чынам, маладая сям`я адчувала бяспеку і падтрымку грамадства. Менавіта гэта дазволіла ёй даіснаваць да нашых дзён. Перарыў сваяцкіх сувязяў і адсутнасць падтрымкі негатыўна адбіваецца на яе сённяшнім становішчы і з`яўляецца небяспекай для сям`і як для гістарычна-культурнага здабытка. Увасобленныя духоўныя каштоўнасці, сутнасць ці адметныя вартасці поўнасцю ці часткова губляюцца са знікненнем іх стваральнікаў, носьбітаў ці змяненнем сацыяльных умоў іх існавання.

1. Вяселле: абрад. Мн., 1978.

Немає коментарів: