субота, 24 грудня 2022 р.

ВЫЯЎЛЕННЕ ПРАСТОРАВА-ЧАСАВЫХ АДНОСІН У МІФІЧНАЙ І РЭАЛЬНАЙ ПРАСТОРЫ СЮЖЭТА: НА МАТЭРЫЯЛЕ КАЛЯДНЫХ І ВЯСНОВЫХ ПЕСЕНЬ ГОМЕЛЬСКАЙ ВОБЛАСЦІ

 Тоўсцік Т. Ц. Выяўленне прасторава-часавых адносін у міфічнай і рэальнай прасторы сюжэта: (на матэрыяле калядных і вясновых песень Гомельскай вобласці) // Текст. Язык. Человек: сборник научных трудов : в 2 ч. / Министерство образования Республики Беларусь, Мозырский государственный педагогический университет им. И. П. Шамякина; [ответственные редакторы: С. Б. Кураш, В. Ф. Русецкий]. — Ч. 2. Мазырь, 2007 — С. 100--102


ВЫЯЎЛЕННЕ ПРАСТОРАВА-ЧАСАВЫХ АДНОСІН У 

МІФІЧНАЙ І РЭАЛЬНАЙ ПРАСТОРЫ СЮЖЭТА:

НА МАТЭРЫЯЛЕ КАЛЯДНЫХ І ВЯСНОВЫХ ПЕСЕНЬ 

ГОМЕЛЬСКАЙ ВОБЛАСЦІ


Тоўсцік Т. Ц.


Аб’ект даследавання - калядныя і вясновыя песні Гомельскай вобласці як сістэма ведаў. Мэтай даследавання было прадэманстраваць паралелі ці іх адсутнасць паміж дзеяннямі, якія адбываюцца у песні і дзеяннямі асоб, якімі гэтыя песні спяваюцца. Задачай даследавання з’яўляецца выяўленне прасторава-часавых адносін у міфічнай і рэальнай прасторы сюжэта песень.

Для аналізу святаў і абрадаў быў выкарыстаны матэрыял, сабраны на працягу 1994-2003 гадоў Гомельскай Гарадской Краязнаўчай арганізацыяй “Талака” і кандыдатам філалагічных навук В.С.Новак, якая працуе ў ГДУ імя Ф. Скарыны. У працы мы карысталіся тэрмінамі У. І. Тапарова [1], С. Санько [2] (іх тэорыяй пра першаснасць дзейніка над прасторай і часам), паняцце міфічнасці мы пазычылі ў Клода Леві Строса [3], скарысталіся сюжэтным падзелам калядных песень Л. Н. Вінаградавай [4], артыкуламі “Слоўніка старажытнасцей” [5] дапамаглі нам у аналізе сабраных песень перыяду ад Каляд да Купалля пры іх суадноснасці з абрадам, часткай якіх з’яўляецца выкананне дэманстраваных песень, а таксама пры аналізе персанажаў, рэалій, якія прысутнічаюць у тэкстах. Унутраная класіфікацыя каляндарных звычаяў і абрадаў агаворваецца паводле пор года або сезонна-вытворчых цыклаў і фіксуецца з дапамогай царкоўнага калeндарa. Падзел на цыклы і паэтапны, храналагічны ў дачыненні года разгляд звычаяў і абрадаў дазваляюць бачыць іх у арганічнай сувязі з жыццём і працай чалавека.

Мы разгледзім сюжэты калядных і вясновых песень з боку часу, прасторы і дзейніка ці персанажа. Песні разглядаюцца як варыянт міфа, адпаведна маюць міфічны час, міфічную прастору і міфічнага персанажа ці, інакш кажучы, ідэальны час, ідэальную прастору і ідэальны персанаж з большым ухілам ў бок дзейніка ці персанажа, як дамінуючага і канструктуруючага элемента згодна з думкамі У. І. Тапарова і С. Санько. “Тое, як персанаж дзейнічае, шмат у чым залежыць ад таго, што ён сабой уяўляе” [6]. “Істотна толькі тое, што сакралізавана”, а сакралізавана толькі тое, што народжана пры

акце тварэння” [1].”Значэнне міфа ў тым, што падзеі, якія маюць месца ў дадзены момант часу, існуюць па-за часам” [3]. Абапіраючыся на гэтыя палажэнні мы падзелім наш матэрыял на прымеркаваны да пор года і гаспадарчых работ і не прымеркаваны у залежнасці ад таго накладаюцца ці не накладаюцца ў іх міфічны і сапраўдны час. Гэтае налажэнне залежыць ад таго, ці ў поўную меру рэалізуюцца характарыстыкі дзейніка. Мы разглядзім з пункту гледжання прасторы і часу калядныя тэксты. Сюжэтныя сітуацыі, ў якіх супадаюць міфічны і сапраўдны час пазначаны курсівам, a сюжэтныя сітуацыі, ў якіх супадаюць міфічны і сапраўдны час, пазначаны паўтлустым курсівам.

1. Калядныя песні і прыказкі.

1.1. Якія выконваюцца калядоўшчыкамі (літаральна – людзьмі з вуліцы) суадносна з класіфікацыяй Л. Н. Вінаградавай [4].

1. Калядныя песні і прыказкі.

1.1. Якія выконваюцца калядоўшчыкамі.

1.1.1. Вітальныя словы, просьба дазволу калядаваць.

Сюжэтныя сітуацыі. ”Каўбасу чую,”“Ці пусціце казлоў,“ Мы не самі прышлі,”“Пазвольце спяваць!”, “Гаспадані,” “Адчыні акно.”

1.1.2. Песні, дзе узгадваецца Ісус Хрыстос.

Сюжэтныя сітуацыі. “Спрад вешні,”, “Два анголы,”“Госпад купаўся,”“Ангол прыляцеў,” “Ірад,” “Тры праздніка,” “Растворылося неба,” “Новіна,” “Божа маці рызы прала,” “Парадзіла, спавіла сына.”

1.1.3. Песні, прысвечаныя гаспадарам і іх дарослым дзецям.

1.1.3.1. Песні, прысвечаныя гаспадару.

Сюжэтныя сітуацыі. “Ці дома?”, “Ці дома?+3 гасцінчыкі+перавоз,” “Ці дома?+3 госця,” “Ці дома?+ці дома пані твая?”

1.1.3.1. Песні, прысвечаныя гаспадыні.

Сюжэтныя сітуацыі. “Здарова семеюшка?”, “Ілля на Васіля нося дугу, дзе махне... Няхай, цётачка, Бог памагае.”

1.1.4. Песні пра казу і перапёлку.

1.1.4. Песні пра казу.

Сюжэтныя сітуацыі. “Рогі праела+стогі,” “Рогі праела+каза расла+стогі,” “ Рогі праела+расхадзіся+дары,” “Стогі,” “Жыта родзіць+родзіць казеня,” “Козлік развесяліся+дары,” “Дары,” “Казёл паварочайся+стогі,” “Мерачка скупая+каза расла.”

1.1.4. Песні пра перапёлку.

Сюжэтнaя сітуацыя. “Адкуль вышла?”

1.1.5. Песні пра Каляду.

Сюжэтныя сітуацыі. “Прыехала Каляда+Гаспадыня, жані сына!”, “Прыйшла Каляда+пірагі прынесла,” “Прыехала Каляда+Чым даруеш?”, “Прыехала Каляда+Маці піражкі пекла.”

1.2.Прыказкі, якія кажуцца у хаце сваякамі на каляднай вячэры, калі завуць мароза і птушак.

Сюжэтныя сітуацыi. “Мароз, хадзі куццю есці,” “Мароз, хадзі куццю есці+жалезная пуга,” “Мароз, хадзі куццю есці+па лету не бывай,” “Робейкі, хадзіце куццю есці+па лету не бывайце.”

2.Веснавыя песні і прыказкі.

2.1.Песні, якімі гукаюць вясну.

Сюжэтныя сітуацыі. “Ці була зіма?”, “Дзе твая дачка?+спляту нучкі,” “Дурна замуж пайшла,” “Пад лёд кужэлькі,” “Вол бушуе,” “Вясна, прыдзі!”, “Што прынесла?”

2.2. Карагодныя песні, якія выконваюцца на Стрэчанне(Запускі), Саракі, Благавешчанне, Вялікдзень, Ушэсце.

Сюжэтныя сітуацыі. “Мудрованька пахне,” “Дзеўкі карагоды вадзілі+укланюся,” “Вышчыпну вінаградачку,” “Брат і сястра,”“Ванюшу маці сабірала ў дарогу,” “У карагодзе выбіраю,” “Убілі маладога казака. Абсадзілі маліну калінай,” “Гуляла парачка(гульня),” “Вуліца мала,” “Вуліца мала+выбіраю,” “Каліна – дуб, дзеўка – хлопец,” “Хто жонкі не мае, той ...”, “Дзеўкі карагоды вадзілі+за чацвёртага пайду,” “Атрубалі жабке лапку,” “Дзешавой тавар,” “Шырокае возера – вуліца, арол – гусачка, хлопец – дзеўка,” “Салдацік. Убіла брата,” “Павяду стралу на вуліцу,” “Дзевачкі-сястрыцы, падайце...”, “Мілы захварэў.Тры гадзіны дзеўка хадзіла за вадой,”:“Хлопец прадае каня” “Страла ўбіла молайца.”

2.3. Карагодныя песні, якія выконваюцца на Троіцу.

Сюжэтныя сітуацыі. “Кропе,” “Проса,” “Дрэма,” “Перапёлка,” “Пчолы. Бацька – свёкар.”

2.4. Карагодныя песні, якія выконваюцца на Юр’е.

Сюжэтныя сітуацыі. “Па жэрдачке шла. Мілы,” “ Юр’еўскі карагод,” “У сусед веліка сямейка,” “Лён,” “Бычкі бушуюць,” “Каліна зялёная,” “Шоўкавая трава,” “Бог. Дзеўка – забойца дзяцей.”

2.5. Песні і замовы на карову, прымеркаваныя да Юр’я.

Сюжэтныя сітуацыі. “Рікнула карованька,” “Пасіся, кароўка,” “Пчолы,” “Сівы волы.”

2.6.Лясныя песні, якія выконваюцца пры выпасе кароў і ў ягадах.

Сюжэтныя сітуацыі. “Жураўлі,” “Каліна,” “Прыбудзь, міленькі!”

2.7.Купальскія песні.

Сюжэтныя сітуацыі. “Крадзём хлопца,” “Іван купаўся. Барада дрыжыць,” “Пойдзем, Ваня, у чыста поле!”, “Шла Купалка. Жыта пільнаваць,” “Ноч малая,” “Вяночкі ў лузе,” “Рана замуж.”

Як бачым, зімовыя песні ў большай частцы не звязаны з цяперашнім часам. Гэта абсалютна справядліва да песень гаспадарчага цыклу, у якіх галоўная мэта – падкрэсліць якасці руплівага гаспадара, асноўная праца якога адбываецца ў полі, на паляванні, на вайне. Часам гаспадар з гаспадыняй займаюцца працай у сваім падворку, у гумне, у хаце, у царкве – тады міфалагічны і цяперашні час супадаюць. Персанажы будуюць прастору і час. Гаспадар засцілае сталы, сядзіць за сталом з госпадам Богам, арэ , даглядае пчол. Дзеўка – каралеўна, упрыгожваецца, атрымоўвае падарункі, жне жыта, шые кашулечку, пасе бычку, прадзе нучку, трымае перавоз. Хлопец ходзіць з канём па двару, едзе на паляванне, на вайну, у вандроўку, па нявесту, арэ поле. Цікавы і неадназначна разглядаецца ў навуковай літаратуры персанаж казы [7]. Зробім і сваю спробу растлумачыць яе дзіўныя паводзіны з пункту гледжання сучаснай практыкі. Каза, на нашу думку, мае некалькі ўвасабленняў. Як нядбайная гаспадыня – якая ў той жа час не перастае выглядаць па казінаму і жыць у сваім прыродным асяроддзі – яна праела рогі на соль, іначай кажучы, прадала рогі, каб набыць соль, і раскідала дзетак па лесе. Як дзікая жывёліна, яна жыве ў лесе і сустракае там воўка, зайца, а потым стральцоў. Што тычыцца такіх персанажаў, як Каляда і Мароз, то яны з’яўляюцца толькі на святы, таму і ў гэтым выпадку міфалагічны і цяперашні час супадаюць. Такім чынам, міфалагічны і цяперашні час залежаць ад дзейніка. У вясновых песнях міфалагічны і цяперашні час супадаюць, іх мэта – загукаць вясну. Выключэннем з’яўляюцца песні, выконваемыя ў час провадаў вясны ці Стралы, у якіх гаворыцца пра забойства. “Стрэльныя”(тэрмін выканаўцаў) песні па меркаванню прыхільніка школы Н. І. Талстога Ю. І. Смірнова з’яўляюцца баладамі і толькі сюжэтна былі прымеркаваны да Стралы [8].

У веснавых песнях часцей за ўсё міфічная і рэальная прастора супадаюць. Дзейнік у абрадавых песнях калядна-вясновага перыяду займае першаснае месца. Якасныя характарыстыкі дзейніка вызначаюць і час і прастору. Калі праяўленне якасцей дзейніка немагчымы ў цяперашнім часе і прасторы, то выканаўцамі абраду і песень выбіраецца міфічны час і прастора. Наваі хутчэй наадварот. Міфічныя час і прастора існуюць заўсёды і незалежна ад рэальнай сітуацыі, а цяперашнія час і прастора у спрыяльных умовах для выяўлення якасцей дзейніка супадаюць з міфічнымі часам і прасторай. Часцей гэта адбываецца ўвесну, калі вяртанне да пачатку Сусвету (а міфічны час і прастора – гэта нязменныя катэгорыі пачатку Сусвету) стымулюе вясновае ўзбуджэнне прыроды і заахвочвае людзей да заняткаў сельска-гаспадарчай працай і заляцання, а потым шлюбу.


Літаратура

1. Топоров В.Н. О ритуале. Введение в проблематику. – М., 1988.

2. Санько С. Курс лекцый. Беларуская культурная традыцыя. Санько С. Некаторыя падставовыя прасторавыя і часавыя структуры ў беларускім фальклоры.// Крыўя. – Мн., 1998, №3.

3. Клод Леви-Строс. Структурная антропология. – М., 1985.

4. Виноградова Л. Н. Зимняя календарная поэзия западных и восточных славян. – М., 1982.

5. Славянские древности. Т.1. – М., 1996. Славянские древности. Т.2. – М., 1996.

6. Новик Е. С. Система персонажей русской волшебной сказки.// Типологические исследования по фольклору: Сборник статей Владимира Яковлевича Проппа (1895-1970). М., 1975. С. 217.

7. Ковалёва Р. М. Феномен Колядных «хождений» и «вождений» козы.//Восточно-славянский фольклор: поиски новых подходов. – Молодечно, 2000.

8. Смирнов Ю. И. Эпика Полесья // Славянский и балканский фольклор. – М., 1978, с. 103.


Дадатак 1.

Песьні да сюжэтаў з указаннем месцаў іх запісу і выканання.

1.1.1. Вітальныя словы, прозьба дазволу пакалядаваць.

-”Каўбасу чую.”: в. Семурадцы Жыткавіцкага р-на, в. Вышалаў, Дарашэвічы Петрыкаўскага р-на.

-“Ці пусціце казлоў?”: в. Залюцічы, Чыжоўчын хутар Жыткавіцкага р-на.

-“ Мы не самі прышлі.”: в. Валаўск Ельскага р-на.

-“пазвольце спяваць!”: в. Славінск, Ляскавічы, Дарашэвічы Петрыкаўскага р-на.

-“Гаспадані.”: в. Чэрнічы Жыткавіцкага р-на.

-“Адчыні акно.”: Чыжоўчын хутар Жыткавіцкага р-на.

1.1.2. Песні, дзе узгадваецца Ісус Хрыстос.

-“Спрад вешні.”: в. Шарын Ельскага р-на.

-“Два анголы.”: в. Грыдня Нараўлянскага р-на, в. Замошша Лельчыцкага р-на, в. Валаўск Ельскага р-на, в. Дарашэвічы, Турок Нараўлянскага р-на, в.Грабаў Жыткавіцкага р-на.

-“Госпад купаўся”: в. Антонаў Нараўлянскага р-на, в. Таўстыкі Жлобінскага р-на.

-“Ангол прыляцеў.”: в. Ананчыцы Салігорскага р-на Мінскага р-на, в.Грабаў, Семурадцы Жыткавіцкага р-на.

-“Ірад”: в. Антонаў Нараўлянскага р-на, в. Ясенок Хойніцкага р-на, в. Шарын Ельскага р-на, в. Мілевічы, Семурадцы Жыткацкага р-на.

-“Тры праздніка”: в. Завойцы Нараўлянскага р-на, в. Валаўск Ельскага р-на,

-“Растворылося неба”: в. Антонаў Нараўлянскага р-на,

-“Новіна”: в. Грушаўка Нараўлянскага р-на, в. Ясенок Хойніцкага р-на, в. Агародня гомельская Добрушскага р-на

-“Божа маці рызы прала.”: в. Ананчыцы Салігорскага р-на Мінскага р-на,

-“Парадзіла, спавіла сына.”: в. Мілевічы, Пагост, Грабаў Жыткацкага р-на.

1.1.3. Песні, прысвечаныя гаспадарам і іх дарослым дзецям.

1.1.3.1. Песні, прысвечаныя гаспадару.

-“Ці дома?”: в. Чэрнічы, Пагост, Семурадцы Жыткавіцкага р-на.

-“Ці дома?+3 гасцінчыкі+перавоз”: в. Снядзін Петрыкаўскага р-на.

-“Ці дома?+3 госця”: в. Семурадцы Жыткавіцкага р-на.

-“Ці дома?+ці дома пані твая?”: в. Мілевічы Жыткавіцкага р-на.

1.1.3.1. Песні, прысвечаныя гаспадыні.

-“Здарова семеюшка?”: в. Шэрахаўская Буда Кармянскага р-на.

-“Ілля на Васіля нося дугу, дзе махне... Няхай, цётачка, Бог памагае”: в. Агародня Гомельская Добрушскага р-на.

1.1.4. Песні пра казу і перапёлку.

1.1.4. Песні пра казу.

-“Рогі праела+стогі”: в. Арба Жлобінскага р-на.

-“Рогі праела+каза расла+стогі”: в. Ляды Жлобінскага р-на.

-“ Рогі праела+расхадзіся+дары”: в. Снядзін Петрыкаўскага р-на.

-“Стогі”: в. Турок Петрыкаўскага р-на.

-“Жыта родзіць+родзіць казеня”: в. Пагост Жыткавіцкага р-на.

-“Козлік развесяліся+дары”: в. Грабаў Жыткавіцкага р-на.

-“Дары”: в. Залюцічы Жыткавіцкага р-на.

-“Казёл паварочайся+стогі”: в. Залюцічы Жыткавіцкага р-на.

-“Мерачка скупая+каза расла”: в. Ляды Жлобінскага р-на.

1.1.4. Песні пра перапёлку.

-“Адкуль вышла?”: в. Ляды Жлобінскага р-на.

1.1.5. Песні пра Каляду.

-“Прыехала Каляда+Гаспадыня, жані сына!”: в. Чэрнічы Жыткавіцкага р-на.

-“Прыйшла Каляда+пірагі прынесла”: в. Ананчыцы Салігорскага р-на Мінскай вобласці.

-“Прыехала Каляда+Чым даруеш?”: в. Новыя Мілевічы Жыткавіцкага р-на.

-“Прыехала Каляда+Маці піражкі пекла”: в. Новыя Мілевічы Жыткавіцкага р-на.

1.2.Прыказкі, якія кажуцца у хаце сваякамі на каляднай вячэры, калі завуць мароза і птушак.

-“Мароз, хадзі куццю есці”: в. Кабанаўка Жлобінскага р-на, в. Залюцічы, Чыжоўчын хутар Жыткавіцкага р-на.

-“Мароз, хадзі куццю есці+жалезная пуга”: в. Антонаў Нараўлянскага р-на.

-“Мароз, хадзі куццю есці+па лету не бывай”: в. Залюцічы Жыткавіцкага р-на.

-“Робейкі, хадзіце куццю есці+па лету не бывайце”: в. Залюцічы Жыткавіцкага р-на.

2.Веснавыя песні і прыказкі.

2.1.Песні, якімі гукаюць вясну.

-“Ці була зіма?”: в. Антонаў Нараўлянскага р-на.

-“Дзе твая дачка?+спляту нучкі”: в. Антонаў Нараўлянскага р-на,

в. Семурадцы, Старажоўцы Жыткавіцкага р-на.

-“Дурна замуж пайшла”: в. Антонаў Нараўлянскага р-на.

-“Пад лёд кужэлькі”: в. Семурадцы, Старажоўцы Жыткавіцкага р-на,

в. Славінск, Макарэвічы, Ляскавічы, Дарашэвічы Петрыкаўскага р-на.

-“Вол бушуе”: в. Чэрнічы Жыткавіцкага р-на, в. Ананчыцы Салігорскага р-на Мінскай вобласці.

-“Вясна, прыдзі!”: в. Семурадцы Жыткавіцкага р-на.

-“Што прынесла?”: в. Семурадцы, Рычоў Жыткавіцкага р-на, в. Сідоры Столінскага р-на Брэстскага р-на.

2.2. Карагодныя песні, якія выконваюцца на Стрэчанне(Запускі), Саракі, Благавешчанне, Вялікдзень, Ушэсце.

Сюжэтныя сітуацыі.

-“Мудрованька пахне”: в. Антонаў Нараўлянскага р-на.

-“Дзеўкі карагоды вадзілі+укланюся”: в. Бабічы, Покаць Чачэрскага р-на.

-“Вышчыпну вінаградачку”: в. Покаць Чачэрскага р-на, в. Рачынск Столінскага р-на Брэстскай вобласці.

-“Брат і сястра”: в. Бабічы, Покаць Чачэрскага р-на.

-“Ванюшу маці сабірала ў дарогу”: в. Бабічы Чачэрскага р-на.

-“У карагодзе выбіраю”: в. Бабічы Чачэрскага р-на.

-“Убілі маладога казака. Абсадзілі маліну калінай”: в. Бабічы Чачэрскага р-на.

-“Гуляла парачка(гульня)”: в. Залессе Чачэрскага р-на.

-“Вуліца мала”: в. Бабічы Чачэрскага р-на.

-“Вуліца мала+выбіраю”: в. Бабічы Чачэрскага р-на.

-“Каліна – дуб, дзеўка - хлопец”: в. Таўстыкі Жлобінскага р-на.

-“Хто жонкі не мае, той ...”: в. Шарын Ельскага р-на.

-“Дзеўкі карагоды вадзілі+за чацвёртага пайду”: в. Бабічы Чачэрскага р-на.

-“Атрубалі жабке лапку”: в. Валаўск Ельскага р-на.

-“Дзешавой тавар”: в. Таўстыкі Жлобінскага р-на.

-“Шырокае возера – вуліца, арол – гусачка, хлопец – дзеўка”: в. Ляды Жлобінскага р-на.

-“Салдацік. Убіла брата”: в. Турцэвічы Калінкавіцкага р-на.

-“Павяду стралу на вуліцу”: в. Казіміраўка Лоеўскага р-на.

-“Дзевачкі-сястрыцы, падайце...”: в. Бабічы Чачэрскага р-на,

в. Кругавец, Агародня Гомельская Добрушскага р-на.

-“Мілы захварэў.Тры гадзіны дзеўка хадзіла за вадой”: в. Залессе Чачэрскага р-на, в. Залессе Кармянскага р-на.

-“Хлопец прадае каня”: в. Покаць Чачэрскага р-на.

-“Страла ўбіла молайца”: в. Турцэвічы Калінкавіцкага р-на, в. Ляды, Таўстыкі Жлобінскага р-на, в. Снядзін Петрыкаўскага р-на.

2.3. Карагодныя песні, якія выконваюцца на Троіцу.

-“Кропе”: в. Рычаў Жыткавіцкага р-на.

-“Проса”: в. Рычаў, Семурадцы Жыткавіцкага р-на.

-“Дрэма”: в. Рычаў Жыткавіцкага р-на.

-“Перапёлка”: в. Рычаў Жыткавіцкага р-на.

-“Пчолы. Бацька – свёкар”: в. Ананчыцы Салігорскага р-на Мінскай вобласці.

2.4. Карагодныя песні, якія выконваюцца на Юр’е.

-“па жэрдачке шла. Мілы”: в. Агародня Гомельская Добрушскага р-на.

-“ Юр’еўскі карагод”: в. Семурадцы, Старажоўка Жыткавіцкага р-на, в. Валаўск Ельскага р-на.

-“У сусед веліка сямейка”: в. Семурадцы Жыткавіцкага р-на.

-“Лён”: в. Чэрнічы Жыткавіцкага р-на.

-“Бычкі бушуюць”: в. Ананчыцы Салігорскага р-на Мінскай вобласці.

-“Каліна зялёная”: в. Семурадцы Жыткавіцкага р-на.

-“Шоўкавая трава”: в. Семурадцы Жыткавіцкага р-на, в. Валаўск Ельскага р-на.

-“Бог. Дзеўка – забойца дзяцей.”: в. Пагост Жыткавіцкага р-на, в. Гарбавічы Калінкавіцкага р-на.

2.5. Песні і замовы на карову, прымераваныя да Юр’я.

-“Рікнула карованька”: в. Семурадцы Жыткавіцкага р-на.

-“Пасіся, кароўка”: в. Валаўск Ельскага р-на, в. Семурадцы Жыткавіцкага р-на,

в. Грабаў Жыткавіцкага р-на.

-“Пчолы”: в. Грабаў Жыткавіцкага р-на.

-“Сівы волы”: в. Грабаў Жыткавіцкага р-на.

2.6.Лясныя песні, выконваемые пры выасе кароў і ў ягадах.

-“Жураўлі”: в. Н. Мілевічы. Жыткавіцкага р-на.

-“Каліна”: в. Н. Мілевічы. Жыткавіцкага р-на.

-“Прыбудзь, міленькі!”: в. Мілевічы. Жыткавіцкага р-на.

2.7.Купальскія песні.

-“Крадзём хлопца”: в. Ясенок Хойніцкага р-на.

-“Іван купаўся. Барада дрыжыць”: в. Мохаў Нараўлянскага р-на.

-“Пойдзем, Ваня, у чыста поле!”: в. Семурадцы Жыткавіцкага р-на.

-“Шла Купалка. Жыта пільнаваць”: в. Ананчыцы Салігорскага р-на Мінскай вобласці.

-“Ноч малая”: в. Ананчыцы Салігорскага р-на Мінскай вобласці.

-“Вяночкі ў лузе”: в. Грабаў Жыткавіцкага р-на.

-“Рана замуж”: в. Снядзін Петрыкаўскага р-на.


Дадатак 2.

Крыніцы.

1. Архіў ГГКА “Талака” Лоеўскі раён 1999. Запісана Л.Шчыраковай у в. Казіміраўка, Лоеўскага р-ну Гомельскай вобл. ад Бондар Соф’і Дмітрыеўны, 1937 г. н. у 1999г.

2. Архіў ГГКА “Талака” Петрыкаўскі раён 1999. Запісана Л.Шчыраковай у в.  Дарашэвічы Петрыкаўскага р-ну Гомельскай вобл. ад Леўчук Марыі Рыгораўны (1939) г.н. у 1999 г.

3. Вяселле: Абрад / Уклад., уступ і каментар К. А. Цвіркі. – Мн.: Бел. Навука, 2004.– 683 с.

4. Архіў ГГКА “Талака” Рагачоўскі раён 2004. Запісана Т.Тоўсцік у в. Лучын Рагачоўскага р-ну Гомельскай вобл. ад Сцяпанчыкавай Веры(1930)г.н. у 2004г.

5. Архіў ГГКА “Талака” Столінскі раён 2003. Запісана Т.Тоўсцік у в. Альшаны Столінскага р-ну Гомельскай вобл. ад Сімановіч Анастасіi Мікалаеўны (1932) г.н. у 2003 г.

6. Архіў ГГКА “Талака” Бабруйскі раён 2003. Запісана Т.Тоўсцік у в. Цялуша Бабруйскага р-ну Гомельскай вобл. ад Лось Валянціны Міхайлаўны (1941) г.н. у 2004 г.

7. Архіў ГГКА “Талака” Петрыкаўскі раён 1999. Запісана Л. Шчыраковай у в. Славінск Петрыкаўскага р-ну Гомельскай вобл. ад Пінчук Марыі Антонаўны, 1948 г. н. у 1999 г.

8. Архіў ГГКА “Талака” Петрыкаўскі раён 2005. Запісана Т.Тоўсцік у в. Смедзін (Снядзін) Петрыкаўскага р-ну Гомельскай вобл. ад Мельнікавай Вольгі Андрэеўны (1934)г.н. у 2005г.

9. Архіў ГГКА “Талака” Рагачоўскі раён 2004. Запісана Т.Тоўсцік у в. Курганне Рагачоўскага р-ну Гомельскай вобл. ад Чумаковай Ніны Якаўлеўны (1928)г.н. у 2004г.

10. Архіў ГГКА “Талака” Жыткавіцкі  раён 2003. Запісана Т.Тоўсцік у в. Старажоўцы Жыткавіцкага р-ну Гомельскай вобл. ад Рыдзецкай Ніны Максімаўны (1932)г.н. у 2003 г.

11. Архіў ГГКА “Талака” Добрушскі раён 2004. Запісана Т.Тоўсцік у в. Карма Добрушскага р-ну Гомельскай вобл. ад Хацко Ганны Рыгораўны (1931)г.н. у 2004г.

12. Архіў ГГКА “Талака” Калінкавіцкі раён 2001. Запісана Т.Тоўсцік у в. Турцэвічы Калінкавіцкага р-ну Гомельскай вобл. ад Бягун Алены Іванаўны (1936)г.н. у 2001г.

13. Архіў ГГКА “Талака” Чачэрскі раён 1995. Записана Л.Шчыраковай у в. Залессе Чачэрскага р-ну Гомельскай вобл. ад Талкуновай Еўдакіі Ягораўны (1942)г.н. у 1995г.

14. Архіў ГГКА “Талака” Жыткавіцкі  раён 2003. Запісана Т.Тоўсцік у в. Новыя Залюцічы Жыткавіцкага р-ну Гомельскай вобл. ад Майстрэнкі Надзеі Паўлаўны (1916) г.н. у 2002г.

15. Архіў ГГКА “Талака” Жыткавіцкі  раён 2003. Запісана Т. Тоўсцік у в. Новыя Мілевічы Жыткавіцкага р-ну Гомельскай вобл. ад Дуброўскай Ганны Усцінаўны (1943)г.н. у 2002г.

16. Архіў ГГКА “Талака” Ельскі раён 1997. Запісана В. С. Новак у в. Валаўск Ельскага раёна Гомельскай вобл. ад Шарай Надзеі, 1907 г нар. у 1997 г.

17. Архіў ГГКА “Талака” Брагінскі раён 1997. Запісана В. С. Новак у в. Гдзень ад старой кабеты ў 1997 г.

АБРАД СВАТАННЯ У БЕЛАРУСАЎ МАГІЛЁВА І МАГІЛЁЎСКАЙ ВОБЛАСЦІ. ПАРАЎНАЎЧЫ АСПЕКТ

Тоўсцік Т. Ц. Абрад сватання ў Магілёве і Магілёўскай вобласці // Мінулая і сучасная гісторыя Магілёва: зб. навук. прац удзельнікаў Другой Міжнар. навук. канферэнцыі “Гісторыя Магілёва: мінулае і сучаснасць” 23—24.06.2005. Музей гісторыі г. Магілёва. – Магілёў, 2005.


Толсцік Т. Ц.

АБРАД СВАТАННЯ У БЕЛАРУСАЎ МАГІЛЁВА І МАГІЛЁЎСКАЙ ВОБЛАСЦІ. ПАРАЎНАЎЧЫ АСПЕКТ


На прыкладзе абрад сватання ў беларусаў Магілёва мною ставіцца мэта прасачыць сувязь паміж абрадам і рэальнымі адносінамі двух бакоў сватання, іншымі словамі паміж сімвалічным тэкстам і канкрэтнай дамовай.

Пад тэрмінам сватанне я разумею ўсе этапы дамоў паміж бакамі, якія праходзілі перад вяселлем, так як у розных мясцовасцях і ў розны час гэтыя этапы па рознаму выглядалі, называліся, і мелі розныя функцыі. Звычайна на першых этапах паведамлялася аб жаданні засватаць, а на апошніх разглядаліся канкрэтныя ўмовы правядзення вяселля і далейшага жыцця маладых.

Тэрмін сімвалічны тэкст адпавядае разуменню У. М. Тапарова як тэкст, які захоўваецца ў часе і прасторы і рэалізуе два супрацьлеглых аспекта: з аднаго боку, актуальную канкрэтнасць (тут і зараз), з другога боку, патэнцыяльную невычарпальнасць (паўсюдна і заўсёды) і мноства сэнсаў, здольных адгукацца на розныя сітуацыі [2, 33].

Як асноўны прыклад сватання возьмем запіс канца ХІХ ст. І. В. Рубаноўскага “Вяселле. (У Магілёве)”. Найбольш дэтальна разглядаецца сватанне дзеўкі да хлопца. Сімвалічны тэкст у гэтым прыкладзе выглядае так: “Вы сыну двор пастроілі, цяпер яго жаніць трэба, а мы вам нявесту пасаветаем: дачку Стэхвана, хазяйка харошая і пасагу дадуць харушую”.

Сватанне праходзіла ў некалькі этапаў. Першая частка называлась праведкі. На праведку шлі сваячкі, ці прыяцелькі гаспадыні. Яны прыходзілі ў дом, прыдумаўшы нейкую прычыну. Іх мэта была даведацца, ці можна прыйсці ў сваты [1, 222—224]. Як бычым, ужо на першым этапе сватання казалі пра пасагі маладых у адкрытую.

Сватанне ўяўляе сабой дамову бакоў аб стварэнні сям’і. Аб чым жа канкрэтна дамаўляліся беларусы ХІХ—ХХ стагоддзяў? Гэтыя дамовы можна падзяліць на два тыпа. Першы — дамовы, якія тычыліся выдаткаў бакоў на вяселле, часу і парадку правядзення вяселля. Другі тып складалі найбольш істотныя дамовы пра маёмасць, якая стане першапачатковай для маладой сям’і, з якой, разжыўшыся, яна перайдзе ў новую хату і будзе весці сваю ўласную гаспадарку. Менавіта гэты тып дамоў разглядаюцца ў артыкуле ў параўнанне з рытуальным бокам сватання. Калі прапанова прымалася, то Магілёўскія мяшчане дамаўляцца пра канкрэтную маёмасць, якая давалася за дачкой і сынам, прыходзілі самі бацькі будучай маладой і нехта з сваякоў. Калі справа была канчаткова ўладжана, то падпісвалі “прэдбрачную”. Пасагі маладых былі дакладна вызначаны. Пасаг хлопца складаўся з двара, які пабудаваў яму бацька, пасаг дзеўкі — агарод, маргі, выправа.

Немалую ролю ў рытуальнай дамове іграюць удзельнікі сватання. Больш актыўна сябе паводзяць тыя, што прыходзяць у сваты. Сярод іх могуць быць сам хлопец, сват, бацькі хлопца, бацькі дзеўкі, хросныя бацькі, браты і сёстры, дзядзькі, цёткі, іншыя сваякі, а таксама прыяцелі хлопца, бацькі ці маці. У адпаведнасці з дзейнымі асобамі змяняўся і рытуал сватання і варыянты дамовы. У Магілёўскіх мяшчан галоўныя чыннікі для заключэння шлюбу былі маёмасныя інтарэсы. Гэтым вызначаўся ўдзел у сватанні бацькоў жаніха і нявесты, іх бліжэйшых сваякоў і адсутнасць саміх маладых, што гаворыць пра дамову радоў і немагчымасць уплыву на выбар мужа самой маладой.

Аналагічны выпадак сватання адбываўся ў пач.-сяр. ХХ ст. Ў в. Альшаны Столінскага раёна Брэстскай вобласці, але ёсць адно істотнае адрозненне. На першым этапе сватання не казалі пра пасагі маладых, а сімвалічны тэкст выглядаў больш магічным: “Мы чулі, што ў вас е конік, а ў нас е сено”. Пры гэтым дамоў пра пасаг не вялося зусім.

Вельмі часта дамоў пра пасагі не было. Сваякі маладых бралі пад увагу відавочнае багацце (зямля, скот, хата). Але ў тых выпадках, калі з першага погляду немагчыма было вызначыць, наколькі багаты супрацьлеглы бок, дамаўляліся аб пасагу на словах — гэта было характэрна для заходняй Беларусі даваеннага часу — ці падпісвалі дамову, як у выпадку з мяшчанамі з Магілёва, якія да таго ж часцей былі пісьменнымі. 

Дамова паміж асобай і родам назіралася ў в.Цешкаў Нараўлянскага р-на Гомельскай вобласці, дзе  “малады хазяін” на сватанні звяртаўся да бацькі нявесты з пытаннем “ колькі перапою?”, маючы на ўвазе загон зямлі і вырашаў пытанне аб вяселлі. Гэта тлумачыцца тым, што хлопец ужо меў пабудаваную хату, сваю гаспадарку і быў незалежны ад бацькі.

Калі разглядаць карэляцыю паміж дзейнымі асобамі ў сватанні і прыняццем рашэння аб маёмасці, то, грунтуючыся на вышэй прыведзеных прыкладах, мы бачым, што прымаў рашэнне аб пасагу гаспадар на апошнім этапе сватання, пры тым, што на пачатковым этапе дзейнымі асобамі маглі быць як людзі, не адказныя за пасаг (хлопец, сват, сваякі хлопца ці гаспадыні), так і сам гаспадар. 

Зараз закранем пытанне аб сімвалічных дзеяннях у час сватання. Яны мелі выгляд абмену паміж сватамі і маладой. Жаніх мог падараваць маладой грошы, ці матэрыял на сукню, ці чаравікі [в. Каўбасічы Калінкавіцкага раёна Гомельскай вобласці]. Але звычайна згоду дзеўкі сімвалізавала прынятая ад сватоў гарэлка. Замест гарэлкі мог быць хлеб завёрнуты ў ручнік [в.Шарын Ельскага р-на, в.Гдень Брагінскага р-на Гомельскай вобласці]. Галоўная мэта гэтых запоін — атрымаць згоду дзеўкі на шлюб. Існаванне гэтага рытуалу дазваляла дзеўцы прымаць удзел у яе лёсе. У тых выпадках, калі жаданне дзеўкі не мела вырашальнага значэння, то запоіны не адбываліся. Таму яны адсутнічаюць у сватанні мяшчан Магілёва. Але ёсць і выключэнне. Гарэлку, прынесеную сватамі ў Мсціслаўскім павеце выпівалі замест нявесты яе бліжэйшыя сваякі і хросныя [1, 403—405]. Тым самым запоіны ёсць, а згода нявесты не пытаецца. 

Калі ж аналізаваць сімвалічны тэкст у абрадзе сватаўства, то становіцца відавочным, што ён можа быць даволі разнастайным: згубіліся ў дарозе, шукаем цёлачку, набываем цёлачку, палюем на куніцу, маем шмат багацця [в. Новыя Залюцічы Жыткавіцкага раёна, в. Карма Добрушскага раёна, в. Валаўск Ельскага раёна, в. Шарын Ельскага раёна, в. Залессе Чачэрскага раёна Гомельскай вобласці]. Сімвалічны тэкст дазваляў сялянам здагадвацца аб мэце прыходу гасцей і выконваў магічныя і эстэтычныя функцыі. Але адсутнасць фантастычнасці сімвалічнага тэксту часцей за ўсё указвае на тое, што дамова аб пасагу маладых адбудзецца. Такім чынам рытуальны тэкст аб маючым адбыцца шлюбе замяняецца канкрэтнымі размовамі пра памеры пасагу з таго ці іншага боку. І чым багацей рады, тым больш сур`ёзна да гэтага ставіліся: узважвалі ўсе прапановы, сустракаліся для абмеркавання некалькі разоў. Гэта магчыма было назіраць у заходняй Беларусі, дзе сяляне ў даваенны час ХХ ст. давалі ў пасаг грошы і зямлю, маглі набываць дзецям зямлю, калі тыя жаніліся ці шлі замуж. Таму дамова была абавязковай. Толькі непісьменнасць не дазваляла падпісаць дамову, з чаго потым часам узнікалі спрэчкі і падпісвалі паперы на валоданне зямлёй у судзе. Мяшчане ж Магілёва адразу вырашылі гэтую праблему змоўным лістом. У Гомельскім Палессе ХХ ст., дзе дзеўкам у пасаг зямлі і грошай не давалі, ён складаўся з каровы, парася і куфра ці наогул мог адсутнічаць, дамова не мела рашаючае значэнне. Тут панаваў іншы звычай. Падмурак агульнай гаспадаркі маладых складала маёмасць маладога, калі, разжыўшыся, ён аддзяляўся ад гаспадаркі свайго бацькі. Тое, што сацыяльнае становішча сялян пасля ўтварэння калгасаў у гэтым рэгіёне было роўным, дазваляла ім асабліва не турбавацца пра пасаг.

1. Вяселле: абрад. Мн. 1978.

2. Топоров В.Н. О ритуале. Введение в проблематику // Архаический ритуал в фольклорных и раннелитературных памятниках. Сб. ст./Е.М. Милетенский (председ.) и др. – М: Наука, 1988. – 336 с.

АБРАД НАБ`ІВАНКІ Ў ВЁСЦЫ АЛЬШАНЫ СТОЛІНСКАГА РАЁНУ. CЕМАНТЫЧНЫ АНАЛІЗ

 Тоўсцік Т. Ц. Абрад набіванкі ў вёсцы Альшаны // Матэрыялы канферэнцыі «Гісторыка-культурная спадчына Брэсцка-Пінскага Палесся: паміж мінулым і будучыняй» ў верасні 2005 г. Брэсцкі дзяржаўны універсітэт.


АБРАД НАБ`ІВАНКІ Ў ВЁСЦЫ АЛЬШАНЫ СТОЛІНСКАГА РАЁНУ. CЕМАНТЫЧНЫ АНАЛІЗ


ТОЎСЦІК Т. Ц.


Вёска Альшаны — вялікае мястэчка, агурковая рэспубліка. “Хто трапіць у Альшаны, пабагацее”, — кажуць мясцовыя жыхыры. З фальклорных уражанняў для мяне стала з’ява наб`іванкі, што значыла сватанне да хлопца, але сватаннем гэты працэс мясцовыя жыхары не называюць, толькі “наб`іванкі”. У сваім выступе я хачу разгледзіць адметную з’яву в. Альшаны Столінскага раёну — наб`іванкі, яшчэ больш канкрэтнее зрабіць аналіз тэксту, вымаўляемага ў час гэтага абрада, пасля якога становіцца зразумела, што прышлі ў набіванкі: «Добры вечар. От мы чулі, што у вас е конік. А ў нас е сено. Мо вам трэбо сено коніку купіць, то у нас е. Вот так оны та імо, то оны ужэ понімаюць, што прышлі ў набіванкі».

Чым тлумачыцца такая актыўная роля жанчыны? У Заходнім Палессі жанчына прымалі самы актыўны ўдзел у сватанні [2, 223]. Па маіх запісах жанчыны хадзілі ў сваты ўжо ў Петрыкаўскім раёне — в. Вышалава і Ляскавічы. Трэба зазначыць, што ў Заходнім Палессі, дзе, як вядома, захаваліся найбольш архаічныя рысы побыту і культуры, часта сустракаецца ўдзел жанчыны ў такіх абрадавых дзеяннях, якія на астатняй тэрыторыі Беларусі выконваюць толькі мужчыны [2, 223]. Можна сказаць, што мы маем справу з ”астраўной” традыцыяй. Трэба адзначыць, што рака Гарынь размяжоўвае заходняе і ўмоўна цэнтральна-усходняе Палессе. Гэтай думкі прытрымліваецца Т. А. Агапкіна, разглядаючы гэтыя тэрыторыі пры характарыстыцы вясенняй абраднасці [10]. Такім чынам невялічкая тэрыторыя Столінскага раёна на ўсход ад Гарыні і на поўдзень ад Прыпяці па сваёй фальклорнай традыцыі і гаворках больш набліжаецца да цэнтральна-усходняга Палесся. Гаворкі Столінскага раёна “Лексічны атлас беларускіх гаворак” адносіць да мазырскіх гаворак, перыферыі ўсходняй дыялектнай зоны, праводзячы мяжу паміж рэкамі Гарынь і Ствіга [6, карты ХІХ, ХVІІІ, ХVІ] і падмацоўвае маё ўласнае вывучэнне гэтага рэгіёну на працягу 9 год. Хапае ў гэтым раёне і адзінкавых назваў: згон – табун коней, кучак – вясновае цяля, стружэ – конь прадзе вушамі [6, карты 2, 34, 44], што дэманструе яго адметнасць. Па звестках “Тураўскага слоўніка” [11, 13] мясцовыя жыхары абмяжоўваюць сябе ад палешукоў.

Сватанне да хлопца вядома на Беларусі. Гэта з’ява запісана ў канцы ХІХ ст. І. В. Рубаноўскім (“Вяселле. (У Магілёве)”) [4, 222—224], вядома ў в. Цялуша Бабруйскага раёна Гомельскай вобласці, дзе маладая брала да сябе прымака і сама ездзіла да яго сватацца. Але нідзе так поўна не адлюстраваны гэты абрад як у в. Альшаны Столінскага раёна Брэстскай вобласці і нідзе не сваталіся ці, правільней казаць, набіваліся толькі да хлопца, як тут. Наб`іванкі — інварыянт сватання, падрыхтоўчага этапу вяселля.

Асаблівасць альшанскага сватання ў тым, што хлопец не станавіўся пасля вяселля прымаком і вяселле нічым не рознілася з іншымі вяселлямі, характэрнымі для Тураўшчыны. Вызначальным з’яўляўся толькі падрыхтоўчы этап вяселля: набіванкі і заручыны адбываліся ў дзеўкі.

Кампазіція сватання усходняга і цэнтральнага Палесся аднолькавая. Пры станоўчым раскладзе яна выглядае так. Сваты вітаюцца, просяцца ў хату, вядуць міфічны дыялог пра цялушку ці іншыя, атрымліваюць згоду маладой і яе бацькоў, садзяцца за стол і адзначаюць згоду на вяселле. Мы скіруем сваю ўвагу на міфічным дыялоге. Найбольш актыўна выступаюць госці: яны прапануюць, а гаспадары згаджаюцца ці адмаўляюцца. І ў нашым выпадку гэты парадак не губляецца.

У сватанні усходняга, паўднёвага і цэнтральнага Палесся вылучаюцца насупныя традыцыйныя формулы:

1. Заблукалі ў дарозе (в. Кароцькі Кармянскага раёна, в. Семурадцы Жыткавіцкага раёна) [3, 216, 276].

2. Прадаёце цёлачку (в. Берэставец, в. Задуб’е Кармянскага раёна, в. Кабанаўка Ельскага раёна, в. Агароднікі, г. Калінкавічы Калінкавіцкага раёна, в. Маркоўскае Лельчыцкага раёна, в.Гажын Нараўлянскага раёна, в. Высокае Хойніцкага раёна) [3, 206, 265, 274, 283, , 315, 350, 440].

3. Прадаёце жэрэбку ці цялічку (в. Іванаўка, Любавічы, Малінскі, Рубежыўка Народзінскага раёна Жытомірскай вобласці) [8, 298].

4. Жарэбка, цялушка збегла са двара (в. Малыя Аўцюкі Калінкавіцкага раёна) [3, 263].

5. У вас цёлачка, а ў нас бычок (в. Хлупін Жыткавіцкага раёна, г. Рэчыца Рэчыцкага раёна) [3, 242, 394].

6. У вас дзеўка, а ў нас хлопец (в. Ворнаўка Кармянскага раёна, в. Пухавічы Жыткавіцкага раёна) [3, 237, 278].

7. Заблукалі ў дарозе + Прадаёце цёлачку (в. Ванюжычы Петрыкаўскага раёна, в. Азяршчына Рэчыцкага раёна, в. Шарын Ельскага раёна) [3, 354, 403].

8. Тавар — купец (в. Хлупін Жыткавіцкага раёна, в. Старадубка Лоеўскага раёна, в. Зашчоўб’е Рэчыцкага раёна) [3, 242, 319, 398].

9. Маладзец-стралец бег за куніцай, яна забегла ў ва двор (в. Валаўск Ельскага раёна).

У Столінскім раёне сваты маглі казаць, што яны куну сочаць, хочуць купіць кветку ружу, цёлачку ці шукаюць бычка, які заблудзіўся [7, 582]. Такім чынам, варыянты супадаюць.

Бычок і цёлачка як жывёлы ў канкрэтым узросці параўновываюцца з маладымі людзьмі, якім прыпісваецца саспеласць, жаданне ўступіць у шлюб для нараджэння дзяцей, здароўе і працавітасць. Мы назіраем у канкрэтным выпадку ўстойлівае і адназначнае ў дадзенай мастацкай сістэме алегарычны адбітак персанажа з дапамогай іншага шляхам іх замяшчэння і атаясамлення. Рысы маладых перадаюцца прыроднымі ўласцівасцямі і функцыямі жывёл.

Міфалагема каня тлумачыцца А. Афанасьевым на індаеўрапейскім матэрыяле як вобразы зары і сонца, буйных вятроў, ходзячых аблокаў і навальнічных хмар, вады і ракі. Ён падкрэслівае магчымасць каня набываць тыя якасці, якія ўласцівы іх гаспадарам, стыхійным багам [1, 571, 587, 597]. Ідэальныя рысы фальклорнага тыпу складаюцца пад вызначальным (прамым ці ўскосным) уздзеяннем міфалагічных уяўленняў, абрадавых актаў, абшчынных зносін і маральных норм, а таксама з’яў рэальнай бытавой і сацыяльнай гісторыі. Фальклорны тып развіваецца шляхам дапасавання да традыцыйных рысаў больш позняй культуры і паслаблення да рудзіментнага стану элементаў больш традыцыйных і старых. Як галоўнае транспартная і цяглавая жывёла конь увасабляў сувязі са светам звышнатуральнага, “тым светам”, быў атрыбутам міфалагічных (эпічных) персанажаў, звязан адначасова з культам урадлівасці, смерцю і пахавальным культам. Адсюль – роля каня (...) ў календарных і сямейных абрадах (перш за ўсё ў вяселлі). У вясельнай абраднасці асаблівае значэнне мелі коні, запрэжаныя ў павозку з маладымі [9, 590]. Інфарматары часта падкрэслівалі, што малады прыязжаў за нявестай на конях, незважаючы, ці жылі яны ў адной вёсцы, ці жаніх ехаў здалёк; каней упрыгожвалі: «Прыезжалі конямі. Коні – земля дзержыць! Дугі абчапляюць каснякамі. Да етыя коні аж танцуюць. Тры, чатыры вазы (в. Гарбавічы Калінкавіцкага раёна). У той жа вёсцы маладая, калі прыязжала да свякрухі пераводзіла “каня цераз стрэхі”. У Альшанах на вяселлі “у жэніха ў дворы салому крэст на крэст положыць да каб коні пераехалі. Да подпаляць. Да конь едзе з молодымі цераз солому.”

Параўнанне хлопца з канём падкрэслівае такія ваярскія якасці як зухаватасць, рашучасць, нецярплівасць, шляхетнасць. Гэта найбольш выяўляецца пры разглядзе песен, выкананне якіх адбываецца, калі поезд маладога едзе да нявесты ці ў іншых матывах дарогі жаніха. Гэта адлюстроўваецца і ў песнях веснавога і зімовага цыклу. Хлопец на кані ці конны рыцар – устойлівая міфалагема беларускага фальклору. Літоўскі навуковец А. Ю. Грэйман прыводзіць літоўскі тэкст юр’еўскай песні, дзе вобраз Юр’я трактуецца як вобраз рыцара і асеменяльніка:

Святы Юр’я,

Божы рыцар,

Пакрый лес зялёнымі лістамі,

Пакрый і мяне белымі чапцамі (=наміткай) [5, 376.].

У нашым жа тэксце конь хутчэй алегорыя селяніна-працаўніка, гэта значыць выконвае тою ж ролю, што і бык у тыповых тэкстах. Гэта яскрава падцвяржае і вобраз сена як сімвал маладой. Калі карова з’яўлялася найвялікшай каштоўнасцю ў раёнах, непрыдатных да раслінаводства, то супастаўленне з сенам у бязлеснай мясцовасці Тураўшчыны выглядае прыдатным. Цікава, што ў Жытомірскай вобласці Украіны замест цёлачкі ці разам з ёй выступае жарэбка.


1. Афанасьев А. Мифы, поверья и суеверия славян. М., 2002.

2. Беларусы. Сям’я. Т.5. Мн., 1990.

3. Вяселле на Гомельшчыне. Укл. І.Ф. Штэйнер, В.С. Новак. Мн., 2003.

4. Вяселле: абрад. Мн., 2004

5. Грэйман Ю.А. Пра багоў і людзей. У пошуках этнічнай памяці. Мн., 2003.

6. Лексічны атлас беларускіх гаворак. Т. 1. Мн.,1990.

7. Памяць Столінскага раёна. Мн., 2003

8. Полісся України: матеріали історико-этнографічного дослідження. Вип. 3. У межиріччі Ужа і Тетерева. 1996. — Львів, 2003.

9. Славянские древности. Т. 2. М.,1992.

10. Агапкина Т.А. Очерки весенней обрядности Полесья//Славянский и балканский фольклор. – М., 1995, С. 21-107

11. Тураўскі слоўнік. /Скл. А.А. Крывіцкі, Г.А. Цыхун, І.Я.Яшкін – Мн., 1982.


СВАТАННЕ Ў ВЯСКОЎЦАЎ БЕЛАРУСАЎ Ў 1930 —1990 ГАДЫ Ў ГОМЕЛЬСКАЙ ВОБЛАСЦІ І ПАМЕЖНЫХ ТЭРЫТОРЫЯХ

Тоўсцік Т. Ц. Сватанне ў вяскоўцаў-беларусаў ў 1930-1990 гг. у Гомельскай вобласці і памежных тэрыторыях // Европа: актуальные проблемы этнокультуры: материалы Междунар. науч.-теорет. конф., г. Мінск, 27 апр. 2007 г. Минск: БГПУ им. М.Танка, 2007. С. 302–303.


СВАТАННЕ Ў ВЯСКОЎЦАЎ БЕЛАРУСАЎ Ў 1930 —1990 ГАДЫ

Ў ГОМЕЛЬСКАЙ ВОБЛАСЦІ І ПАМЕЖНЫХ ТЭРЫТОРЫЯХ.

Т.Ц. Тоўсцік

(Варшава, ПАН)


Вяселлю беларусаў папярэднічае заключэнне дамовы аб ім — сватанне. Сватанне з’яўляецца культурай паводзін беларусаў у азначаны перыяд. Матэрыяламі да артыкула паслужылі ўласныя запісы аповедаў пра сватанне ў 1930—1990 гады на тэрыторыі сучаснай Гомельскай вобласці і на памежных тэрыторыях (Столінскі і Бабруйскі раёны). Аўтар мае на мэце з дапамогаю структурнага аналізу паказаць разнастайнасць сватання і патлумачыць яго функцыянаванне. Задачамі працы з’яўляецца вытлумачэнне функцыянавання сватання. Пад сватаннем аўтар разумее дамову аб сватанні, прыход сватоў, згоду дзеўкі выйсці замуж цi хлопца ажаніцца, дамовы бацькоў і сваякоў пра шлюб і надзяленне маладых маёмасцю.

На даследаванай тэрыторыі для прыходу маладога, які паведамляў аб намеры засватаць дзеўку, як у в. Дарашэвічы, Снядзін Петрыкаўскага раёна, в. Карма Добрушскага раёна, в. Турцэвічы Калінкавіцкага раёна народных тэрмінаў не зафіксавана. Калі аб намеры засватаць паведамлялі сваячкі маці, як у в. Цялуша Бабруйскага раёна, то выкарыстоўваўся тэрмін “праведкі”. Тэрмінам “хадзіць у св`аты”, “св`аты`”, “сват`ы`” называюць прыход сватоў, тэрмінам “запоіны”, вядомым паўсюдна, называюць перыяд пасля моманту прыняцця супрацьлеглым бокам хлеба і гарэлкі, прынесеных сватамі, ці перыяд пасля прыходу сваякоў, ці перыяд пасля згоды нявесты на замужжа, ці наогул усё сватанне. Радзей выкарыстоўваюць словы “заручыны” — перыяд пасля прыходу сваякоў (В. Казіміраўка Лоеўскага раёна, в. Дарашэвічы Петрыкаўскага раёна), “магарыч” — перыяд ад прыходу сваякоў (в. Краўцоўка Гомельскага раёна), “змовіны” — перыяд ад прыходу сваякоў (в. Лучын Рагачоўскага раёна, в. Гдзень Брагінскага раёна). Тэрмінам “прымак” называюць мужа, які жыве ў хаце бацькоў жонкі. “Малады”, “маладая” — гэтымі словамі называюць хлопца і дзеўку, ад моманту іх згоды пажаніцца датуль, пакуль яны не згуляюць вяселле.

Мы будзем карыстацца народнымі тэрмінамі “малады”, “маладая”, “прымак”, “хадзіць у св`аты”, “св`аты”, “сват`ы” і тэрмінам “запоіны” як вызначэннем перыяду пасля моманту прыняцця супрацьлеглым бокам хлеба і гарэлкі, прынесеных сватамі.

Перад разглядам самага абраду сватання варта ўдакладніць формы сватання, так як на Беларусі вядома сватанне як сваякоў хлопца да сваякоў дзеўкі, так і сваякоў дзеўкі да сваякоў хлопца.


Формы сватання.

У даследаваны перыяд сватанне існавала ў наступных формах:

1. Сватанне сваякоў хлопца да сваякоў дзеўкі.

2. Сватанне сваякоў дзеўкі да сваякоў хлопца, напрыклад у Столінскім раёне, в. Альшаны.

3. Сватанне сваякоў дзеўкі да сваякоў хлопца, які згадзіўся стаць прымаком, напрыклад у в. Цялуша Бабруйскага раёна.

4. Сватанне сваякоў хлопца, які згадзіўся стаць прымаком, да сваякоў дзеўкі, напрыклад у в. Славінск і Смедзін (Снядзін) Петрыкаўскага раёна, в. Курганье Рагачоўскага раёна, в. Старажоўцы Жыткавіцкага раёна.

5. Сватанне сваякоў хлопца да сваякоў удавы, напрыклад у в. Цялуша Бабруйскага раёна.


Структура сватання.

Для разумення працесy сватання паўстае неабходнасць вылучыць яго этапы. Пры любой форме сватання структура абраду захоўвалася. Яна складалася з наступных элементаў.

1. Папярэдняя дамова а прыходзе сватоў. “Праведкі”.

2.1. Прыход сватоў і атрыманне імі згоды бацькоў таго, каго сватаюць, на шлюб. “Хадзіць у св`аты”, “св`аты “, “сват`ы”.

2.2. Атрыманне згоды на шлюб ад таго, каго сватаюць. “Запоіны”.

2.3. Замацаванне згоды на шлюб. “Запоіны”.

3.1. Дамова бацькоў маладых пра вяселле і пра надзяленне маёмасцю маладых. “Запоіны”.

3.2. Маладая (і малады) ці іх бацькі клічуць сваякоў. “Запоіны”.

3.3. Дамова сваякоў пра вяселле. Бяседа. “Запоіны”.


У Гомельскай вобласці і памежных да яе тэрыторыях адсутнічаюць прафесіянальныя сваты. Не ўсе этапы сватання былі раўнавартыя і абавязковы. Так як сватанне ўяўляе сабой дамову маладых і іх сваякоў пра вяселле і матэрыяльны ўнёсак абодвух бакоў у новаствораную сям'ю (назаўсёды), то абавязковым этапам сватанне было атрыманне згоды маладых і іх сваякоў на шлюб. На другім месцы па вартасці знаходзяцца дамовы пра вяселле і надзяленне маёмасцю маладых, бо пачаць сямейнае жыццё без маёмасці было проста немагчыма. Калі існавала папярэдняя дамова пра прыход сватоў, бацькі асобы, якую сваталі адразу клікалі сваіх сваякоў на сватанне, таму не мелі патрэбы клікаць іх пасля прыходу сватоў. Цалкам рытуальнымі і тэатральнымі з'яўляюцца першыя словы, сказаныя пры ўваходзе сватоў у хату.

Разнастайнасць форм сватання натуральна. Нішто не перашкаджае сватацца сваякам дзяўчыны да хлопца. А вялікую колькасць сватання сваякоў хлопца да дзяўчыны можна вытлумачыць патрыярхальнай сістэмай гаспадарання і кіравання ў даваенныя і пасляваенныя гады ХХ стагоддзя на тэрыторыі Гомельскай вобласці і яе памежжы.