Таццяна Тоўсцік.
Сватанне ў беларусаў ў 1930 —1990 гады ў Гомельскай
вобласці і памежных да яе тэррыторыях.
(Тоўсцік Таццяна Сватанне ў беларусаў ў 1930 —1990 гады ў
Гомельскай вобласці і памежных да яе тэррыторыях //Етнокультурна спадщина
Полісся. Випуск VII. -- 2008 с. 54-60 (Видавництво: Рівне: ВАТ
"Рівненська друкарня"))
Вяселлю беларусаў
папярэднічае заключэнне дамовы аб ім — сватанне. Матэрыяламі да артыкула
запісы аповядаў пра сватанне ў 1930 —1990 гады ў Гомельскай вобласці і на
памежных да яе тэрыторыях. Аўтар мае на мэце
з дапамогаю структурнага аналіза паказаць разнастайнасць сватання і
патлумачыць яго функцыянаванне. Задачамі працы з’яўляецца вылучэнне форм
сватання, структуры сватання, вытлумачэнне структуры сватання. Падчас аналізу
сватання аўтар адрознівала уяўленні людзей пра сватанне і рэальна адбыўшыеся
выпадкі сватання. Даследаваннем вясельнай вуснапаэтычнай творчасці і абрадавасці
беларусаў Гомельшчыны азначанага перыяду займаліся Бандарчык В. К.,
Піліпенка М.Ф., Фядосік А. С. і шматлікія іншыя навукоўцы, агляд
асноўных прац якіх прыведзены ў [1, С. 5–35; 2, С. 5–12, 219–305],
але структурны аналіз сватання не праводзіўся.
Пад сватаннем
аўтар разумее дамову аб сватанні, прыход сватоў, згоду дзеўкі, хлопца
пажаніцца, дамовы бацькоў і сваякоў пра шлюб і надзяленне маладых маёмасцю.
Словам сват аўтар называе любога чалавека, які бярэ на сябе ролю сасватаць
маладога ці маладую. На даследаванай тэрыторыі пад тэрмінам “сват” разумеюць
тых, хто прыходзіць сватаць маладую ці маладога, а таксама гэта тэрмін сістэмы
сваяцтва, пад ім разумеюць бацькоў мужа ці жонкі. Тэрмінам “хадзіць у сва`ты”,
“сваты`” у Гомельскай вобласці называюць прыход сватоў, тэрмінам “запоіны”
называюць перыяд пасля моманта прыняцця супрацлеглым бокам хлеба і гарэлкі,
прынесеных сватамі, ці перыяд пасля прыходу сваякоў, ці перыяд пасля згоды
нявесты на замужаства, ці наогул усё сватанне. Радзей выкарыстоўваюць словы “заручыны” —
перыяд пасля прыходу сваякоў [1, С. 417; 3; 4]
“магарыч” — перыяд ад прыходу сваякоў, “змовіны” — перыяд ад прыходу
сваякоў [5]. Тэрмінам “прымак” называюць мужа,
які жыве ў хаце жонкі. “Маладая”, “нявеста” — гэтымі словамі называюць
дзеўку, а “малады” – хлопца ад моманту іх згоды пажаніцца датуль, пакуль
яны не згуляюць вяселле. “Дружкі” – гэта вясельны чын, якім азначаюць
нежанатых сяброў маладога, якія на вяселлі ствараюць дружыну маладога і
выконваюць пэўныя рытуалы на вяселлі, такія як прыезд да маладой, выкуп
маладой, ахова маладога, сядзяць і ездзяць паўсюль з маладым. Сваякамі ў
Гомельская вобласці лічаць усіх нашчадкаў прадзедаў і прабабуляў эга, усіх
нашчадкаў эга, хросных бацькоў эга, кроўных сваякоў мужыка ці жонкі эга, а таксама мужыкоў і жонак ўсіх пералічаных асоб.
Сваякоў называюць “радня”, “сваі”, “сваякі”.
Террыторыя
Гомельскай вобласці разам з Столінскім раёнам Брэсцкай вобласці уваходзіць у
адпаведнасці з беларускай класіфікацыяй у Усходнепалесскі і Падняпроўскі
гісторыка-этнаграфічныя рэгіёны. Праведзеныя даследаванні паказалі, што
перадвясельная абрадавасць у Гомельскай вобласці мае аднолькавую структуру і
незафіксаванасць пэўных форм сватання можа вытлумачацца слабой палявой
даследаванасцю гэтага пытання. Гомельская вобласць з пункту гледжання сватання
з’яўляецца досыць аднастайным рэгіёнам, і арэал сватання гэтага тыпу даходзіць
да Падзьвіння (Лёзненскі раён [6]), мае сваі аналагі на Украінскім Палессі [7, C. 298]
і Падняпроўі [8], і адрозніваецца ад Заходняй Беларусі тым, што на ўсходзе у
сваты (“заручыны”) ідзе хлопец з бацькамі і сватам, які прыходзіцца яму
сваяком, а на захадзе хлопец з сватам, які часта сваяком не з’яўляецца [1]. У
гэтым рэгіёне ў сваты хадзілі сваякі маладога ці маладой: бацькі, дзядзькі,
цёткі (часцей з роду бацькі), яны ж часцей за ўсё былі і хроснымі бацькамі
маладых, браты, сёстры, дружкі маладога. Сваякі ад моманту іх станаўлення
сваякамі ужо маюць як адзін з сваіх абавязкаў сватанне. У Гомельскай вобласці
не зафіксавана прафесія свата, плата свату за паслугі.
Чалавека, які ідзе
сватацца, інфарматары называюць сватам, а на пытанне, кім прыходзіцца ён
маладому ці маладой, адказваюць, напрыклад, старэйшым братам, ці
дзядзькам маладога, ці хросным бацькам маладога. У Гомельскай вобласці
існуюць розныя склады груп, ходзячых у сваты.
1.“Сват” і “малады з
дружкамі”. Сватам мог быць хросны бацька, ці старэйшы брат, ці
дзядзька маладога [9].
2.“Сват”
і “мужчыны з радні маладога” Сватам мог быць бацькаў брат ці хросны бацька
[10].
3.“Хросныя
бацькі, бацька, дзядзькі, цётка, малады з сябрам [11];
4.“Бацькі”, “хросныя бацькі”, “родныя браты”,
“сёстры і цёткі”, “радня з бацькоўскага боку”[12];
5.”Два
дзядзькі і цётка” [13];
6.”12-18
чалавек: бацькі, сёстры, браты, дзядзькі, цёткі” [14];
7.”Нявеста”,
“бацька”, “цётка”, “дзядзька”, “пляменніца” [15].
Формы сватання.
У
даследаваны перыяд існавала сватанне ў наступных формах:
1. Сватанне
сваякоў хлопца да сваякоў дзеўкі.
2. Сватанне
сваякоў дзеўкі да сваякоў хлопца [15].
3. Сватанне
сваякоў дзеўкі да сваякоў хлопца, які згадзіўся стаць прымаком [16].
4. Сватанне сваякоў хлопца, які згадзіўся стаць
прымаком, да сваякоў дзеўкі [14; 17 ;18 ;19].
5. Сватанне
сваякоў хлопца да сваякоў удавы [16].
На
даследаванай тэрыторыі Гомельскай вобласці і яе памежжа часцей сваякі хлопца
ходзяць сватацца да сваякоў дзеўкі і інфарматары на пытанне: “Як у вас
праходзіць сватанне?” – часцей апавядаюць пра сватання сваякоў хлопца да
сваякоў дзеўкі. У вёсцы Альшаны Столінскага раёна апавядаюць як пра норму пра
сватання сваякоў дзеўкі да сваякоў хлопца [15]. Іншыя варыянты сватання
выяўляюцца даследчыкамі пры апытанні пра канкрэтныя выпадкі сватання.
Структура сватання.
Пры
любой форме сватання структура абрада захоўвалася. Яна складалася з наступных
элементаў.
1. Папярэдняя
дамова пра прыход сватоў.
2.1. Прыход сватоў і атрыманне імі згоды бацькоў на шлюб.
2.2. Атрыманне
згоды на шлюб ад маладых.
2.3. Замацавнне
згоды на шлюб.
3.1. Дамова
бацькоў маладых пра вяселле і пра надзяленне маёмасцю маладых.
3.2. Маладая
(і малады) ці іх бацькі клічуць сваякоў.
3.3. Дамова
сваякоў пра вяселле. Бяседа.
1. Папярэдняя
дамова пра прыход сватоў. Малады прыходзіў да бацькоў маладой і дамаўляўся,
што прыйдзе ў сваты. Ці сваячкі маці прыходзілі да маладога ці маладой і
казалі, што род маладога ці маладой прыйдзе ў сваты.
У
Петрыкаўскім раён, в.Снядзін [17], хлопец звяртаўся да бацькоў дзеўкі:
“Я
прыду, вашу дочку забяру у жону”. Таксама было прынята дамаўляцца пра сватанне
ў в. Карма Добрушскага раёна [20], в. Турцэвічы Калінкавіцкага раёна [12], Дарашэвічы, Галубіца Петрыкаўскага раёна [3], дзе з бацькамі дзеўкі пра сватаўство дамаўляўся
хлопец. У Бабруйскім раёне, в. Цялуша [16], дамаўляцца па сватаўство
хадзілі сваячкі маці. Неабходнасць этапу папярэдняй дамовы пра сватанне можна
патлумачыць тым, што сватанне ў месцах, дзе папярэднічала дамова, адбывалася з
вялікай колькасцю сватоў – 12-18 чалавек, і сваякі дзеўкі павінны былі
быць датэрмінова абвешчаны пра сватанне. У тых жа месцах, дзе сватоў была
невялікая колькасць (3-7 чалавек), папярэдняя дамова была неактуальна. У гэтай
сітуацыі часцей сустракалася скліканне маладой сваіх сваякоў ці месцамі
скліканне маладой і маладым сваіх сваякоў.
2. Прыход
сватоў і атрыманне імі згоды бацькоў маладых і маладых на шлюб.
Сваты,
пераступіўшы парог, тлумачылі свой прыход. Адбываўся гандль цёлачкі, казы,
кабылкі ці наўпроста дзеўкі; гучалі просьбы пераначаваць; злавіць куніцу, якая
выпадкова забегла ў двор.
У
Бабруйскім раёне, в. Цялуша [16], сваякі дзеўкі сваталіся да
сваякоў хлопца, які згадзіўся стаць іх прымаком на папярэдняй дамове са
словамі:
– Мы прыехалі з хлебам, з соллю і з
жытам, і з аўсом і з пшаніцаю. Прыехалі з хлебам, з соллю і з пшаніцаю , і з
краснаю дзявіцаю.
Cваякі
хлопа адказвалі:
– А ў нас хлеб і соль і авёс, жыта. У
нас маладзец красівы есць.
У
Столінскім раёне, в. Альшаны [15], сваякі дзеўкі сваталіся да
сваякоў хлопца так: “От мы чулі, што ў вас е конік. А ў нас е сено. Мо вам
трэбо сено коніку купіць, то ў нас е”.
У
Брагінскім раёне, в. Задуб’е [21], “сваты прыходзяць з такой таргоўляй:
– Гаворят, што у вас тут прадаецца,
гаворят, цёлачка. Вот нам нада ў двор такая скаціна харошая.
– Ну у нас такой, што прадаць
нету, – но показывают, – мы покажам свой тавар.
А патом
гавораць:
– Еслі вам понравілась наша цёлачка, мы
можэм сходзіцца на какіе-то ужэ дзеньгі, по такой-такой цане.
Ну і вот
сваты выстаўляюць на стол сваю водку, сала. А еслі ані не саглашалісь, значыт
ані гаварылі такія вешчы:
– Мы не прінімаем вашых хлеба-солі. Мы
не хотім вашего хлеба-солі. І згаворы у нас не состоіцца.
Адпраўлялі
з такімі славамі сватоў.”
У
Петрыкаўскім раёне, в. Снядзін [17], пры сватанні можна было пачуць
такі дыялог:
– Цёлку
прадаюць?
– Якую
цяліцу?
– Што скача з печы на паліцу.
– Такая
цёлачка у нас е.
Таксама гаварылі: “Хто называе там цёлка зашла […], хто куніца зайшла ў
двор, а у нас ахотнік. Да, стралец-маладзец на жэніха. По следу куніцы зайшоў ў
еты двор.” [13].
Дзеля таго, каб засватаць дзеўку ці хлопца рытуальныя словы, якія
папярэднічаюць атрыманню згоды на шлюб не з’яўляюцца абавязковымі, яны
з’яўляюцца паведамленнем, што ў хату прышлі менавіта сваты, а не суседзі ці
аднавяскоўцы.
Сваты
прыносілі з сабой хлеб, соль, гарэлку, сала. Прыняцце гэтых прадуктаў бацькамі
маладых было ўжо згодай на шлюб. Таксама атрыманне сватамі згоды маладой ці
маладога ажыццяўлялася ў дзеяннях, звязаных з гэтымі прадуктамі: разразанне
маладой хлеба, выпіванне гарэлкі, звязванне дзвух бутэлек, абмен пірагамі ці
выказ згоды на словах.
У
Брагінскі раён, в. Гдзень [22], сват, каб атрымаць згоду
маладой прасіў яе разрэзаць пранесены сватамі хлеб: “Разрэж, маладая, ужэ хлеб.”
У Жыткавіцкім раёне, в. Старажоўцы [19], згоду маладой азначала
бутэлька гарэлкі і пірог, прынятыя ад сватоў. “Згодны — стаўляюць бутылку водкі
і пірага. До запоін. Молоды стаўляе з сватамі.”
У
Ельскім раёне, в. Валаўск [13], “малады налівае, берэ стакан
ілі там румка, стакан у платочак, вымае з кармана і як абычно бацька хросны,
налівае румку эту поўную і кідае ў стакан еты, у водку кідае мелоч, копейку
абычна медную. Ну еслі маладая сагласна канешне іці за его замуш, дак яна
выпівае эту румку. Надпівае. Глаўнае, што ўзяла ў рукі. І ўсё садзяцца за стол
сваты. Ужэ ее радзіцелі угошчаюць сватоў.А еслі адказ, ўсё. Маладая не берэ
румку ў рукі.”
Дзеля
змацавання згоды на шлюб, рытуальнага вызначэння іх стану сватоў павязвалі
ручнікамі праз плячо. Гэтае дзеянне было вельмі распаўсюджана на тэррыторыі
Гомельскай вобласці пры сватанні, але магло пераносіцца і на вяселле. Яшчэ
адной формай замацаванне згоды былі падарункі сватам (рушнікі, кашулі,
палатно), якія ў пэўных месцах тут дарылі і на сватанні, а не на вяселлі.
Этап атрымання згоды маладых і іх сваякоў на
шлюб мог быць фармальным, калі згода была атрымана на папярэдняй дамове.
Нефармальнай заставалася частка абмяркавання матэрыяльнага ўнёску абодвух бакоў
у новаствораную сям’ю.
3. Дамовы
бацькоў і сваякоў маладых.
Бацькі
дамаўляюцца калі будзе вяселле, колькі будзе гасцей, колькі выдаткаваць грошаў;
а таксама – дзе маладыя будуць жыць, што дадуць у пасаг дзеўцы, якую частку
бацькоўскай гаспадаркі атрымае малады.
Пасля
дамовы пра шлюб у той жа дзень маладая (а часам і малады) ходзяць па вёсцы і
клічуць сваякоў на сватанне. Малады клікаў сваіх сваякоў, калі ён быў з той жа
вёскі, што і маладая. Калі бяседа сваякоў адбывалася не ў той жа дзень, што
дамова пра шлюб, то запрашаць на бяседу сваякоў маглі як маладая, так і іх
бацькі. Сваякі паведамляюць пра свой удзел у вяселлі, пра выдаткі, якія яны
могуць прыняць на сябе.
У
Петрыкаўскі раён, в. Снядзін [17], на дамовах адбывалася такая размова:
– А дзе ж будуць молодыя жыць?
– Ну,
будзем глядець. У нас пожывуць, у вас пожывуць.
Хату
будуюць: “Половіна вашае работы, половіна нашае”. А ў в. Дарашэвічы таго ж
раёну [3] “бацька хлопца стараецца зрабіць хату. Даваў каня ці вала, як
аддзяляўся”.
У
Чачэрскім раён, в. Залессе [9], “первы дзень ужэ сватаюцца, на втары ужэ
дагаварывалісь, када свадзьба, што свадзьба, дзе гуляць — у жаніха, у
нявесты, двух дамах.”
У
даваенны і пасляваенны час дамова пра пасаг была даволі рэдкай у Гомельскай
вобласці. Гэта тлумачыцца тым, што ў гэты час, у адрозненні ад заходніх
абласцей Беларусі, сяляне не мелі уласнай зямлі і мала жывёлы і гаспадар не мог
выдзеліці сваім дзецям ні зямлі, ні каня, ні каровы, ні пабудаваць хаты. Маці ж
працягвала выдзяляць сваёй дачцэ тканае.
Высновы.
У Гомельскай вобласці і памежных да яе
тэррыторыях адсутнічаюць прафесіянальныя сваты. Не ўсе этапы сватання былі
раўнаварты і абавязковы. Так як сватанне ўяўляе сабой дамову маладых і іх
сваякоў пра вяселле і матэрыяльны ўнёсак абодзьвух бакоў у новаствораную сям’ю (незаўсёды),
то абавязковым этапам сватанне было атрыманне згоды маладых і іх сваякоў на
шлюб. На другім месцы па вартасці знаходзяцца дамовы пра вяселле і надзяленне
маёмасцю маладых, бо пачаць сямейнае жыццё без маёмасці было проста немагчыма.
Калі існавала папярэдняя дамова пра прыход сватоў, бацькі асобы, якую сваталі
адразу клікалі сваіх сваякоў на сватанне, таму не мелі патрэбы клікаць іх пасля
прыходу сватоў. Цалкам рытуальнымі і тэатральнымі з’яўляюцца першыя словы,
сказаныя пры ўваходзе сватоў у хату.
Разнастайнасць
форм сватання натуральна. Нішто не перашкаджае сватацца сваякам дзеўкі да
хлопца. А вялікую колькасць сватання сваякоў хлопца да дзеўкі можна вытлумачуць
патрыярхальнай сістэмай гаспадарання і кіравання ў даваенныя і пасляваенныя
гады ХХ стагоддзя на тэррыторыі Гомельскай вобласці і яе памежжы.
Крыніцы.
1. Вяселле: Абрад
/ Уклад., уступ і каментар К. А. Цвіркі. – Мн.: Бел.
Навука, 2004. – 683 с.
2. Беларусы. Т. 5. Сям’я. / В. К. Бандарчык,
Г. М. Курыловіч, Т. І. Кухаронак і інш. –
Мн.: Бел. навука,
2001. – 375 с.
3. Архіў ГГКА “Талака”
Петрыкаўскі раён 1999. Запісана Л.Шчыраковай у в. Дарашэвічы
Петрыкаўскага р-ну Гомельскай вобл. ад Леўчук Марыі Рыгораўны (1939) г.н. у
1999 г.
4. Архіў ГГКА “Талака” Лоеўскі
раён 1999. Запісана Л.Шчыраковай у в. Казіміраўка, Лоеўскага р-ну
Гомельскай вобл. ад Бондар Соф’і Дзмітрыеўны, 1937 г. н. у 1999г.
5. Архіў ГГКА “Талака” Рагачоўскі
раён 2004. Запісана Т.Тоўсцік у в. Лучын Рагачоўскага р-ну Гомельскай
вобл. ад Сцяпанчыкавай Веры, 1930 г. н. у 2004 г.
6. Архіў ГГКА “Талака” Лёзненскі
раён 2005. Запісана Т. Тоўсцік і Дз. Канаплянікавым у Лёзненскім
раёне Віцебскай вобласці ў 2005 г.
7. Полісся
України: матеріали історико-этнографічного
дослідження. Вип. 3. У межиріччі Ужа і Тетерева. 1996. — Львів,
2003. –340 с.
8. Архіў ГГКА “Талака”
Іншаземцы 2005 Запісана Т. Тоўсцік ў 2005 ад Поезнік Інны Іванаўны,
1982 г. з с. Іракліїв Чорнобаївський р-н, Черкаська обл.
9. Архіў ГГКА “Талака” Чачэрскі
раён 1995. Записана Л.Шчыраковай у в. Залессе Чачэрскага р-ну Гомельскай вобл.
ад Талкуновай Еўдакіі Ягораўны (1942)г.н. у 1995г.
10. Архіў ГГКА “Талака”
Жыткавіцкі раён 2003. Запісана Т.Тоўсцік
у в. Новыя Залюцічы Жыткавіцкага р-ну Гомельскай вобл. ад Майстрэнкі Надзеі
Паўлаўны (1916) г.н. у 2002г.
11. Архіў ГГКА “Талака” Жыткавіцкі раён 2003. Запісана Т. Тоўсцік у в.
Новыя Мілевічы Жыткавіцкага р-ну Гомельскай вобл. ад Дуброўскай Ганны Усцінаўны
(1943)г.н. у 2002г.
12. Архіў ГГКА “Талака”
Калінкавіцкі раён 2001. Запісана Т.Тоўсцік у в. Турцэвічы Калінкавіцкага р-ну
Гомельскай вобл. ад Бягун Алены Іванаўны, 1936 г. н. у 2001 г.
13. Архіў ГГКА “Талака”
Ельскі раён 1997. Запісана В. С. Новак у в. Валаўск Ельскага
раёна Гомельскай вобл. ад Шарай Надзеі, 1907 г нар. у 1997 г.
14. Архіў ГГКА “Талака” Петрыкаўскі раён 1999.
Запісана Л. Шчыраковай у в. Славінск Петрыкаўскага р-ну Гомельскай вобл.
ад Пінчук Марыі Антонаўны, 1948 г. н. у 1999 г.
15. Архіў ГГКА “Талака” Столінскі
раён 2003. Запісана Т.Тоўсцік у в. Альшаны Столінскага р-ну Гомельскай вобл. ад
Сімановіч Анастасіi Мікалаеўны (1932) г.н. у 2003 г.
16. Архіў ГГКА “Талака” Бабруйскі
раён 2003. Запісана Т.Тоўсцік у в. Цялуша Бабруйскага р-ну Гомельскай
вобл. ад Лось Валянціны Міхайлаўны, 1941 г. н. у 2004 г.
17. Архіў ГГКА “Талака”
Петрыкаўскі раён 2005. Запісана Т.Тоўсцік у в. Смедзін (Снядзін) Петрыкаўскага
р-ну Гомельскай вобл. ад Мельнікавай Вольгі
Андрэеўны 1934) г. н. у 2005 г.
18. Архіў ГГКА “Талака” Рагачоўскі раён 2004. Запісана
Т.Тоўсцік у в. Курганне Рагачоўскага р-ну Гомельскай вобл. ад Чумаковай Ніны Якаўлеўны, 1928 г. н.
у 2004 г.
19. Архіў ГГКА “Талака”
Жыткавіцкі раён 2003. Запісана Т.Тоўсцік
у в. Старажоўцы Жыткавіцкага р-ну Гомельскай вобл. ад Рыдзецкай Ніны
Максімаўны,1932 г. н. у 2003 г.
20. Архіў ГГКА “Талака” Добрушскі
раён 2004. Запісана Т.Тоўсцік у в. Карма Добрушскага р-ну Гомельскай вобл. ад
Хацко Ганны Рыгораўны, 1931 г. н. у 2004 г.
21. Архіў ГГКА “Талака”
Брагінскі раён 1997. Запісана
В. С. Новак у в. Задуб’е ад старой кабеты ў 1997 г.
22. Архіў ГГКА “Талака”
Брагінскі раён 1997. Запісана
В. С. Новак у в. Гдзень ад старой кабеты ў 1997 г.
Немає коментарів:
Дописати коментар