КАНЦЭПЦЫЯ ДУШЫ Ў НІЗАВОЙ ХРЫСЦІЯНСКАЙ КУЛЬТУРЫ БЕЛАРУСАЎ
Таццяна Тоўсцік
г. Гомель
Польская Акадэмія Навук
(Канцэпцыя душы ў нізавой хрысціянскай
культуры беларусаў / Т. Ц. Тоўсцік // Хрысціянства ў гістарычным лёсе беларускага народа : зборнік
навуковых артыкулаў / Міністэрства Рэспублікі Беларусь, Гродзенскі дзяржаўны
універсітэт ім. Янкі Купалы, Інстытут гісторыі НАН Беларусі ; [рэдкалегія:
Марозава С. В., Ярмусік Э. С., Сілава С. У.], С. 265–268)
Паўнавартаснае апісанне
асноўных традыцыйных уяўленняў пра душу ў нізавой
культуры беларусаў патрабуе вывучэння іх з пункту гледжання носьбіта традыцыйнага
светапогляду, што вымагае спецыяльных методык іх выяўлення і апісання іх
узаемадзеяння: методык даследавання народнай міфалогіі, уяўленняў аб
свойскасці, блізкасці аб’ектаў, моўнай і вобразнай рэпрэзентацыі ўяўленняў.
Мной праводзіліся апытання і анкетаванне
інфарматараў на Тураўшчыне (Жыткавiцкi i Лельчыцкi раёны), Гомельшчыне
(Веткаўскi, Гомельскі, Добрушскі, Петрыкаўскі, Рагачоўскі раёны), Магілёўшчыне
(Бабруйскі раён), у Гарадоцкiм, Маладзечанскiм, Дзятлаўскім раёнах,
Бельска-Падляскім павеце і іншых.
На пачатку
для разумення паняцця душы ў нізавой культуры хачу прапанаваць цытату:
"Чалавек нарадзіўся на свет. Бог дае кожнаму сваю душу, свой рост, свой
розум. Хоць бог аднаго чалавека на зямлі знайшоў, каб душа была аднолькавая.
Бог дае чалавеку душу, распараджаецца, лёсам надзяляе яго і рост яму дае і
розум. Душы даецца розум, каб душа распараджалася гэтым розумам. Усім
аднолькава. Хто як ведае, так і распараджаецца. А потым пачынае расці,
развівацца"
Пры падыходзе да аналізу тэкстаў нізавой
культуры для мяне была важна захаваць у паняційнай сістэме ўяўленні
інфарматараў пра душу пры перакладзе на мову навукі і прааналізаваць
першакрыніцы, а не уяўленні пра гэтыя крыніцы сучаснай беларускай навукі. З
другога боку, разумеючы, як цяжка тлумачыць паняцці, на якія ў аўдыторыі яшчэ
не выпрацавалася эмпірычнай рэакцыі, я суаднесла прапанаваныя мной тэрміны з
шырока вядомымі ідэямі і школамі сусветнай навукі. Так у народнай філасофіі ўсе канцэпты разыходзяцца ад паняцця розум.
Разумным прызнаецца існуючы ў светапоглядзе парадак рэчаў. Такім чынам свет
рэчаў сацыялізуецца. Бо парадак – гэта не толькі месцазнаходжання рэчаў, а і
сувязі паміж гэтымі рэчамі ці сацыяльныя адносіны. Я прытрымлiвайся наступнага погляду на рэчы:
адносiны = функцыянаванне > з’ява (усталяванне) i душу разглядаю як функцыянаванне цела, як адносiны цела да рэчаiснасцi.
У
міфалагічнай школе такая з’ява носіць назву міфалагізацыі рэчаіснасці і
прымянялася для апісання фальклору як найбольш устойлівай стэрэатыпнай сістэме.
Прытрымлівацца тэрміну міфалагізацыя не зусім зручна, бо для большасці
беларускіх вучоных ён асацыюецца з мінуўшчынай і не ўспрымаецца як сучасны, і
яшчэ адзін фактар: успрымаецца вузка, прыпісваецца да галіны фалькларыстыкі.
Але большасць з нас, беларусаў, працягвае жыць і думаць на бытавым узроўні ў
дакапернікаўскім свеце. Напрыклад, мы карыстаемся стэрэатыпамі: неба
знаходзіцца над галавой чалавека, а зямля пад нагамі. Стэрэатыпамі маўлення
зараз актыўна займаецца Школа Талстога ў Маскве (Расія) і Школа Бартмінскага ў
Любліне (Польшча). Я для апісання ўспрыняцця і разумення працэсу ўключэння
ўсяго існага ў кола ацэнкі і рэагавання хачу скарыстацца паняццем сацыяльныя
адносіны, бо для нізавой альбо народнай культуры не характэрна правядзення мяжы
паміж чалавекам і нечалавечым асяроддзем. У лінгвістыцы такую з’яву яшчэ
называюць увасабленнем ці ачалавечваннем, але на мой погляд дадзенае азначэнне
задае няправільную кропку адліку, бо з той жа верагоднасцю можна сказаць, што
чалавек ‘ажывёльваецца’ ці ‘арасліньваецца.’
У нізавой культуры беларусаў
ідэнтычнымі з’яўляюцца тэрміны ‘які мае душу’ і жывы. Да тых,
хто мае душу ў нізавой культуры належаць у рознай ступені расліны, зверы, людзі
і звышнатуральныя істоты. Ва ўспрыняцці чалавекам навакольнага асяроддзя
адыгрываюць ролю наступныя чыннікі:
А. Фізічныя чыннікі.
1. Будова цела чалавека і
спосабы руху чалавека.
2. Навакольнае асяроддзе.
В. Сацыяльна-культурныя
чыннікі. Гэта грамадства, сям’і, сваяцкія дачыненні, дачыненні ў грамадзе.
Калі
прыняць фізічныя чыннікі за аб’екты, а сацыяльна-культурныя за сувязі паміж
аб’ектамі, то, выходзячы з перавагі вартасцяў, характэрных для нізавой
культуры беларусаў, катэгорыя ‘сацыяльна-культурныя
чыннікі’ функцыянальна ўключыць у сябе катэгорыю
‘фізічныя чыннікі,’ так як для нізавой культуры прынцып функцыянавання, быцця
жывым з’являецца першасным.
У
беларускай народнай рэлігіі няма артадаксальнага адрознення душы і цела.
Філасофія падзелу праходзіць па лініі дзейнасці: расце, дыша і мае розум. Душа
з’яўляецца жыццёвай сілай цела, ажыўляе яго. З абсалютнай дакладнасцю можна
сцвярджаць, што, калі аб’ект мае ўсе гэтыя ўласцівасці: расце, дыша і мае розум
- ён прызнаецца за жывы. А жывы аб’ект прызнаецца за цела. Уся жывая прырода: людзі, зверы, расліны – маюць здольнасць да росту і
да дыхання і таму прызнаюцца за жывыя і тыя, якія маюць душу. Статыстычна
карціна ўласцівасцей навакольнага свету па выніках апытанняў выглядае так:
Расліны
|
Расце
|
Жывы
|
|||
Жывёлы
|
Расце
|
Жывы
|
Дыша
|
Мае душу жывёльную
|
Мае розум
|
Чалавек
|
Расце
|
Жывы
|
Дыша
|
Мае душу
|
Мае розум
|
Духі і душы пасля смерці
|
|
|
|
Мае душу
|
Мае розум
|
У паняцце
розум уваходзіць паняцце маральнасці, якое ідэнтычна паняццю разумныя
паводзіны. Да разумных паводзін належыць уменне слухацца і быць верным, якія
патрабуюцца ад чалавека і ад свойскіх
жывёл у адносінах да чалавека. Нават могуць сказаць, што сабака разумнейшы
за чалавека, бо не здрадзіць: “Вось вазьмі сабаку. Ніколі чалавека не прадасць.
А чалавек любога чалавека прадасць. Вось ён разумнейшы за чалавека" (в. Брынёў,
Петрыкаўскі раён).
Пасля смерці чалавека, згодна з
традыцыйнымі ўяўленнямі, застаецца існаваць трансцэндэнтная субстанцыя
чалавека — “душа”, “дух” чалавека. Звычайна лічаць, што:
1. Душа
пойдзе на неба: “Цела згніе, душа застаецца. У чым адзеты, пахаваны, у тым і
будзе душа твая.” (в. Дуброва Маладзечанскі раён).
2. Духі памерлых ходзяць па
зямлі: “Целы мы іх зарылі ў зямлю, а дух іх па зямлі ходзіць” (в. Бабічы
Чачэрскі раён). 3. “Дух”, “душа” пасля смерці аднаго чалавека ўсяляецца ў таго
чалавека, які нарадзіўся: “Гаварылі, што хтосьці памрэ і ў тое час дзесьці
нехта народзіцца, дык вот, дух, з таго чалавека, каторы памёр, можа ўсяліцца ў
таго чалавека, каторы нарадзіўся (в. Бабічы Чачэрскі раён). Народная
герменеўтыка карыстаецца біблейнымі тэкстамі так, як і тэкстамі песень ці казак.
Біблія тлумачыцца імі “літаральна”. Гэта значыць што яны тыя паняцці, якія ёсць
у Бібліі, разумеюць так, быццам гэта паняцці іх культуры. Біблейныя сюжэты
ўпісваюцца ў светапоглядную сістэму і праз яе ў сістэму практычных і сацыяльных
ведаў, канкрэтных паводзінаў. Найбольш відавочна гэта выступае ў тлумачэнні
такіх катэгорый, як бог, неба, якія лягчэй міфалагізуюцца з погляду на сваю
меншую канкрэтнасць і ўжывальнасць, чым катэгорыі душа і цела.
Цікава
разуменне ў народнай культуры бесцялесных людзей, якія функцыянуюць толькі праз
уласцівасці душы. Так у Гомельскай вобласці ў арэале Падняпроўя існуюць дагэтуль
уяўлення пра нябачных людзей - “нябачных гаспадароў,” якія ў крытычных для
чалавека жыццёвых сітуацыях становяцца бачнымі і памагаюць чалавеку ці караюць
яго згодна з яго маральнымі паводзінамі. Часам яны праяўляюць сябе, калі
чалавек заняў іх месца ў прасторы, напрыклад, паставіў хлеў на дарозе “нябачных
гаспадароў.” Аповеды пра нябачных людзей утрымліваюць звесткі пра іх
ідэнтыфікацыю, указанні на правільныя, нарматыўныя паводзіны, якія парушаюцца
шляхам крыўды ці шкоды, працэдуру выпраўлення наяўнай сітуацыі, якая
афармляецца як дамова з падарункам, пакаранне за парушэнне звычаю і падзяка за
яго выкананне. (Пра нябачных людзей ня трэба , гэта ж не пра душу ўласна, проста ў некаторых выпадках іх разумеюць як памерлых людзей, і адпаведна як
душы.
Такім
чынам, катэгорыя душы ў нізавой хрысціянскай культуры ахоплівае апроч уласна
паняцця душы паняцці “дыша,” “расце,” “жывы,” дух, паветра, сіла, маральнасць
(ці правільныя, нарматыўныя паводзіны), парадак, розум. Душа тут выступае як
механізм функцыянавання цела і ўвогуле чалавека і жывых(тых, якія маюць душу) істот у соцыуме. Можна, нарэшце, казаць і пра існаванне дзвюх структур.
Адна прывязана да канцэпту “душа”, а другая да іншых канцэптаў (“жыве”,
“расце”, “рухаецца”). І ў адных выпадках, калі сістэма досыць традыцыйна,
канцэпт “душа”=”дух” звязваецца з “жыве”, “расце”, “рухаецца”. А ў другой
“душа” звязана толькі з канцэптам “чалавек”. У прынцыпе гэтыя мадэлі могуць
існаваць у адным чалавеку, праўда ўсвядомлена вымаўляецца толькі адна.
Немає коментарів:
Дописати коментар